Гепракуратура: Азаронак атрымаў 138 млн руб. хабару


Паводле намесніка генеральнага пракурора Аляксея Стука, былы камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі Ігар Азаронак «лабіяваў інтарэсы расейскага вытворцы ў пытанні пастаўкі абсталявання» і атрымліваў за гэта ўзнагароджанне. У прысудзе зазначаецца, што грашовы эквівалент атрыманай выгады складае 138 млн руб.

Былы камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі Ігар Азаронак прыгавораны да дзевяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Такое рашэнне прыняла 12 снежня Ваенная калегія Вярхоўнага суда. Азаронка пазбавілі воінскага звання генерал-маёра, цягам пяці гадоў яму забаронена займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчай і адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасцю.

На следстве Азаронку таксама ставіліся ў віну незаконныя дзеянні з боепрыпасамі (ч. 2 арт. 295 КК), аднак суд гэтае абвінавачанне зняў у звязку з адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства.

Яшчэ аднаго фігуранта гэтай крымінальнай справы, грамадзяніна Расеі Андрэя Машкаўцана, прызналі вінаватым у падбухторванні і дапамаганні ў атрыманні хабару (ч. 5 і 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 430 КК). Яго прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Цягам трох гадоў яму забаронена займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчай і адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасцю.

З абодвух асуджаных спагналі знойдзеныя ў іх 1000 і 10 100 долараў адпаведна. Апрача таго, з Азаронка спагоняць больш як 138 млн руб. у якасці грашовага эквіваленту атрыманага ўзнагароджання.

Прыгавор абскарджанню і касацыйнаму апратэставанню не падлягае.

Калі суддзя пакідаў залу пасяджэнняў, Азаронак гучна прамовіў: «Марыянеткі, будзьце вы праклятыя!»

belsat.eu

Стужка навінаў