“У яе не атрымалася”: Ермакова не трапіла ў Вашынгтон


Прадстаўніца Беларусі ў Міжнародным валютным фондзе, старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова не прыме ўдзел у гадавым сходзе МВФ і Сусветнага банка, якое пройдзе з 22 па 25 верасня ў Вашынгтоне.

Надзея Ермакова мусіла адправіцца ў Вашынгтон 21 верасня на чале беларускай дэлегацыі. Аднак 22 верасня ў прыёмнай Нацыянальнага банка паведамілі, што Ермакова ў ЗША не паехала і і знаходзіцца на сваім працоўным месцы. “У яе не атрымалася”, – адзначылі ў прыёмнай, не ўдакладняючы падрабязнасцяў.

Інфармацыю пра тое, што Ермакова не прыбыла ў Вашынгтон у складзе беларускай дэлегацыі пацвердзілі і ў менскім прадстаўніцтве МВФ. “Спадарыня Ермакова адмяніла свой прыезд”, – сказаў прадстаўнік фонду, адмовіўшыся ад каментароў.

У складзе беларускай дэлегацыі ў Вашынгтон прыбылі міністр фінансаў Андрэй Харкавец, які ўзначальвае дэлегацыю замест Ермаковай, і міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.

Паводле некаторых СМІ, Ермаковай адмовілі ў амерыканскай візе. Аднак, як паведаміў сёння на брыфінгу ў Менску прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, Ермакова не змагла паехаць у Вашынгтон з-за таго, што візу ёй выдалі са спазненнем.

Беларуская дэлегацыя прыбыла ў Вашынгтон не толькі для ўдзельлу ў штогадовым сходзе МВФ, але і з мэтаю правесці перамова па ацэнцы макраэканамічнай сітуацыі ў Беларусі. “З тлумачэннямі аб захадах, якія прымаюць урад і Нацбанк для стабілізацыі сітуацыі”, – паведаміў 21 верасня журналістам віцэ-прэм’ер Сяргей Румас.

Паводле яго слоў, пры абмеркаванні новай праграмы супрацоўніцтва з МВФ шмат у чым перашкодаю была адсутнасць зразумелага курсаўтварэння, што не дазваляла Беларусі пачаць паўнавартасныя перамовы. З адкрыццём другой сесіі на біржы гэтая праблема “ў большай ступени” здымаецца, МВФ станоўча ацэньвае крокі па ліквідацыі множнасці курсаў, сказаў Румас.

Ён адзначыў, што сума запрошваемага крэдыту пакуль не можа быць названая. “Асноўным для нас з’яўляецца праграма і што ў ёй будзе запісана. Гэта прадмет сур’ёзных і доўгіх перамоваў. А сумы называюцца розныя: мы можам прэтэндаваць на фінансаванне ад 3 да 7 млрд. долараў”, – удакладніў віцэ-прэм’ер.

Чарговая місія МВФ мае прыехаць у Беларусь 5 кастрычніка.

belsat.eu

Стужка навінаў