Яшчэ двум экс-кандыдатам на прэзідэнцтва прысудаў не змянілі (Абноўлена)


Менскі гарадскі суд пакінуў без зменаў выракі, якія вынес суд Ленінскага раёну сталіцы экс-кандыдатам на прэзідэнцкую пасаду Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Вусу, а таксама яшчэ васьмярым ўдзельнікам падзеяў 19 снежня 2010 г.

Такое рашэнне прыняла 19 ліпеня судовая калегія, якую ўзначальваў Сяргей Хрыпач. Пракурор Антон Загароўскі назваў касацыйныя скаргі беспадстаўнымі. Ён заявіў, што асуджаныя спрабавалі прарвацца ў Дом ураду і папярэдне дамовіліся пра ўдзел у масавых беспарадках.

26 траўня суддзя Людміла Грачова пакарала Статкевіча 6 гадамі, а Вуса – 5,5 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На меркаванне суда, яны рыхтавалі масавыя беспарадкі і неаднаразова абмяркоўвалі гэтую тэму. Суддзя адзначыла, што абодва экс-кандыдаты ачольвалі «натоўп, які бясчынстваваў» падчас шэсця па праспекце Незалежнасці.

Аляксандру Класкоўскаму прысудзілі 5, Арцёму Грыбкову – 4, Аляксандру Квяткевічу – 3,5, Дзмітрыю Буланаву – 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Андрэю Пазняку далі 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

На судовым паседжанні нікога з асуджаных не было, хоць жонцы Дзмітрыя Вуса паведамілі, што яе мужа дапусцяць на разгляд касацыйнай скаргі.

19 ліпеня Менскі гарадскі суд таксама пакінуў без зменаў выракі, якія вынес суд Заводскага раёну сталіцы журналістцы і жонцы экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава Ірыне Халіп, сустаршыні аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўлу Севярынцу, які падчас выбараў кіраваў штабам кандыдата на прэзідэнта Віталя Рымашэўскага, і Сяргею Марцалеву, кіраўніку штабу кандыдата на прэзідэнта Мікалая Статкевіча. Такое рашэнне прыняла 19 ліпеня судовая калегія пад старшынствам Уладзіміра Сцяпуркі.

16 траўня суд Заводскага раёну прыгаварыў Ірыну Халіп да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем выканання пакарання на 2 гады, Паўла Севярынца – да 3 гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, Сяргея Марцалева – да 2 гадоў пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам на 2 гады. Пасля вынясення выракаў асуджаных вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

belsat.eu

Стужка навінаў