«Дзяды» ў Лошыцкім яры (Абноўлена)


Шэсце Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ у Менску з нагоды дня памінання продкаў “Дзяды” завяршылася мітынгам на месцы пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Лошыцкім яры. Мерапрыемства, у якім удзельнічала каля сотні чалавек, было дазволена Менгарвыканкамам.
Удзельнікі шэсця прайшлі па тратуарах вуліцы Маякоўскага з боку Лошыцкага парку з бел-чырвона-белымі сцягамі, сцягамі КХП-БНФ і “Маладога фронту”, а таксама расцяжкамі “Дзяды” і “Абаронім Беларусь ад расейскага імперыялізму”. Іх суправаджалі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, якія таксама вялі відэазапіс падзей.
Адкрываючы мітынг, сакратар партыі КХП-БНФ Валерый Буйвал нагадаў прысутным гісторыю гэтага памятнага месца. Ён адзначыў, што недалёка ад месца расстрэлу рэпрэсаваных знаходзілася так званая “белая дача”, дзе ў 1930-х гадах размяшчалася спецкаманда НКУС. Туды дастаўлялі перабежчыкаў з Заходняй Беларусі і ў Лошыцкім яры іх расстрэльвалі.
Буйвал таксама зачытаў пасланне Зянона Пазняка — лідара КХП-БНФ у эміграцыі. У сваім пасланні Пазняк адзначыў, што, паводле яго даных, у Лошыцкім яры было расстраляна каля 10 тысяч чалавек. “Пасля таго як мы правялі раскопкі ў Курапатах, мы сабраліся правесці раскопкі і ў Лошыцкім яры. Даведаўшыся аб гэтым, тагачасная камуністычная ўлада прыняла рашэнне засыпаць Лошыцкі яр, пабудаваць на гэтым месцы гаражы і заасфальтаваць тэрыторыю. Аднак нікому не ўдасца схавацца ад гістарычнай адказнасці”, — лічыць Зянон Пазняк.
Паводле яго слоў, для прадухілення паўтору генацыду беларускага народа, трэба сур’ёзна падыходзіць да гістарычнага вопыту.
Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрый Беленькі адзначыў, што толькі з беларускай душой, беларускай мовай і культурай можна пабудаваць незалежную і эканамічна моцную дзяржаву.

Супрацоўнікі міліцыі пасля мітынгу затрымалі аднаго з яго ўдзельнікаў, які здымаў на фотакамеру людзей у цывільным. Юрый Навіцкі сеў у машыну да актывіста руху “За Свабоду” Арцёма Лявы. Разам яны паспрабавалі пакінуць Лошыцкі яр, аднак пры выездзе на вуліцу Маякоўскага машыну Лявы спыніў супрацоўнік ДАІ. Пасля гэтага людзі ў цывільным падбеглі да машыны, выцягнулі адтуль сілай Навіцкага, заштурхнулі ў мікрааўтобус і павезлі ў невядомым напрамку.

belsat.eu

Стужка навінаў