news
Разбор
«Схавайце да лепшых часоў ці зламайце». Што рабіць беларусам, у якіх яшчэ застаюцца дроны
Дроны ў аніякім выпадку не варта аддаваць у рукі «бандытаў у пагонах».
29.12.202320:09

У Беларусі 28 снежня набылі моц некаторыя палажэнні ўказу, што забараняе фізічным асобам карыстацца дронамі ды іншымі беспілотнымі апаратамі. І хоць гэтыя часткі наўпрост не датычаць фізасобаў, шмат хто падумаў, што нават захоўваць і прадаваць БПЛА ўжо нельга. У Дэпартаменце авіяцыі «Белсату» пацвердзілі, што ў грамадзянаў яшчэ ёсць тры месяцы, каб вырашыць, што з імі рабіць. Свае прапановы ёсць у сілавікоў і звязаных з імі структураў, але апытаныя намі эксперты слухаць іх не раяць. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

28 снежня набылі моц «іншыя палажэнні» ўказу Аляксандра Лукашэнкі ад 25 верасня, што забараніў фізічным асобам карыстанне беспілотнікамі. Гэтыя палажэнні не датычаць наўпрост грамадзянаў, а даюць распараджэнні органам улады ды рэгламентуюць далейшае выкарыстанне цывільных дронаў. Але ў беларускай сітуацыі «не да законаў» людзі і ўстановы, відаць, вырашылі перастрахавацца. Як вынік, паведамляе «ОтВинта | Авиация Беларуси», на онлайн-платформах рэзка скарацілася прапанова дронаў. Калі 24 снежня на запыты «дрон», «коптар» і таму падобныя на Kufar і ў барахолцы Onliner былі сотні абвестак пра продаж, то цяпер засталіся адзінкі. І цяпер на іх прапановы БПЛА або дэталяў знаходзяцца на мінімуме.

Гэта пры гэтым, што забарона на валоданне і абарот беспілотнікаў набудзе моц толькі з 28 сакавіка 2024 года. Гэтыя звесткі карэспандэнту «Белсату», які патэлефанаваў пад выглядам уласніка БПЛА, пацвердзілі і ў Аддзеле беспілотнай авіяцыі Дэпартаменту авіяцыі.

«Да 28 сакавіка можна яшчэ адчужаць. І з дня на дзень будзе ўжо апублікаваная пастанова Савету міністраў і будзе вызначаная арганізацыя, куды можна будзе іх адчужаць. А пакуль да 28 сакавіка можна прадаваць», – адзначылі ў ведамстве.

Праўда, на якіх умовах гэта можна будзе рабіць, суразмоўца не змагла адказаць.

Як беларусам дронамі карыстацца забаранялі

Умовы карыстання дронамі ў Беларусі сёлета абмяжоўваліся сістэматычна. Спачатку ў сакавіку на публічнай кадастравай мапе Беларусі з’явіўся новы пласт «Забароненыя зоны для беспілотных лятальных апаратаў», які змяшчае інфармацыю пра 430 забароненых для палёту дронаў зонах. Адносна лета 2020 года колькасць такіх зонаў вырасла на амаль 13 % – тады іх налічвалася толькі 381.

Затым Дэпартамент грамадзянскай авіяцыі з 4 чэрвеня змяніў правілы ўжывання БПЛА. У прыватнасці, уладальнікаў дронаў абавязалі пацвердзіць законнасць набыцця тэхнікі ды зарэгістраваць іх у дэпартаменце з наданнем унікальнага рэгістрацыйнага нумара. Таксама ўсе аператары БПЛА мусілі прайсці адмысловае навучанне, а пасля гэтага – атрымаць дазвол на ўзлёт і аэрафотаздымку, заключыўшы дамову з «Белаэранавігацыяй» і пакінуўшы заяўку на выкарыстанне паветранай прасторы. На некаторыя здымкі трэба было атрымліваць дазвол нават ад Генштабу. Апроч таго, забаранялася выкарыстоўваць самаробныя дроны. А за парушэнне гэтых правілаў пагражалі штрафамі.

Аднак гэтых абмежаванняў уладам падалося мала. І 25 верасня Аляксандр Лукашэнка наагул забараніў фізічным асобам валодаць і карыстацца беспілотнымі лётнымі апаратамі і авіямадэлямі. Простаму чалавеку ў Беларусі нельга мець і выкарыстоўваць любы лётны апарат, які можа быць кіраваны без чалавека на борце, а таксама запасныя часткі да іх – нельга мець нават разабраны дрон. Выключэнні зрабілі для цацачных шароў, паветраных змеяў і лётных цацак без дыстанцыйнага кіравання, а таксама для дзяржаўнай і эксперыментальнай авіяцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Фізічным асобам, а таксама «неўпаўнаважаным» юрыдычным асобам адразу ж забаранілі ўвоз, эксплуатацыю і выраб беспілотнікаў і авіямадэляў. Але далі яшчэ паўгода, каб прадаць, аддаць ці перадаць беспілотнікі і авіямадэлі на захаванне ва «ўпаўнаважаныя арганізацыі». Юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам дазволілі ўвоз, захаванне, абарот, выкарыстанне і выраб беспілотнікаў і авіямадэляў толькі «ў мэтах іх прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасці». Захоўваць апараты трэба ва ўмовах, якія выключаюць вольны і бескантрольны доступ. Увозіць беспілотнікі і авіямадэлі можна толькі пры адмысловым дазволе Дэпартаменту авіяцыі на падставе рашэння камісіі пры Савеце бяспекі. Пры гэтым беспілотнікі і авіямадэлі трэба ставіць на дзяржаўны ўлік цягам пяці працоўных дзён са дня ўвозу ці куплі.

Пра тое, што ўказ прымаўся ў спешцы і не быў дастаткова прадуманым, сведчыць тое, што «ўпаўнаважаныя арганізацыі» ў ім не акрэсленыя. Іх, а таксама парадак перадачы цягам трох месяцаў мусіў вызначыць Савет Міністраў. Яму ж даручылі цягам трох месяцаў унесці ў Палату прадстаўнікоў прапановы аб пакаранні за валоданне дронамі. І пакуль нічога з гэтага не зроблена.

Таксама было вырашана да ўручэння атрымальнікам дадаткова правяраць на наяўнасць дронаў міжнародныя паштовыя адпраўленні і тавары з-за мяжы. Але зноў жа: 10 лістапада ў Дзяржаўным мытным камітэце заяўлялі, што «зацікаўленыя дзяржорганы» яшчэ толькі распрацоўваюць комплексны праект адпаведнай пастановы.

Прычыны дронафобіі

У збройных сілах Беларусі неабходнасць указу патлумачылі «сучаснымі рэаліямі, звязанымі з пытаннямі забеспячэння нацыянальнай і грамадскай бяспекі ў кантэксце наяўнай геапалітычнай абстаноўкі вакол нашай краіны, а таксама ўкараненнем новых прынцыпаў, пры якіх выкарыстанне паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь будзе здзяйсняцца толькі на прафесійнай аснове».

Аднак палітолаг, спецыяліст у пытаннях нацыянальнай бяспекі Аляксандр Казак у каментары «Белсату» звязаў гэтую забарону з атакай 26 лютага на расейскі самалёт далёкага радыялакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛА) А-50 на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам. Адказнасць за яго падрыў ўзяла на сябе ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў «ByPol». Пасля гэтага пашкоджаны самалёт паляцеў на рамонт у расейскі Таганрог і ў Беларусь больш не вяртаўся.

Аналітыка
Стабільнасць не такая ўжо і стабільная. Што паказаў месяц пасля Мачулішчаў
2023.03.28 19:29

Казак адзначыў, што самалёт вельмі добра ахоўваўся менавіта тымі сістэмамі, якія ахоўваюць таксама рэзідэнцыю і картэжы Лукашэнкі. Дый агулам дроны вельмі актыўна выкарыстоўваюцца на фронце.

«Таму гэта таксама пункт страху для Лукашэнкі. І адпаведна трэба рэжыму абараняцца, і было прынятае рашэнне, што не можам ад усіх дронаў нармальна схавацца і таму будзем проста адбіраць і пужаць людзей страхам перад наяўнасцю гэтых дронаў», – заявіў Казак.

Прадстаўнік аб’яднання «BELPOL» Уладзімір Жыгар таксама мяркуе, што на прыняцце антыдронавага ўказу ўлады падштурхнуў страх – «страх перад справядлівай помстай і магчымымі спосабамі яе рэалізацыі».

