На новы цукровы завод няма грошай


Пастанова Савету Міністраў адмяніла рашэнне аб пабудове аб’екту ў Бабруйску.

Ідэю стварыць пяты ў краіне цукровы завод адстойваў канцэрн “Белдзяржхарчпрам”. Летась старшыня канцэрну Іван Данчанка заявіў: “Для экспарту бураковага цукру практычна няма абмежаванняў, таму было б у нас больш бураковага цукру – увесь прадалі б без праблемаў”.

Ідэю спачатку ўхвалілі і Аляксандр Лукашэнка, і Савет Міністраў. На думку ўраду, яшчэ адзін завод дазволіў бы значна скараціць тэрміны перапрацоўвання цукровых буракоў, што станоўча магло паўплываць на аб’ём канчатковага прадукту.

Летась была згода на стварэнне акцыянернага таварыства са статутным фондам у памеры 2 млрд рублёў. Але калі дайшло да будаўніцтва, узніклі сур’ёзныя пытанні, ці патрэбны Беларусі яшчэ адзін завод. Пра гэта ўжо загаварыў кіраўнік краіны. “Пытанне ў тым, ці трэба нам павялічваць аб’ём вытворчасці цукру. Трэба ісці не ад таго, што ў нас ёсць зямля і колькі мы можам апрацоўваць цукровых буракоў, а ісці ад рынку. А калі не купяць?”– задаваў пытанне ён на сустрэчы з кіраўніцтвам “Белдзяржхарчпраму”.

Эксперты ж адзначаюць, што прычына, з якой адмовіліся ад праекту, – адсутнасць грошай. Інвестыцыйны кансультант і аналітык Міхаіл Бараздзін тлумачыць: “Акурат цукровы завод, пабудаваны паводле сучасных тэхналогіяў, добра ўпісаўся б у прамысловы сектар Беларусі. Але ў самой дзяржавы на будаўніцтва відавочна няма грошай. Цікавасць выказалі польскія інвестары. Але яны чакаюць лібералізацыі і гарантыяў, якія ўлады Беларусі пакуль не могуць даць”.

Такім чынам, будаўніцтва цукровага заводу ў Бабруйску адкладаецца.

belsat.eu

Стужка навінаў