Ангела Мэркель: Стаўленне рэжыму да апазіцыі цалкам непрымальнае


Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель назвала «цалкам непрымальным» стаўленне рэжыму Лукашэнкі да дэмакратычнай апазіцыі. «На сённяшні момант мы бачым мала дэмакратызацыі. Але калі гэта адбудзецца, мы, вядома, падтрымаем Беларусь. Аднак тое, што я пачула ўчора, калі шчыра, не гучала надта аптымістычна», – заявіла Ангела Мэркель пасля сустрэчы з беларускімі апазіцыянерамі.

Паводле канцлера Нямеччыны, краіны «Усходняга партнёрства» выказваюць зацікаўленасць у магчымых эканамічных выгодах ад супрацы ў межах праграмы. «У сваім выступе я падкрэсліла эканамічны аспект, але таксама і аспект неабходнасці дэмакратычных рэформаў. Гэта асабліва актуальна для Украіны, сёння я буду размаўляць з прэзідэнтам пра сітуацыю з Юліяй Цімашэнкай. У Беларусі, на жаль, я адзначаю адваротнае развіццё падзеяў. Учора ўвечары я размаўляла з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі ды хачу сказаць, што стаўленне рэжыму да апазіцыі цалкам непрымальнае. Апазіцыя цярпіць, і мы думаем пра спосабы, як падтрымаць яе», – заявіла Ангела Мэркель.

У перамовах з удзелам канцлера Нямеччыны 29 верасня ўзялі ўдзел Уладзімір Някляеў, Сяргей Калякін, Віталь Рымашэўскі, Рыгор Кастусёў, Юрась Губарэвіч, Валерый Міцкевіч і сваякі палітзняволеных: Ірына Багданава, сястра экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава, і Марына Адамовіч, грамадзянская жонка яшчэ аднаго былога кандыдата, Мікалая Статкевіча. На сустрэчы таксама прысутнічаў палітычны ўцякач Аляксей Міхалевіч, які балатаваўся на пасаду прэзідэнта на снежаньскіх выбарах і стаў абвінавачаным паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску.

belsat.eu

Стужка навінаў