Лукашэнка баіцца ўдару з неба


Беспалётная зона для беспілотнай авіяцыі. Сёння партал Лукашэнкі апублікаваў ягоны ўказ, які забараняе фізічным асобам карыстацца дронамі і прымушае здаваць іх дзяржаўным органам. Па ўзроўні кантролю звычайныя цывільныя беспілотнікі фактычна прыроўненыя да зброі. Эксперты мяркуюць, што Лукашэнка баіцца, напрыклад, высокадакладнага прылёту бранябойнай гранаты ў ягоны лімузін, ад якога не ўратуе служба бяспекі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тое, што мы робім, практычна незаконнае ў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка ўзяў ды забараніў грамадзянам выкарыстоўваць дроны ў прыватным парадку.

Так што не атрымаецца ні зняць вяселле, ні пазабаўляцца з дзецьмі, ні паказаць свой зямельны надзел на продаж. Забаронена!

Антыдронавы ўказ Лукашэнка падпісаў 25 верасня. Цяпер, калі вы не прадпрымальнік ці фірма, то ў вас, у грамадзяніна, ёсць усяго паўгода, каб пазбавіцца ад беспілотніка. Фактычна беспалётная зона для дронаў распаўсюдзілася з асобных аб‘ектаў на ўсю Беларусь.

«Фізічным асобам забараняецца ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб цывільных беспілотных лятальных апаратаў і авіямадэляў, а таксама выкарыстанне паветранай прасторы цывільнымі беспілотнымі лятальнымі апаратамі», – пазначана ва Указе Лукашэнкі № 297.

У развітых краінах беспілотнікі сталі звычайнай часткай жыцця і заробку звычайных грамадзянаў. Імі карыстаюцца для апрацоўкі садоў і агародаў, для пошуку выцеку цеплавой энергіі, для здымкаў рэкламы – для чаго заўгодна. І, напрыклад, у Еўразвязе беспілотныя палёты рэгулююць і кантралююць, але не забараняюць. А ў Беларусі журналісты ўжо ў траўні ведалі, што рэжым Лукашэнкі рыхтуецца цалкам забараніць дроны для грамадзянаў і ўвесці драконаўскі кантроль для фірмаў.

«Раней беларускія ўлады ўжо спрабавалі неяк рэгуляваць і абмяжоўваць выкарыстанне дронаў. Але гэтыя спробы былі беспаспяховымі, бо дроны вельмі хутка эвалюцыянуюць. Вельмі хутка можна навучыцца выкарыстоўваць звычайны танны дрон для розных мэтаў. І з‘яўляюцца ўсё больш і больш перспектыўныя мадэлі», – тлумачыць дырэктарка Даследчага цэнтру «GLOBSEC» Алена Кудзько.

Поўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны стымулявала выкарыстанне цывільных беспілотнікаў для выведкі, навядзення агню, нават для бамбавання ці выкарыстання звычайнага вясельнага дрона, як баражуючага боепрыпаса.

«Цывільныя дроны не маюць закрытага каналу сувязі, і не маюць абсталявання, якое дазваляе ўжо са скрынкі – адкрыў і ўжываеш – весці нейкія дзеянні. Большасць цывільных дронаў патрабуе дапрацоўкі», – падкрэслівае палітолаг Аляксандр Казак, спецыяліст у нацыянальнай бяспецы.

І гэта працуе. Беспілотнікі выкарыстоўваюць і ў Судане – супраць вагнэраўцаў, і на полі бою ва Украіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дрон.
Фота: russia.travel

«Гэта штатныя боепрыпасы для дронаў-камікадзэ. У вайсковай справе гэта граната для ручнога процітанкавага гранатамёта. Але мы іх трохі перарабляем і чапляем да беспілотнікаў», – распавядае журналістам камандзір роты ўдарных беспілотнікаў «Мад‘яр» з 95-й брыгады ЗСУ.

У Беларусі самая вядомая беспілотная дыверсія – калі партызаны пашкодзілі бомбай расейскі самалёт А-50 на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах. З тых часоў «лятаючы радар» з беларускага паветра не працуе. А Лукашэнка спужаўся, што боепрыпас прыляціць і да яго, мяркуе Аляксандр Казак:

«Ён можа ехаць – і дрон можа ўпакавацца ў машыну. Ляцець верталётам – і дрон трапіць у верталёт. Ён можа сядзець у рэзідэнцыі ці ісці – і можа прыляцець. Досвед кейсу з А-50 паказаў, што гэтыя сістэмы, якія ахоўваюць Лукашэнку, не ў стане супрацьдзейнічаць дронам».

Ёсць і пытанне антыкарупцыйных расследаванняў: 6 гадоў таму беспілотнік дапамог тэлеканалу «Белсат» знайсці на той момант таемную 17-ю рэзідэнцыю Лукашэнкі ў Шаршунах Менскага раёну.

«Хутчэй за ўсё ў мэтах унутранай бяспекі. Лукашэнка вельмі баіцца, што з беспілотнікаў будуць здымаць і атрымліваць відэаінфармацыю пра аб‘екты, якія лічацца сакрэтнымі. Не абавязкова вайсковыя аб’екты. Гэта могуць быць сілы ўнутранай абароны або рэзідэнцыя Лукашэнкі», – мяркуе дырэктарка Даследчага цэнтру «GLOBSEC» Алена Кудзько.

Цяпер у Беларусі юрыдычныя асобы мусяць атрымаць дазвол, каб паставіць свой беспілотнік ці авіямадэлі на ўлік Міністэрства транспарту. А фізічныя асобы могуць выключна прадаць ці аддаць свае дроны. Або юрыдычнай асобе, або дзяржаве. Куды трапяць тысячы цывільных беспілотнікаў, вынятых Міністэрствам транспарту Лукашэнкі? Цалкам магчыма, што іх расейскім калегам.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»