Міралюбнасць з ядравай зброяй. Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў прэзентавалі Вайсковую дактрыну


У парламенце адбылася сустрэча дэпутатаў з начальнікам Генштабу Ўзброеных сілаў – першым намеснікам міністра абароны Віктарам Гулевічам, перадае дзяржаўнае агенцтва БелТА. Той апавёў пра новую Вайсковую дактрыну і растлумачыў, навошта ў «міралюбівым» дакуменце згадалі ядравую зброю.

Першы намеснік міністра абароны Віктар Гулевіч у Палаце прадстаўнікоў. Менск, Беларусь. 31 студзеня 2024 года.
Фота: modmilby / Telegram

«Дакумент захаваў міралюбівае імкненне беларускага народу. Важны пасыл новай Вайсковай дактрыны – Беларусь ні да аднаго народу не ставіцца як да свайго ворага незалежна ад дзеянняў урадаў гэтых дзяржаваў», – заявіў дэпутатам Віктар Гулевіч.

Ён таксама запэўніў, што дактрына «можа служыць грунтам для ўрэгулявання сітуацыі ў Еўропе, запуску мірнага дыялогу».

«У праекце дактрыны мы гаворым аб тым, што Рэспубліка Беларусь адкрыта да супрацы ў вайсковай сферы з любымі дзяржавамі, у тым ліку з дзяржавамі NATO. Мы гатовыя аднавіць прагматычны дыялог пры ўмове спынення імі агрэсіўнай рыторыкі і дзеянняў адносна нас», – сказаў генерал, не ўдакладніўшы, якія менавіта «агрэсіўныя дзеянні» чыніць альянс у дачыненні нашай краіны.

Hавiны
У «міралюбнай» дактрыне Беларусі прапісалі ўжыванне ядравай зброі. ААН просяць разабрацца
2024.01.16 15:49

Неабходнасць новай дактрыны Гулевіч растлумачыў «радыкальнай зменаю ваенна-палітычнай абстаноўкі і палітыка-сілавой канфігурацыі ў еўрапейскім рэгіёне»:

«Глабальнае супрацьстаянне паміж Захадам і Усходам перайшло ў гарачую фазу, непасрэдна каля нашых межаў развязаны ваенны канфлікт, які эксперты называюць вырашальным для выбудоўвання далейшага светаўладкавання. Пры гэтым вайна знаходзіцца ў нас на парозе».

Ці казаў намеснік міністра абароны пра ядравую зброю ў прамове, дзяржаўныя крыніцы не ўдакладняюць. Пра гэта ў яго спыталі журналісты перад пасяджэннем парламенту.

«Ядравая зброя – адзін з галоўных чыннікаў стратэгічнага стрымлівання тых кіраўнікоў, якія выношваюць задумы супраць Рэспублікі Беларусь», – заявіў вайсковец. Кіраўнікам, якія «захоўваюць негатыўную рыторыку» на адрас Беларусі, ён параіў «вывучаць дактрыну пасля яе апублікавання».

Гэты дакумент мусіць зацвердзіць Усебеларускі народны сход.

Аналітыка
Саюзнікі, ядравая зброя і досвед Казахстану. У чым сэнс зменаў Вайсковай дактрыны?
2024.01.22 17:59

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў