Алесь Бяляцкі вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру


Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру за заслугі ў галіне праваабарончай дзейнасці. Як паведаміў ягоны калега Валянцін Стэфановіч, кандыдатура Бяляцкага ўваходзіць у шорт-ліст – спіс найбольш верагодных прэтэндэнтаў на прэмію.

Алесь Бяляцкі, акрамя гэтага, узнагароджаны дыпломам “За мужнасць і барацьбу за свабоду”. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання прайшла 2 кастрычніка на V Міжнародным фестывалі праваабарончых фільмаў у Бішкеку. Сам Бяляцкі ўжо два месяцы знаходзіцца пад арыштам, таму ягоную прэмію атрымала беларуская праваабаронца Паліна Сцепаненка – аўтарка дакументальнай кінастужкі “Свечка праўды Алеся Бяляцкага”, паказанай у межах фестывалю.

Алесь Бяляцкі, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна”, застаецца пад арыштам з 4 жніўня. Яму выставілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры). Падставаю для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала інфармацыя пра ягоныя рахункі ў замежных банках, перададзеная ўладам Беларусі Міністэрствам юстыцыі Літвы і Генеральнай пракуратураю Польшчы. Улады гэтых краінаў публічна папрасілі прабачэння ў Бяляцкага і ягоных родных, а таксама прыпынілі кантакты з Беларуссю ў межах дамоваў аб прававой дапамозе.

Вызвалення Бяляцкага патрабуюць міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўразвязу, ЗША і шэрагу іншых дэмакратычных краінаў.

belsat.eu

Стужка навінаў