Жыхароў Горак папрасілі “скінуцца” на Дажынкі


Працаўнікі школаў і садкоў змушаныя пералічваць адсоткі ад свайго заробку на рамонт будынкаў.

Падрыхтоўка гораду да “Дажынак-2012” ужо пачалася. Паводле зацверджанага Саветам Міністраў плану, тут маюць з’явіцца Лядовы палац, амфітэатр, бібліятэка, новы інтэрнат сельскагаспадарчай акадэміі.

Аднак апроч узвядзення новых аб’ектаў па ўсім горадзе запланаваны рамонт старых будынкаў, у тым ліку аўтавакзалу, жылых дамоў, дзіцячых садкоў і школаў. Напярэдадні працаўнікам сферы адукацыі сказалі, што яны таксама павінны паўдзельнічаць у рамонце. “Нас выклікаў дырэктар. Патлумачыў, што ў горадзе чакаецца буйное будаўніцтва, але цяпер крызіс, таму жыхары Горак таксама павінны паўдзельнічаць ў добраўпарадкаванні, – паведаміла настаўніца гарадской школы. – Нам сказалі, каб мы напісалі заяву: “Прашу, каб з майго заробку вылічвалася 3 % на рамонтныя працы”.

Са словаў жанчыны, сума гэта невялікая, але педагогаў абурыў падыход да вырашэння праблемы. “Раней мы павінны былі выбіваць грошы з бацькоў вучняў, цяпер яшчэ самыя будзем пералічваць сродкі! Прытым, што заробак настаўніка ў нашай школе 1,2 млн. руб.”, – дадала настаўніца. Суразмоўца адзначае, што гараджане ўсё больш скептычна настроеныя да правядзення свята. “Людзі ходзяць у крамы, бачаць, як усё даражэе. Нашто нам тое свята? Хай бы лепш заробкі павысілі!” – абураецца настаўніца.

Юрыстка Святлана Шлома патлумачыла, што патрабаванне адміністрацыі школы – незаконнае. “Па сваёй волі настаўнікі, несумненна, могуць пераводзіць грошы на рамонт школы, але калі іх прымушаюць, трэба складаць калектыўны зварот у вышэйшыя арганізацыі – аддзел адукацыі – і высвятляць сітуацыю”, – падкрэслівае экспертка.

У аддзеле адукацыі Горацкага райвыканкаму не каментуюць сітуацыі. Чыноўнікі адмаўляюць праблему і кажуць, што ніякага загаду дырэктарам школаў і загадчыкам садкоў не давалі. Колькі будуць каштаваць “Дажынкі” бюджэту, а цяпер і жыхарам райцэнтру, пакуль не вырашылі. Вядома, што апошнія “Дажынкі”, якія праходзілі ў Маладзечне, каштавалі бюджэту 700 млрд руб.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары