Еўропа крытыкуе, «усходнія партнёры» маўчаць


Дэкларацыя, якая крытыкуе сітуацыю ў Беларусі, прынятая на саміце «Усходняга партнёрства» ў Варшаве 30 верасня. У дакуменце падкрэсліваецца, што ён прыняты ад імя кіраўнікоў дзяржаваў, урадаў і прадстаўнікоў краінаў Еўразвязу.

Планавалася, што рэзалюцыя па Беларусі будзе ўключаная ў выглядзе параграфа ў выніковую дэкларацыю саміту «Усходняга партнёрства» і падтрыманая ў фармаце «27 плюс 5» (краіны ЕЗ і дзяржавы – удзельніцы «Усходняга партнёрства»). Аднак супраць ўключэння гэтага параграфа ў выніковую дэкларацыю выступілі прадстаўнікі ўсіх краінаў «Усходняга партнёрства»: Азербайджану, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны.

Аўтары дакументу, прынятага прадстаўнікамі краінаў ЕЗ, заклікаюць афіцыйны Менск неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў.

Акрамя таго, прадстаўнікі ЕЗ заклікаюць улады Беларусі спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ды прэсы і пачаць палітычны дыялог з апазіцыяй, а таксама яны глыбока занепакоеныя паведамленнямі пра тое, што палітвязням адмаўляюць у сустрэчах са сваякамі і адвакатамі, у доступе да належнага медабслугоўвання і адначасова з гэтым аказваюць на іх псіхалагічны ды фізічны ціск.

Як вынікае з дэкларацыі, Еўразвяз прапаноўвае паслядоўнае паглыбленне стасункаў з Беларуссю, але пры гэтым пацвярджае сваю палітыку «крытычнага ўзаемадзеяння». Паглыбленне адносінаў залежыць ад прагрэсу ў сферы дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека, падкрэсліваецца ў дакуменце.

belsat.eu

Стужка навінаў