«Рэжым робіць неймаверныя намаганні, каб абмежаваць сябе ад любых пасягальніцтваў народу на права быць вольным», – адзначыў ён у каментары «Белсату».

Хто хоча прыбраць чужую маёмасць

Пасля выхаду ўказу беларусы паспрабавалі прадаць свае дроны. Гэтак, станам на раніцу 27 верасня на гандлёвай пляцоўцы «Куфар» ужо было размешчана 389 аб’яваў пра продаж дронаў. І хоць часта прычына продажу не пазначалася, дата размяшчэння абʼяваў супадала з падрыхтоўкай указу. Зніжкі на дроны абвясцілі і крамы, якія да таго легальна завозілі іх у Беларусь.

Тым часам рукі да чужой маёмасці пачалі цягнуць праўладныя арганізацыі. Напрыклад, з боку сілавікоў з’явілася ініцыятыва «Крылы», якая стала заклікаць грамадзянаў перадаваць свае БПЛА на патрэбы збройных сілаў і іншых вайсковых фармаванняў. У «Крылах» заяўлялі, што беларусы актыўна панеслі сваю маёмасць сілавікам – і на канец лістапада нібы ўжо перадалі каля 50 беспілотнікаў.

«Прыносяць грамадзяне як простыя, бюджэтныя дроны, так і сурʼёзныя, дарагія ў коштавым дыяпазоне мадэлі, якія могуць і ўжо выкарыстоўваюць байцы спецпадраздзяленняў», – заяўлялі ў арганізацыі.

Праўда, праверыць праўдзівасць гэтай інфармацыі наўрад ці магчыма. Пры гэтым тэлеграм-канал і бот ініцыятывы «Крылы» выдаляліся тэлеграмам. Прынамсі гэтыя звесткі распаўсюджвала сама ініцыятыва.

Таксама прасіць перадаць дроны «ў якасці ахвяравання» стаў і Беларускі Чырвоны Крыж. Яны яму нібы патрэбныя для рэагавання на надзвычайныя сітуацыі. Аднак Міжнародны Чырвоны Крыж з 1 снежня прыпыніў сяброўства беларускай арганізацыі ў Міжнароднай Федэрацыі Таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ў сувязі з тым, што старшыня БЧК Дзмітрый Шаўцоў актыўна падтрымлівае расейскую агрэсію ва Украіне. Так што, існуе верагоднасць таго, што з Чырвонага крыжа дроны пасля могуць трапіць да тых самых сілавікоў.

Дык што рабіць?

На думку прадстаўніка «BELPOL» Жыгара, дроны ў аніякім выпадку не варта аддаваць у рукі «бандытаў у пагонах». Бо ў выніку іх будуць выкарыстоўваць для таго, каб загнаць народ Беларусі ў «канцэнтрацыйныя лагеры».

«Ані так званыя сілавыя органы, ані Чырвоны крыж не стаяць на абароне простых людзей і народу Беларусі. Усё, што вы ім аддасце, будзе выкарыстанае для палявання на людзей і, магчыма, на паляванні на вас», – падкрэсліў прадстаўнік «BELPOL».

Паводле яго, гэтыя дроны трэба схаваць так, каб да іх «не дабраліся рукі карнікаў». Каб беспілотнікі ляжалі да моманту, калі «яны спатрэбяцца».

«Калі няма такой магчымасці, зламайце іх. Але не аддавайце іх ані карнікам, ані нейкаму Чырвонаму крыжу», – падкрэсліў Жыгар.

А вось спрабаваць іх выкарыстоўваць прадстаўнік «BELPOL» не раіць, бо цяпер «гэта максімальна небяспечна». Не бачыць ён і сэнсу вывозіць дроны за межы Беларусі, бо ў Еўразвязе іх можна вольна набыць, але пры гэтым узнікае рызыка іх выяўлення на мяжы.

У сваю чаргу палітолаг Казак не выключае, што спроба схаваць дрон можа «аукнуцца вельмі балюча». Таму, паводле яго, людзі ў Беларусі могуць паўстаць перад маральным выбарам – ці аддаваць дроны сілавікам або звязанаму з ім Чырвонаму крыжу, ці не. Агулам жа, на яго думку, «можна гэты дрон зламаць, знішчыць, выкінуць – і ўсё».

Макар Мыш belsat.eu