За мяжу на аўтамабілі – раз на восем дзён


Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч падпісаў пастанову, якая ўзмацняе жорсткасць захадаў дзеля абмежавання вывазу паліва за межы Беларусі. Пра гэта кіраўнік ураду паведаміў 18 лістапада на сустрэчы з працоўным калектывам Менскага аўтамабільнага заводу.

“Як бы гэта было непапулярна, я падпісаў учора пастанову, каб не раз на пяць, а раз на восем дзён выязджаць за мяжу, за выключэннем тых, хто едзе ў камандзіраванне, выконвае свае функцыянальныя абавязкі або працуе паводле дамовы найму”, – прыводзіць словы прэм’ер-міністра прэс-служба ўраду.

Як удакладніў Мясніковіч, пастанова пакуль не выйшла, цяпер адпрацоўваюцца механізмы для яе ўвядзення. Ён нагадаў, што з-за дыспарытэту цэнаў міжнародныя аўтаперавозцы актыўна пачалі вывозіць дызпаліва з Беларусі ў іншыя краіны для перапродажу. “Цана паліва ў нас адрозніваецца прыкладна на 1,5 долара за літр у параўнанні з Польшчаю, Літвою, Латвіяй. Калі ёмістасць бака складае адну тону, а то і больш, перавозца мае прыбытак каля 1,5 тыс. долараў”, – патлумачыў прэм’ер-міністр.

Паводле яго, з-за наяўнай сітуацыі рэзка вырасла рэалізацыя дызпаліва ў Беларусі. “У выніку нашы нафтазаводы маюць адмоўны баланс з-за таго, што не могуць выручыць неабходную колькасць рублёў, каб іх сканвертаваць і набыць новыя партыі нафты”, – сказаў Мясніковіч.

Перапродажам паліва займаюцца і кіроўцы легкавых аўтамабіляў. “Шмат хто ператварыў гэта ў выгадны бізнес, аднак ён прыносіць страты для эканомікі, яго трэба спыняць”, – лічыць кіраўнік ураду.

З 11 чэрвеня аўтамабільнае паліва, якое вывозіцца фізічнай асобаю з Беларусі больш як аднойчы цягам пяці содняў, абкладаецца экспартным мытам. Гэта прадугледжвае пастанова Савету Міністраў № 753 ад 10 чэрвеня. Згодна з дакументам, аўтамабільнае паліва не адносіцца да тавараў для асабістага карыстання, калі яно вывозіцца фізічнымі асобамі з тэрыторыі Беларусі за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза больш як адзін раз цягам пяці дзён.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары