Белстат паведаміў пра скарачэнне бізнесу амаль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі


Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў звесткі пра колькасць юрыдычных асоб у 2021 годзе ў параўнанні з 2020-м. Апынулася, што ва ўсіх рэгіёнах краіны, акрамя Менску і Берасцейскай вобласці, прадпрыемстваў стала менш.

Колькасць юрыдычных асоб у Беларусі ў 2021 годзе. Інфаграфіка: Белстат / belstat.gov.by

Гэтак, у сталіцы колькасць юрыдычных асоб за год вырасла на 2% да 45 861, у Берасцейскай вобласці – на 1,3% да 10 902.

Пры гэтым у Віцебскай і Магілёўскай абласцях арганізацый стала менш амаль на 2%, у Менскай – амаль на 1%, у Гомельскай – на 0,6%, у Гарадзенскай – на 0,1%.

Афіцыйная статыстка кажа, што за год агулам па краіне колькасць малых арганізацый скарацілася амаль на 6%, сярэдніх арганізацый – на 2,5%, буйных – на 1,5%. Але мікраарганізацый, наадварот, стала больш – на 1,3%.

Калі глядзець звесткі па галіне эканамічнай дзейнасці, то самае заўважнае скарачэнне адбылося ў будаўніцтве: кампаній паменела 3%.

Увогуле, па дадзеных статыстыкі, колькасць юрыдычных асоб за год павялічылася ў Беларусі на 0,4%.

У Белстаце таксама палічылі супрацоўнікаў юрыдычных асоб. Летась там было працаўладкавана ў сярэднім 2 мільёна 512 тысяч чалавек. У параўнанні з 2020 годам іх стала меней на 1,3%. Самае буйное скарачэнне – у будаўніцтве: 7,5%. Малыя і сярэднія арганізацыі за год згубілі больш за 3% працаўнікоў.

Сярэдняя колькасць супрацоўнікаў юрыдычных асоб у Беларусі ў 2021 годзе. Інфаграфіка: Белстат / belstat.gov.by

На гэтым тыдні статыстычны камітэт абвясціў пра павелічэнне лічбы занятых у эканоміцы: у жніўні ў Беларусі было 4 мільёны 201 тысяча 600 працоўных. Гэта на 4 400 асоб болей, чым было месяц таму. Але калі параўноўваць з пачаткам году, то працаўнікоў стала меней на 43 тысячы, а калі са жніўнем 2021 года – на 70 тысяч.

Раней эканамісты Офіса Святланы Ціханоўскай і Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой ацанілі маштаб рэлакацыі беларускага бізнесу ў Еўразвяз. Выданне «Зеркало» паведамляла, што сёлета за студзень-чэрвень ў Беларусі закрыліся 5 тысяч 779 малых і сярэдніх юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Артыкулы
Як падтрымаць беларускі бізнес у выгнанні – у Вільні прайшоў XX Менскі форум
2022.07.23 22:20

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў