Памёр хакеіст, які ацалеў у авіякатастрофе


Другога ацалелага – бортінжынера – перавялі ў звычайную палату. Ягонае жыццё – па-за небяспекаю.

Хакеіст яраслаўскага “Лакаматыву” Аляксандр Галімаў выжыў пасля катастрофы самалёта Як-42 7 верасня ля Яраслаўлю, але памёр у панядзелак, 12 верасня, у маскоўскім НДІ імя Вішнеўскага.

Лекары змагаліся за жыццё Галімава пяць дзён. У выніку катастрофы ён атрымаў да 90 % апёкаў цела.

“Раніцаю 12 верасня, нягледзячы на тэрапію з выкарыстаннем усіх магчымых сучасных метадаў лячэння, у апёкавым цэнтры Інстытуту хірургіі імя А. Вішнеўскага памёр Аляксандр Галімаў ад апёкаў, не сумяшчальных з жыццём”, – цытуе паведамленне адміністрацыі НДІ Вішнеўскага агенцтва “Интерфакс-Запад”.

Такім чынам, колькасць ахвяраў авіякатастрофы павялічылася да 44 чалавек.

У маскоўскім інстытуце імя Скліфасоўскага застаецца бортінжынер экіпажу Як-42 Аляксандр Сізоў. Яго перавялі з рэанімацыі ў звычайную палату, паколькі, паводле медыкаў, ягонаму жыццю нішто не пагражае. На мінулым тыдні Сізову прааперавалі сцягно.

Самалёт Як-42 разбіўся 7 верасня за кіламетр ад аэрапорту “Туношна” ў Яраслаўскай вобласці, на борце былі гульцы хакейнай каманды “Лакаматыў” (Яраслаўль), якiя накiроўвалiся на матч у Менск. Сярод загінулых – беларусы Руслан Салей, Сяргей Астапчук і Мікалай Крываносаў.

Паводле факту авіякатастрофы распачатая крымінальная справа – арт. 263 КК РФ (парушэнне правілаў бяспекі руху паветранага транспарту). У якасці прыярытэтных следства разглядае дзве версіі – адмова тэхнікі ды памылка пілатавання.

belsat.eu

Стужка навінаў