Аляксандр Мілінкевіч: Мы ўсе адказныя за Беларусь


https://youtu.be/mozFrw3otSg
Без вызвалення палітзняволеных перамовы з уладамі немагчымыя – такое адзінае меркаванне лідараў апазіцыйных партыяў і рухаў, якія абмеркавалі на сустрэчы 30 жніўня ў Менску фармат магчымага дыялогу з уладамі.

“У прынцыпе, мы абмяркоўвалі гэтыя рэчы і месяц, і два таму. У нас ёсць агульны падыход: пачаткам рэальнага дыялогу мусіць быць вызваленне ўсіх без выключэння палітычных зняволеных. Гэта прадэманстравала б, што ўлады не гуляюць у палітычны тэатр, а спрабуюць сапраўды весці новую ўнутраную палітыку, скіраваную на рэформы палітычныя і эканамічныя. Мы таксама зыходзім з таго, што павінны прайсці кансультацыі палітыкаў з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, з журналістамі ды экспертамі – нам разам трэба выпрацаваць стратэгію, падыход да магчымага правядзення круглага стала”, – заявіў адзін з удзельнікаў кансультацыяў, лідар руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.

“У нас няма нейкай эйфарыі, – заўважыў Мілінкевіч з нагоды заявы Лукашэнкі. – Мы не лічым, што дыялог абавязкова атрымаецца, але трэба быць аптымістам, калі незалежнасць краіны ў сур’ёзнай небяспецы. Магчымы сур’ёзны фінансавы калапс, і таму мы ўсе адказныя за Беларусь”.

На пытанне, ці не баіцца ён, што ўлады чарговы раз імітуюць гатоўнасць да перамоваў з апазіцыяй, лідар руху “За Свабоду” адказаў: “Бывае, што і ў імітацыі можна дамагчыся шмат чаго, калі імітацыя пераходзіць у рэальны працэс разрадкі. Такія прыклады ёсць у гісторыі Еўропы”.

Паводле яго, падчас сустрэчы палітыкаў вялікіх дыскусіяў не было, паколькі яны даўно абмяркоўваюць сітуацыю ў краіне і ў цэлым выпрацавалі адзіны падыход.

“Мы гаварылі таксама аб тым, – дадаў Мілінкевіч, – што вельмі важна, каб група, якая, магчыма, будзе весці такія перамовы, мела легітымнасць. Каб яна выказвала думку не толькі сваю, а як мага больш шырокага кола людзей”. Палітык не выключыў, што выбары ў парламент налета пройдуць паводле партыйных спісаў, і выказаў надзею, што прадстаўнікі дэмакратычных сілаў змогуць прайсці ў Палату прадстаўнікоў і стаць рэальнай апазіцыяй сённяшняй уладзе.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары