Спыненне экспарту электраэнергіі адклалі (абноўлена)


Расейская кампанія “Интер РАО” вырашыла адтэрмінаваць да 27 чэрвеня спыненне экспарту электраэнергіі ў Беларусь. Раней кампанія планавала зрабіць гэта ўжо заўтра апоўначы, з нагоды запазычанасці “Белэнерга”.

“Толькі што прайшлі перамовы, кансультацыі з нашымі беларускімі партнёрамі, пастанавілі адкласці да панядзелка спыненне экспарту электраэнергіі ў Беларусь”, – кажа прадстаўнік кампаніі.
Кампанія “Интер РАО” 9 чэрвеня ўжо абмежавала экспарт электраэнергіі ў Беларусь з прычыны запазычанасці (RUR 1,5 млрд), што ўзнікла з-за праблемаў з набываннем валюты на беларускім рынку. Паводле вынікаў двухбаковых перамоваў быў падпісаны графік выплатаў, згодна з якім беларускі бок абавязаны вярнуць запазычанасць за расейскую электраэнергію да 5 ліпеня.

13 чэрвеня кампанія цалкам аднавіла аб’ёмы экспарту электраэнергіі ў Беларусь, а ўжо 15 чэрвеня канцэрн “Белэнерга” ажыццявіў першую выплату дзеля вяртання доўгу “Интер РАО ЕЭС”.

Аднак ужо 17 чэрвеня кіраўнік расейскай кампаніі Барыс Кавальчук у кулуарах Пецярбургскага эканамічнага форуму заявіў, што ў выпадку пратэрмінавання выплатаў экспарт электраэнергіі ў Беларусь можа цалкам спыніцца. Ён нагадаў, што “Интер РАО” некалькі разоў пераносіла тэрміны вяртання запазычанасці.

“Ужо прыйшлі грашовыя сродкі, прыкладна 600 млн рублёў (каля $ 21 млн. – БелаПАН), гэта значыць быў пагашаны доўг за сакавік. Засталося 600 млн рублёў за красавік, і надыходзіць час аплаты запазычанасці за травень. У нашым пратаколе (падпісаным “Интер РАО” і “Белэнерга”) кожная нявыплата дапускае магчымасць цалкам спыніць экспарт электраэнергіі. У нас ёсць і штрафы, і пеня. Усе санкцыі прадугледжаныя, але мы дэманструем вяршыню канструктыўнасці ды гаворым пакуль пра асноўную суму доўгу”, – адзначыў Кавальчук.

belsat.eu

Стужка навінаў