Рэзалюцыя за рэзалюцыяй


ЗША працуюць у Радзе правоў чалавека ААН над рэзалюцыяй наконт Беларусі. Пра гэта заявіла намесніца дзяржсакратара ЗША ў справах міжнародных арганізацыяў Эстэр Брымер, выступаючы 15 чэрвеня ў Вашынгтонскім інстытуце блізкаўсходняй палітыкі.

Паводле Брымер, цягам апошніх месяцаў ЗША правялі праз Раду правоў чалавека ААН шэраг «беспрэцэдэнтных рэзалюцыяў, якія асуджаюць парушэнні правоў чалавека ў Лівіі, Іране ды Сірыі, а таксама ўсталёўваюць механізмы для дакументацыі парушэнняў, каб прыцягнуць гэтыя ўрады да адказнасці», паведамляе сайт Дзярждэпартаменту ЗША.

«Мы працягваем гэтыя намаганні падчас цяперашняй сесіі Рады, працуючы з шырокім спектрам дзяржаваў над супольнымі заявамі наконт Сірыі ды Емену, а таксама над рэзалюцыяй наконт Беларусі», – паведаміла Эстэр Брымер.

Аднак, паводле палітолага Паўла Усава, праца над рэзалюцыяй наконт беларускага пытання ў Радзе правоў чалавека ААН – гэта хутчэй сімвалічны крок. «Гэта не першы такі прыклад. […] Амаль кожны год палітычная сітуацыя і сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі абмяркоўваецца на ўзроўні розных камітэтаў ААН, і яшчэ ні разу гэта ніяк не паўплывала на тое, што адбываецца ў краіне», – падкрэсліў палітолаг. На ягоную думку, усё «застанецца на ўзроўні дыскусіі».

belsat.eu

Стужка навінаў