Ірыне Халіп адмовілі ў спатканні з Андрэем Саннікавым


Ірыне Халіп адмовілі ў спатканні з мужам. Пра гэта паведаміў ейны бацька кінадраматург Уладзімір Халіп.

Паводле яго, раніцаю 18 траўня яна накіравалася ў СІЗА КДБ, каб атрымаць дазвол на спатканне з мужам. Адначасова з ёю туды паехала маці Саннікава Ала, якая збіралася аддаць яму перадачу. Ці ўдалося гэта зрабіць маці асуджанага экс-кандыдата на прэзідэнта, пакуль невядома.

Уладзімір Халіп адзначыў, што ягонай дачцэ адмовілі ў сустрэчы з мужам, нічым не матывуючы такога рашэння. Каментуючы адмову, ён заявіў, што “працягваецца прэсінг на найбольш непажаданых у палітычных адносінах людзей, найбольш небяспечных для ўладаў дзеячаў дэмакратычных сілаў”. На ягоную думку, такі ціск застанецца. Усё, што адбылося, ён назваў “гульнёю ў лібералізацыю”, у тым ліку і прысуд дачцэ.

Халіп лічыць, што прысуд Ірыне – гэта “проста адкладзены турэмны тэрмін, які можа быць прыведзены ў выкананне, як толькі супакоіцца грамадская думка”.

16 траўня Ірыну Халіп прысудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем пакарання на 2 гады. Яна асуджаная ў межах справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 г. на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Андрэй Саннікаў быў прысуджаны 14 траўня да 5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Дзе менавіта экс-кандыдат на прэзідэнта будзе адбываць пакаранне, пакуль невядома.

belsat.eu

Стужка навінаў