«Белсат» змагаецца за новых гледачоў (фота)


«Белсат» за апошнія два месяцы правёў амаль дваццаць рэкламных акцыяў у рэгіёнах Беларусі. Прамацыйная група тэлеканалу распаўсюдзіла 10 000 рэкламных пакетаў з інфармацыяй пра незалежную тэлевізію і амаль 10 000 магнітаў у межах кампаніі «БТ? Пара змяніць канал. Глядзі «Белсат»!».

Белсатаўцы наведалі Гомель, Бабруйск, Слуцак, Мазыр, Магілёў, Воршу, Горкі, Баранавічы, Заслаўе, Ракаў, Радашковічы, Ліду і Маладзечна. Жыхары беларускіх гарадоў і мястэчак рэагавалі на кампанію тэлеканалу цёпла.

Напрыклад, на рынку «Істпал» у Мазыры рэкламную прадукцыю фактычна хапалі з рук. У Слуцку прадавачкі частавалі гароднінаю. У Гомлі пакеты бралі не толькі наведнікі рынку, але і працаўнікі аховы. У Горках магніты «Белсату» з’явіліся на аўтамабілях вакол цэнтральнага рынку, а працаўнікі ДАІ, якія стаялі побач, не рэагавалі. У Воршы рэкламнаю пляцоўкаю стала цэнтральная вуліца Леніна і мікрараён Раніца. У Баранавічах жыхары цэнтру гораду атрымалі магніцікі на паштовыя скрынкі.

Пад Менскам – у Заслаўі, Ракаве і Радашковічах – фактычна кожны чацвёрты жыхар глядзіць праграмы «Белсату». Там распаўсюднікам рэкламнай прадукцыі спрыялі мясцовыя жыхары. Разам з белсатаўцамі яны развешвалі магніты на паштовых скрынках. Дзеці, пабачыўшы магніты, з цікавасцю пыталіся: «А што гэта?» – і бралі паказаць бацькам.

У Лідзе акцыя прайшла разам з «Авіяшоу» на найстарэйшым вайсковым аэрадроме краіны. У Маладзечна белсатаўцы прыехалі напярэдадні «Дажынак» і паспяхова распаўсюдзілі некалькі соцень асобнікаў прадукцыі.

У сталіцы Беларусі белсатаўцы распаўсюджвалі прадукцыю на роварах. У Менску кампанія праходзіць стала.

Стужка навінаў