Аляксандр Макаеў: Прадпрымальнікі рыхтуюцца да горшага


https://youtu.be/aK_ZVaE-Kg8
“Рыхтуемся да горшага, бо заўжды, калі ўрады праводзяць рэформы, людзі чакаюць пагаршэння. Толькі калі ўдзел дзяржавы ў адміністраванні валюты, рэгуляванні гэтага курсу будзе мінімальны, тады долар з’явіцца ў абменніках”, – мяркуе намеснік старшыні руху салідарнасці “Разам”, прадпрымальнік Аляксандр Макаеў.

На мінулым тыдні Нацыянальны банк Беларусі даслаў лісты банкам з прапановаю разгледзець пытанне аб ажыццяўленні іх асобнымі абменнымі пунктамі ды касамі, што месцяцца ў буйных гандлёвых цэнтрах і на рынках, аперацыяў толькі набыцця замежнай валюты – для яе наступнага продажу на сацыяльна значныя мэты.

“Любая забарона цягне негатыўныя наступствы. Гэта аддаванне валютнага рынку ў чорны ценявы сегмент. Канечне, сённяшняя розніца ўжо амаль у два разы – паміж афіцыйным курсам і курсам чорнага рынку. Людзі ведаюць, што праз знаёмых ці неяк яшчэ долар можна здаць значна даражэй, – кажа прадпрымальнік. – Гэта абсалютна бессэнсоўная забарона – і, дарэчы, яна ўжо прывяла да рэзкага росту курсу. Амаль на 1000 рублёў вырас долар, калі толькі з’явілася гэтая пастанова. То бок, гэта яшчэ больш падштурхнула інфляцыю ў Беларусі ды падзенне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Нашыя людзі бяднеюць, калі курс расце”, – мяркуе прадпрымальнік.

Паводле Макаева, пасля 1 верасня рэкамендацыя аб ажыццяўленні аперацыяў толькі набыцця замежнай валюты можа быць выкананая. “Цяжка цяпер сказаць, маюць ці не маюць поспех прадпрымальнікі, бо гандаль усё ж ідзе. Дзякуючы таму, што кошты ў прадпрымальнікаў растуць паралельна курсу долара. А сярэдні бізнес, вось гэтыя фірмы, якія мусяць набываць за валюту, яны, вядома, цярпяць, шмат якія закрываюцца. Там катастрафічная сітуацыя цяпер”, – падкрэсліў Макаеў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары