Наперадзе – падаражанне мяса і малака


Такія наступствы Мытнага саюзу і эканамічнага крызісу

У Беларусі кошт прадуктаў фармаваўся наступным чынам: закупачныя цэны на сыравіну (мяса і малако) трымаліся на ўзроўні прыкладна ўдвая ніжэйшым за расейскі. У выніку сабекошт атрымліваўся невялікі. Такая сістэма радавала спажыўцоў, але мела негатыўны бок для вытворцаў – сельгаспрадпрыемствы атрымлівалі за сваю прадукцыю малыя грошы. Адсюль – найменшы заробак па краіне ў супрацоўнікаў гэтай галіны. Закрываць фінансавыя дзіркі атрымлівалася дзякуючы датацыям дзяржавы, але пасля дэвальвацыі аб’ём фінансавання ўпаў, пры гэтым пасля заключэння пагадненняў з Расеяй запрацавалі правілы Мытнага саюзу. І попыт на беларускую прадукцыю павялічыўся ў некалькі разоў. Паводле ранейшых правілаў, расейскія закупшчыкі маглі вывозіць толькі гатовую прадукцыю. Цяпер ім дазваляецца набываць сыравіну. Закупачная цана малака для Расеі – 12–15 рас. руб. (прыкладна 2430 бел. руб.). У той час як унутры краіны малако закупляюць па 800–1000 бел. руб. Менавіта таму пачаліся масавыя закупкі ў рэгіёнах.

Мясцовыя дырэктары надзвычай зацікаўленыя ў такім продажы – разлік вядзецца ў замежнай валюце. Аднак што застанецца на ўнутраным рынку? У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання супакойваюць: дэфіцыту і рэзкага падаражання не будзе. «Рост экспарту не ўяўляе сёння пагрозы для нацыянальнай харчовай бяспекі Беларусі, – кажа намеснік міністра Васіль Седзін. – Дзяржава стабільна забяспечвае нацыянальную харчовую бяспеку пераважна коштам уласнай вытворчасці сыравіны і сельскагаспадарчай прадукцыі, аб’ёмы якіх амаль удвая перавышаюць патрэбы ўнутранага рынку».

Эканаміст Ірына Урбан мяркуе, што дзяржава ў хуткім часе можа ўвесці абмежаванні на экспарт. «Яны і цяпер існуюць – для забеспячэння патрэбаў унутранага рынку. Гэта гарантыі, якія прадпрыемствы мусяць даваць дзяржаве. Інакш ім проста не дазволяць працаваць. Але такія абмежаванні будуць сведчыць пра парушэнне дамоваў Мытнага саюзу, Расея пачне выказваць незадаволенасць. Таму больш бяспечна для міжнародных адносінаў і эканомікі – павышаць закупачныя цэны на ўнутраным рынку».

Такі крок натуральна паўплывае на канчатковы кошт прадукцыі. Цяпер цана малака ў параўнанні з часамі да дэвальвацыі ўзнялася ўсяго на 30 руб. Больш рэзкія павышэнні, як лічаць эксперты, спажыўцы ўспрымуць негатыўна.

З малочнаю прадукцыяй падаражанне часова можна адкласці – выкарыстоўваць сухое малако. Хоць за апошні тыдзень яно ўзнялося ў кошце з 6000 руб. да 7500 руб. Мясная прадукцыя – больш складаны прадукт, яе на замяняльніках не выцягнеш. Незалежныя эксперты прагназуюць плаўнае падаражанне, якое ў суме ўтрая можа перавысіць сённяшні закупачны кошт.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары