Адвакаткі Ірыны Халіп і Мікіты Ліхавіда не прайшлі атэстацыі


Ганна Бахціна і Дар’я Ліпкіна папоўнілі спіс адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзіі за абарону палітычных апанентаў улады.

«Наколькі я ведаю, Дар’я Ліпкіна нядаўна бліскуча здала іспыт у ЕГУ – атрымала дзясятку па міжнародным праве. У Міністэрства юстыцыі, відаць, іншы пункт гледжання на ейныя здольнасці», – заявіў у каментары «Белсату» вядомы блогер Яўген Ліпковіч. Ён гаворыць, што ў прынцыпе гэтыя падзеі былі чаканымі, і адзначае, што ў Беларусі атэстацыя адвакатаў ператварылася ў інструмент палітычнай расправы.

Дарэчы, Дар’я Ліпкіна прадстаўляла інтарэсы Яўгена Ліпковіча ў судовай справе, пачатай паводле заявы Мікалая Чаргінца. Да таго ж адвакатка бліскуча абараняла палітвязня Мікіту Ліхавіда і адзіная мела магчымасць як абаронца наведваць яго ў ШІЗА. Цяпер маці палітвязня Алена Ліхавід адбывае 10 дзён адміністратыўнага арышту за ўдзел у маўклівай акцыі пратэсту і выйдзе на волю толькі 29 ліпеня. Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла сумняецца, што жанчына зможа хутка знайсці для сына новага адваката.

«Зразумела, што сённяшняе пазбаўленне ліцэнзіяў загоніць і так напужаную адвакатуру ў стан страху. І калі адвакаты і не адмовяцца ад вядзення палітычных справаў, то будуць дзеяць вельмі асцярожна. Калісьці мы згубілі судовы корпус як незалежны інструмент правасуддзя, цяпер мы губляем і адвакатаў», – зазначае Гары Паганяйла. Праваабаронца гаворыць, што такая сітуацыя, несумненна, на руку ўладам, бо «дзяржаўная рэпрэсіўная машына зможа працаваць без перашкодаў».

Пазачарговая атэстацыя была прызначаная з ініцыятывы Міністэрства юстыцыі. Раней ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць пазбавілі пяць прадстаўнікоў Менскай гарадской калегіі адвакатаў, што рызыкнулі ўзяцца за справы ўдзельнікаў Плошчы. Гэта Алег Агееў, Таццяна Агеева, Уладзімір Тоўсцік, Тамара Гараева і Павал Сапелка.

belsat.eu

Стужка навінаў