Аляксей Кудрын: Умовы крэдыту ЕўрАзЭС могуць быць перагледжаныя


Паводле віцэ-прэм’ера і міністра фінансаў Расеі, гэта можа адбыцца, калі Менск не выканае сваіх абавязальніцтваў па пазыцы.

Паводле Кудрына, наступны этап вызначэння ўмоваў выдзялення чарговай траншы крэдыту адбудзецца ў лістападзе, калі будуць падведзеныя вынікі выканання Беларуссю папярэдніх абавязальніцтваў.

Міністр не выключае перагляду ўмоваў выдзялення крэдыту. Ён упэўнены, што абмежаванне імпарту, рэгуляцыя цэнаў, а таксама сітуацыя з валютнымі курсамі не дапушчальныя падчас крызісу. Такім чынам «хвароба заганяецца глыбей», кажа ён.

Аляксей Кудрын мяркуе, што адміністрацыйныя захады ўладаў Беларусі не прывядуць да аздараўлення эканомікі і не могуць разглядацца як спробы выйсця з крызісу.

«У мяне склалася ўражанне, што ўлады Беларусі не прымаюць дастатковых захадаў для выйсця з крызісу», – заявіў расейскі віцэ-прэм’ер.

Ён адзначыў, што цягам апошніх трох гадоў у Беларусі склаўся «фантастычны дэфіцыт» рахунку наяўных аперацыяў па экспарце-імпарце. На сёння ён складае 16 % ВУП, што, паводле Кудрына, робіць эканоміку краіны надзвычай нестабільнаю.

Расейскі віцэ-прэм’ер бачыць толькі адзін эфектыўны спосаб змяніць дысбаланс – праз прыцягненне дадатковай валюты для набыцця імпартных тавараў, прытым што на экспарце Беларусь зарабіць не ў стане.

Таксама дадатковыя рэсурсы для эканомікі можа даць прыватызацыя. «Аднак калі ўрад не гатовы выкарыстаць гэты рэсурс, то далейшую крэдытную дапамогу лічу менш абгрунтаванаю. Дапамога можа быць аказаная пасля таго, як Беларусь сама пачне дзеяць», – кажа Кудрын.

Згодна з пагадненнем аб крэдыце ЕўрАзЭС на 3 млрд долараў Беларусь атрымае грошы некалькімі траншамі цягам трох гадоў: 1,24 млрд у 2011 г., 800 млн у 2012-м і 1 млрд у 2013-м.

Адной з умоваў ёсць прыватызацыя дзяржаўных актываў на 7,5 млрд долараў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары