Някляеў: Трэба гарантаваць абарону грамадзян ад жабрацтва


https://youtu.be/OiDd0eOjlxA
Кампанія “Гавары праўду” пачынае збор подпісаў пад трыма заканадаўчымі ініцыятывамі, паведаміў яе лідар Уладзімір Някляеў на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Паводле палітыка, заканадаўчыя ініцыятывы маюць умоўныя назвы: “Не дамо чыноўнікам красці”, “Не дамо распрадаць краіну” і “Абаронім ад беднасці саміх сябе і нашых дзяцей”.

Аляксандр Лукашэнка пачынаў шлях у вялікую палітыку, нагадаў Някляеў, з барацьбы з карупцыяй, але “давёў да такой карупцыі, якая гэтай краіне і не снілася”. “Сёння чыноўнікі маюць права красці на адпаведную “квоту”, – лічыць палітык. – Калі больш скрадзе – могуць пасадзіць, бо на кожнага ёсць кампрамат. Мы хочам гэтае права красці адмяніць”.

Кампанія мае намер патрабаваць ад дэпутатаў парламенту прыняць закон, які абавязвае чыноўнікаў і іхных сямейнікаў публічна дэклараваць прыбыткі і выдаткі.

Другі законапраект, паводле Някляева, мусіць перашкодзіць уладзе прыватызаваць дзяржаўныя прадпрыемствы, гэта значыць, народную ўласнасць, без удзелу народу. Някляеў падкрэсліў, што прыватызацыя асноўных бюджэтаўтваральных вытворчасцяў мусіць адбывацца толькі пасля ўсенароднага абмеркавання.

“Рэжым думае пра адно: як яму выратавацца, – заявіў палітык, – і дзеля гэтага гатовы пайсці на ўсё, у тым ліку на распродаж уласнасці, якая належыць дзяржаве, народу. Некалі для прыватызацыі самага малога прадпрыемства патрабаваўся ўдзел тых, хто на ім працуе. У 1996 годзе Лукашэнка гэты закон адмяніў”.

Трэці законапраект тычыцца кампенсацыі стратаў, выкліканых эканамічным крызісам. Някляеў заявіў, што кампенсацыі маюць забяспечвацца квотамі на ўласнасць і зямельнымі паямі.

“Эканамічная палітыка сённяшняга рэжыму паставіла людзей, па сутнасці, на мяжу жабрацтва, – сказаў лідар “Гавары праўду”. – Трэба гарантаваць абарону грамадзянаў Беларусі ад жабрацтва. Гэта можна зрабіць тым шляхам, які прапаноўваў некалі Васіль Лявонаў у бытнасць сваю міністрам сельскай гаспадаркі: прывязаць нашую любоў да Айчыны зямлёю нашаю, даць тым, хто Беларусь любіць і ніколі не пакіне, адчуванне трываласці, таго, што ён стаіць на сваёй зямлі. Лявонаў прапанаваў зрабіць зямельны кадастр, вызначыць кошт зямлі, і тыя, хто хоча яе купіць, няхай купляюць, каму зямля не патрэбна – атрымаюць грашовую кампенсацыю”.

Кампанія плануе сабраць па 50 тысяч подпісаў за кожны законапраект да 25 верасня.

Някляеў падкрэсліў, што гэта ініцыятыва будзе “стартаваю пляцоўкаю, каб перайсці да больш сур’ёзных дзеянняў у межах праграмы кампаніі на найбліжэйшыя паўтара года “Выратуем Беларусь”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары