Улады рыхтуюцца да кантролю паштовых адпраўленняў і тавараў, якія дасылаюцца ў Беларусь з ЕЗ


Арганізацыю кантролю паштовых адпраўленняў і тавараў перад іх дастаўкай прыватным асобам абмеркавалі 10 лістапада ў Дзяржаўным мытным камітэце (ДМК). Правяраць будуць тыя адпраўленні і пасылкі, якія дасылаюцца прыватным асобам з тэрыторыі краінаў Еўразвязу.

Белпошта. Менск, Беларусь. 17 снежня 2020 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

У паседжанні ў Мытным камітэце бралі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства сувязі, Міністэрства транспарту, прадпрыемства «Белпошта» і бізнесу.

Патрабаванне кантраляваць паштовыя адпраўленні з ЕЗ утрымлівае ўказ Аляксандра Лукашэнкі № 279 «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі цывільных беспілотных лётных апаратаў». Указ прадугледжвае кантроль тавараў і паштовых адпраўленняў яшчэ да іх дастаўкі і перадачы адрасатам у Беларусі.

Цяпер, як паведамляецца на сайце ДМК, «зацікаўленыя дзяржорганы» распрацоўваюць комплексны праект пастановы ўраду, накіраваны на ажыццяўленне ўказу Лукашэнкі.

Як зазначаецца ў паведамленні, Мытны камітэт і Міністэрства сувязі патлумачылі на паседжанні «асноўныя падыходы ў правядзенні кантролю». Прадстаўнікі кампаніяў, якія дастаўляюць прысланыя тавары, атрымалі адказы на свае пытанні. Але пра тое, як насамрэч будзе рэалізоўвацца гэты кантроль, мытнікі не паведамляюць.

Нагадаем: 25 верасня стала вядома, што згодна з новым указам Лукашэнкі ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб цывільных беспілотнікаў дазваляецца толькі арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам у мэтах іх прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасці. Фізічным асобам мець дроны забараняецца. Захоўваць і прадаваць беспілотнікі можна цягам 6 месяцаў пасля ўступлення ўказу ў сілу. За гэты час БПЛА можна будзе прадаць юрыдычным асобам або перадаць ва «ўпаўнаважаную арганізацыю, вызначаную ўрадам».

Студыя «Белсат»
«Гэта не ўратуе рэжым ад дыверсіяў». Эксперты аб прычыне забароны дронаў у Беларусі
2023.09.29 13:14

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў