На гэтым тыдні Наталлі Калядзе ўручаць Ордэн Брытанскай Імперыі за ўклад у развіццё тэатру


Кароль Вялікай Брытаніі Чарлз III 2 лістапада асабіста ўручыць Ордэн Брытанскай імперыі сузаснавальніцы беларускага Свабоднага тэатру (Belarus Free Theatre) Наталлі Калядзе. Яе разам з мужам Мікалаем Халезіным, які таксама з’яўляецца заснавальнікам «Свабоднага тэатру», запрасілі ў Бакінгэмскі палац.

Запись новогоднего поздравления Светланы Тихановской на 2022 год, Наталья Коляда, Николай Халезин
Наталля Каляда і Мікалай Халезін. Вільня, Літва. 22 снежня 2021 года.
Фота: ММ / Беларусь

Мікалай Халезін адзначыў, што таксама атрымае гэтую ўзнагароду, але ўжо ў наступным годзе.

«Паслязаўтра, 2 лістапада, суправаджаю Наталлю Каляду ў Бакінгэмскі палац, дзе Яго Вялікасць Кароль Чарльз III уручыць ёй Ордэн Брытанскай Імперыі за ўклад у развіццё тэатр. А 24 студзеня яна суправадзіць мяне ў Ўіндзарскі замак, дзе, у сваю чаргу, гэтую ўзнагароду атрымаю я», – напісаў Халезін.

Пра тое, што Мікалай Халезін і Наталля Каляда ўганараваныя званнямі чальцоў ордэну Брытанскай імперыі, стала вядома яшчэ ў чэрвені.

«Неймаверна кранальна мець такі гонар ад Караля. Больш за дзесяць гадоў таму Вялікая Брытанія дала нам палітычны прытулак і стала нашым другім домам. Гэтая ўзнагарода прызнае нашыя дасягненні ў свеце тэатру, мастацкае выяўленне нашай сталай барацьбы за правы і свабоды чалавека, што забяспечваецца дэмакратыяй, якую мы цяпер называем домам. Як мастакі і як грамадзяне, мы мяркуем, што сёння як ніколі важна пакласці канец вайне ва Украіне і дыктатуры ў Беларусі, каб гарантаваць бяспеку і стабільнасць Еўропы», – сказала тады Наталля Каляда.

Ордэн Брытанскай Імперыі – брытанскі рыцарскі ордэн, заснаваны 4 чэрвеня 1917 года каралём Джорджам V. Ордэнам узнагароджваюцца дзеячы, якія зрабілі ўнёсак у мастацтва і навуку, працу з дабрачыннымі і сацыяльнымі арганізацыямі, а таксама за дзяржаўную службу. Узнагароды прысуджаюцца двойчы на год: на Новы год і на афіцыйны дзень нараджэння кіроўнага манарха.

Летась спектакль «Сабакі Еўропы» Свабоднага тэатру, пастаўлены рэжысёрам Мікалаем Халезіным, увайшоў у дзясятку найлепшых брытанскіх спектакляў года. Таксама 15 верасня адбылася вялікая прэм’ера беларускага Свабоднага тэатру: на сцэне «Barbican» у Лондане паказалі оперу «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле славутай аповесці Уладзіміра Караткевіча.

Анонс
Беларускі гатычны нуар. Якое «Дзікае паляванне» пакажуць беларусы і ўкраінцы
2023.09.11 17:49

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў