«Ягоныя вершы – жывуць, і будуць жыць доўга». Восем гадоў без Генадзя Бураўкіна


30 траўня – Дзень памяці слыннага беларускага паэта Генадзя Бураўкіна.

Генадзь Бураўкін. Крыніца: ru.wikipedia.org

Ён пайшоў з жыцця роўна восем гадоў таму ў Менску ва ўзросце 77-мі гадоў. Аўтар знакамітай «Малітвы», лаўрэат шматлікіх прэміяў, ён таксама займаў пасады намесніка міністра культуры і друку, быў Старшынём Дзяржаўнага камітэту БССР па тэлебачанні і радыё, дзе першым і адзіным за ўвесь час кіраўніком гэткай структуры актыўна прасоўваў выключна беларускую мову вяшчання.

Паэт ад Бога і журналіст па спецыяльнасці (у 1959-м годзе скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэту БДУ) Генадзь Бураўкін рабіў усё магчымае, каб жыла Беларусь, каб разгортвалася і сцвярджалася нацыянальная ідэя і вельмі пераймаўся з таго, што Радзіма ідзе не тым кірункам. Але страшная хвароба напаткала паэта тады, калі ён меў яшчэ шмат планаў і быў у самым росквіце актыўнай дзейнасці. Бураўкін пайшоў з жыцця пасля некалькіх месяцаў змагання з анкалогіяй, якую не перажылі таксама і Васіль Быкаў, і Ніл Гілевіч.

Разам з намі сёння ўзгадаў бацьку і сын – Аляксей Бураўкін.

– Якім Вы ўзгадваеце сёння бацьку: як паэта, як грамадзяніна, як выбітную беларускую асобу?

– Для мяне, зразумела, ён перш за ўсё бацька, мой любімы чалавек. Але, так выйшла, што гэта адзін і з маіх самых любімых паэтаў. Разам з Рыгорам Барадуліным, разам з Уладзімірам Караткевічам. І вось у гэтым шэрагу Генадзь Бураўкін. Ён та не жыве, а ягоныя вершы – жывуць, і будуць жыць доўга!

Аляксей Бураўкін, сын беларускага паэта Генадзя Бураўкіна. Фота прадстаўлена «Белсату»

– А якім ён быў бацькам?

– Канечне, у нас з ім быў вельмі шчыльны кантакт, прычым, так сталася, што па меры сталення майго гэты кантакт быў усё больш дасканалым. Ён перарастаў з такой простай, больш свойскай у глыбейшую, духоўную сувязь. Таму, безумоўна, бацька для мяне вельмі шмат значыў. І з гэтай нашай блізкасці, мне здаецца, цешыліся абодва, таму што гэта было вельмі важна для нас. І для мяне ёсць да гэтага часу.

– Які б дар Вы вылучылі ў ім перш за ўсё? Ён журналіст, літаратуравед, дзяржаўны дзеяч. У чым найбольш яскрава ягоны талент праявіўся?

– Я з ім пагаджуся перш за ўсё. Перад смерцю мы з ім шчыра абмяркоўвалі, што павінна быць напісана на яго сціплым абялісачку, які ў яго там стаіць, сціплым помніку. А там напісана «Паэт». І больш нічога. І гэта галоўнае. І ён лічыў гэта самым галоўным у жыцці сваім.

– Зразумела, што падзеі ў Беларусі не маглі не стрэсаваць яго і ён вельмі пераймаўся з таго, што адбываецца?

– Канечне, ён прапускаў гэта праз сябе. І не толькі беларускія падзеі. Так сталася, што калі ён адыходзіў, як раз разгортваўся канфлікт, а наўпрост – вайна ва Украіне. Гэта быў 2014-ы год. І кожны дзеня як я да яго заходзіў – першае пытанне было: «Што там ва Украіне?». «А як там Украіна?». Бачыце, на жаль, гэты боль актуальны і да сёння. Таму і гэта хвалявала яго. І кніжка ўспамінаў, якая выйшла пра яго, называлася «Перадусім Беларусь». Але дакладна ведаю, што ён жыў і Украінаю таксама.

А лепей у дзень памяці бацькі я б хацеў прачытаць верш. Бо за ўсё – гавораць творы паэта. І ад ягонага імя і ад імя ягоных нашчадкаў. Вось верш з ягонага апошняга зборнічка:

«Калі мы сыдзем з гэтага жыцця,

Сплывем за незабудкавыя далі,

Мы вам гукнём

З прадонняў небыцця

Той самы кліч,

Што на зямлі гукалі.

Ён знойдзе вас

На ўробленым надзеле,

Прытоены ў траве і ў сіняве,

Як запавет,

Як заклік

І надзея,

і як апошні выдых наш:

– Жыве!

«Паэт, які застаўся шмат для каго ў ценю сучаснікаў»

«Пакуль цябе чуюць яшчэ – не маўчы,

Пакуль цябе слухаюць – гавары», – узгадвае радкі паэта ягоны больш малады калега Андрэй Хадановіч.

Кніга «Пяшчота» паэта Генадзя Бураўкіна.
Фота: book.polotsk.museum.by

І дадае: Генадзь Бураўкін, як на мой чытацкі густ, адзін з найцікавейшых, адзін з найбольш таленавітых паэтаў канца 20-га стагоддзя. Паэт значны і трохі недаацэнены. Паэт, які застаўся шмат для каго ў ценю сучаснікаў – Народных паэтаў Беларусі, хоць ён сам не атрымаў такога тытулу. Але, калі казаць пра тэксты, можа быць, дзякуючы фантастычнаму пісьменніцкаму дару, яны вельмі ладна спалучаліся з музыкай, рабіцца тэкстамі песняў. Не ведаю ніякага другога паэта, чые радкі настолькі ж крылатыя і распазнавальныя: «Завіруха», «Жар-Птушка», «Гэта я з табой вечарую» – легендарныя, найлепшыя беларускія гурты спявалі Бураўкіна. І ад гэтага выйгравала і музыка. І паэзія, і найперш мы, беларусы, гэта слухалі і любілі. Ці варта дадаваць, як любілі і любяць дзеткі бураўкінскую «Калыханку»: «Ты таксама каля мамы ціха-ціхенька ляжы».

Але разам з тым, гэта крышачку засланяе паэта, які дзесяцігоддзямі рабіў сваю важную справу, рабіў гэта з моваю. Можа гэта не так кідаецца ў вочы кожным прыёмам як праца са словам Рыгора Барадуліна. Але Бураўкін стварае моцны паэтычны свет, які жыве ў табе далей. І забыць гэтага немагчыма. Безумоўна, Бураўкін – грамадзянін, Бураўкін – інтэлектуал, Бураўкін – грамадскі дзеяч, таксама не адасоблена ад тэкстаў, якія напісаў. Але кожны дзень за пісьмовым сталом, у сур’ёзных кабінетах Бураўкін усё рабіў дзеля таго, каб у Беларусі было болей Беларусі. І мы ўсе рабіліся больш сапраўды беларускімі беларусамі. Тут толькі нізкі паклон і словы падзякі магчымыя. А яшчэ, як кожны сапраўдны вялікі паэт, Бураўкін пісаў словы-прароцтвы. І гэтыя прароцтвы не заўсёды лагодныя і сімпатычныя. Пабачыць небяспеку, сфармуляваць гэты боль – вялікае прадвызначэнне. І вы ведаеце, я насамрэч толькі нядаўна ўсвядоміў, што радочкі, якія б хацеў зараз працытаваць, гэта пачатак 1990-х. Радкі, якія напісаліся перад усёй той 27-мі гадовай гісторыяй, якую мы трываем:

Мы здалёку ўбачылі свабоду

І яшчэ не вырваліся з пут.

Божа, не дабаў майму народу

Пошасці, няпраўды і пакут.

У чужым, нялюдскім землятрусе

Хіба ў нечым мелі мы віну.

Божа, адвядзі ад Беларусі

Здраду, вераломства і вайну.

Смутнаю парою нелюдзімай,

Калі ўсё вакол ідзе на злом –

Божа, захіні маю Радзіму

Мудрасцю, спакоем і цяплом.

Кожны радок пісаўся быццам бы пра нас, цяперашніх у нашай сённяшняй сітуацыі. І гэта, безумоўна, адзнака сапраўднай, вечнай паэзіі.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў