15 дзён, каб выратаваць жыццё


У інтэрнэце распачалася кампанія збору подпісаў пад петыцыяй у абарону жыцця Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.



“Пятнаццаць дзён засталося, каб выратаваць жыцці двух маладых людзей, якіх могуць пакараць смерцю. Шмат хто ў Беларусі лічыць, што гэтыя маладыя людзі, абвінавачаныя ў выбуху ў менскім метро 11 красавіка 2011 г., не вінаватыя. Але пракурор хоча, каб 30 лістапада 2011 г. яны былі асуджаныя на смерць, хоць няма дакладных доказаў таго, што гэта здзейснілі менавіта яны”, – гаворыцца ў петыцыі. Арганізатарам кампаніі да 30 лістапада неабходна сабраць 100 000 подпісаў, якія будуць перададзеныя ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў і праваабарончую арганізацыю “Human Rights Watch”.

Дарэчы, інтэрнэт-супольнасць вельмі актыўна адгукнулася на заклік – за няпоўныя чатыры дні пад петыцыяй пакінулі свае подпісы амаль 3000 чалавек.

“Тое, што адбываецца цяпер, здаецца, упершыню дастаткова яскрава высвеціла праблему смяротнага пакарання ў Беларусі. Гэты судовы працэс і вялікі недавер да афіцыйных вынікаў следства прымусілі шмат каго задумацца”, – зазначае намеснік старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч. Паводле яго, ранейшыя выпадкі вынясення смяротных прысудаў не былі настолькі публічныя, таму гэтае пытанне, магчыма, не гэтак востра стаяла перад грамадствам, як перад праваабаронцамі ці грамадзянамі, якія свядома выступаюць супраць смяротнай кары.

Праваабаронца спадзяецца, што ўлады прыслухаюцца да меркавання грамадства. І што гучная справа аб выбуху ў менскім метро наагул прыцягне ўвагу да праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі ды стане пачаткам моцнага руху за яго скасаванне.

belsat.eu

Стужка навінаў