26-гадовага менчука затрымалі за абразу службовых асоб у чаце тэлеграм-каналу «Кулуары KYKY», паведамляе прэс-служба МУС Беларусі.
У ведамстве паведамляюць, што на пачатку года мянчук стаў удзельнікам «дэструктыўнага тэлеграм-каналу», дзе пад здымкамі службовых асоб апублікаваў абразлівыя выказванні ў іх адрас. «Пад уздзеяннем адмоўных каментароў, у тым ліку датычна выпадку з удзелам работніка пракуратуры, карыстальнік мэсэнджара таксама пачаў пісаць негатыўныя водгукі», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.
У апублікаваным МУС відэа хлопец кажа, што «у чаце «Кулуары KYKY» прынізіў годнасць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, намесніка міністра ўнутраных справаў, Ярмошынай, Качанавай і іншых службовых асобаў».
Таксама паведамляецца, што пры вобшуку дома ў яго знайшлі «незарэгістраваную сімволіку», а сам ён удзельнічаў у леташніх пратэстах.
На менчука распачата крымінальная справа за абразу прадстаўніка ўлады.
АД, belsat.eu