У Берасці няма месца для пікетаў


Мясцовы гарвыканкам забараніў пікет супраць пагаршэння матэрыяльнага становішча насельніцтва ў выніку дэвальвацыі рубля і росту цэнаў. Заяўку на яго правядзенне падавала Берасцейская абласная арганізацыя БСДП (Грамада). Як паведаміў яе старшыня Ігар Маслоўскі, акцыю пратэсту планавалі правесці 11 чэрвеня на стадыёне «Лакаматыў».

«Як вынікае з атрыманага намі адказу, у правядзенні пікетавання адмоўлена на той падставе, што на стадыёне ў гэты дзень будзе праходзіць матч чэмпіянату Беларусі па футболе сярод жаночых камандаў, – паведаміў Маслоўскі. – На маю думку, прычына забароны акцыі іншая. Улады баяцца незадаволенасці людзей і таму на розных падставах забараняюць пратэставыя акцыі нават на гэтым стадыёне – адзіным месцы, вызначаным у горадзе для такіх мерапрыемстваў».

Палітык нагадаў, што раней Берасцейскі гарвыканкам ужо забараняў апазіцыйныя пікеты ў гэтым жа месцы. 19 сакавіка ў адказ на заяўку правесці пікет у падтрыманне палітвязняў ды іхных сем’яў гарадскія ўлады паведамілі, што ў гэты дзень на стадыёне запланаваныя нарматыўныя залікі працаўнікоў МНС. А два заяўленыя апазіцыяй на 25 сакавіка пікеты (адзін – супраць палітычных рэпрэсіяў, другі – супраць росту цэнаў) улады не дазволілі «ў звязку са зваротам дырэктара фізкультурна-спартовага комплексу «Лакаматыў» ад 23 сакавіка бягучага года пра аварыйную сітуацыю ды неабходнасць правядзення рамонту на тэрыторыі стадыёну».

belsat.eu

Стужка навінаў