Прыднястроўе папрасіла Расею яго абараніць. Ці варта чакаць анексіі або новай вайны?


З’езд дэпутатаў Прыднястроўя звярнуўся да Расейскай Федэрацыі з просьбай аб абароне «ва ўмовах узмацнення ціску Малдовы». Што стаіць за гэтым рашэннем і як Крэмль можа «абараніць» непрызнаную рэспубліку?

Прэзідэнт непрызнанай Прыднястроўскай малдаўскай рэспублікі Вадзім Краснасельскі бярэ ўдзел у з’ездзе дэпутатаў у Тыраспалі, Прыднястроўе. 28 лютага 2024 года.
Фота: Vladislav Bachev / Reuters / Forum

Што адбылося

28 лютага ў непрызнанай Прыднястроўскай малдаўскай рэспубліцы (ПМР) адбыўся з’езд дэпутатаў усіх узроўняў. Сам факт прызначэння з’езду выклікаў вялікі ажыятаж, бо падобныя сходы праводзіліся ў гісторыі ПМР толькі шэсць разоў і заўсёды былі звязаныя з надзвычай важнымі палітычнымі падзеямі. Упершыню дэпутатаў склікалі ў 1990–1991 гг., каб абвесціць пра «незалежнасць» рэспублікі». Апошні раз у 2006 годзе, каб падрыхтаваць рэферэндум аб будучыні Прыднястроўя (на тым рэферэндуме 97 % удзельнікаў нібыта прагаласавалі за ўваходжанне ў склад РФ).

Ад з’езду 28 лютага 2024 года медыі таксама чакалі гістарычных рашэнняў. Прыднястроўскі палітык Генадзь Чорба за некалькі тыдняў да сходу заявіў, што дэпутаты могуць папрасіць Маскву ўключыць ПМР у склад Расеі. Звяртаў на сябе ўвагу і той факт, што на наступны дзень, 29 лютага, быў запланаваны зварот Уладзіміра Пуціна да Федэральнага сходу, дзе ён мог заявіць аб гатовасці ўхваліць просьбу ПМР.

Аднак на такі радыкальны крок з’езд дэпутатаў не пайшоў. Замест гэтага адзінагалосна была прынятая рэзалюцыя, у якой гаворыцца пра зварот да Расеі з просьбай аб абароне Прыднястроўя ва ўмовах эканамічных абмежаванняў з боку Малдовы, якія прэзідэнт ПМР Вадзім Краснасельскі параўнаў з «палітыкай генацыду». Паводле аўтараў дакументу, Малдова «фактычна развязала эканамічную вайну супраць Прыднястроўя, наўмысна ствараючы перадумовы для шматмільённага дэфіцыту бюджэту». Таксама дэпутаты лічаць патрэбным звярнуцца да міжнародных арганізацыяў (АБСЕ, ААН, СНД, Еўрапарламент, Міжнародны Чырвоны Крыж) з заклікам «спыніць парушэнне суседняй Малдовай правоў і свабодаў грамадзянаў Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі і не дапусціць правакацыяў, якія вядуць да эскалацыі напружанасці».

Асцярожнасць і прастора для манеўру

Ухвалены дакумент мае дзве цікавыя асаблівасці.

Дэлегаты збіраюцца для ўдзелу ў з’ездзе дэпутатаў перад Палацам Рэспублікі ў Тыраспалі, Прыднястроўе. 28 лютага 2024 года.
Фота: Vladislav Bachev / Reuters / Forum

З аднаго боку, у рэзалюцыі гаворыцца выключна пра «дыпламатычныя захады для абароны Прыднястроўя». Прычым у першай версіі дакументу гэтага ўдакладнення не было, таму просьбу аб абароне можна было інтэрпрэтаваць у тым ліку як заклік да ваеннага ўмяшання Расеі. Імаверна, улады ПМР не хацелі, каб склалася такое ўражанне, і дадалі слова «дыпламатычныя».

З іншага боку, рэзалюцыя яшчэ не ёсць афіцыйным зваротам да Масквы. У тэксце дакументу гаворыцца, што з’езд лічыць неабходным прыняць такі зварот. Хто і калі мусіць прыняць гэты зварот, у рэзалюцыі не ўдакладняецца. Што пакідае пэўную інтрыгу: у самім звароце можа з’явіцца тая канкрэтыка і тыя фармулёўкі, якіх не было ў рэзалюцыі. Заявы пра «генацыд» і «абарону расейскіх грамадзянаў», што гучалі падчас з’езду, самі па сабе ёсць універсальным абгрунтаваннем для расейскай агрэсіі – Масква выкарыстоўвала гэтыя наратывы падчас вайны з Грузіяй і Украінай.

Праўда, пакуль лідары сепаратысцкага рэгіёну паводзяць сябе вельмі асцярожна. Кіраўнік МЗС непрызнанай рэспублікі Віталь Ігнацьеў патлумачыў у эфіры «Россия 24», што ад Масквы ПМР чакае менавіта дыпламатычнага падтрымання. «Мы разлічваем на тое, што Расея будзе ўлічваць факт пражывання ў Прыднястроўі больш за 220 тыс. грамадзянаў РФ. Вядома, усе гэтыя людзі спадзяюцца і разлічваюць, што Расея працягне актыўны ўдзел у працэсе ўрэгулявання для таго, каб не дапусціць зрыву перамоўнага працэсу», – заявіў ён.

Дэпутат Вярхоўнага савету ПМР Андрэй Сафонаў зазначыў у інтэрв’ю «РИА Новости», што непрызнаная рэспубліка разлічвае на эканамічную дапамогу РФ. Пра матэрыяльную дапамогу казалі прыднястроўскія эксперты, якіх апытала газета «Коммерсант».

Выгляд паказвае знак на КПП «Бендэры» на ўездзе ў сепаратысцкі рэгіён Прыднястроўе. 27 красавіка 2022 года.
Фота: Vladislav Culiomza / Reuters / Forum

Пра сілавое ўмяшанне або магчымае ўваходжанне ў склад Расеі ў Тыраспалі пакуль ніхто не кажа. Прэзідэнт непрызнанай рэспублікі Вадзім Краснасельскі у інтэрв’ю расейскай «Парламенцкай газеце» заявіў, што ў дачыненнях з Кішынэвам яны настойваюць выключна на мірным дыялогу, хаця і не выключаюць магчымасці «правакацыяў».

Чаму зварот да Расеі з’явіўся менавіта цяпер

Неабходнасць звароту да Расеі ўлады ПМР тлумачаць выключна цяжкай эканамічнай сітуацыяй, якая склалася ў сепаратысцкім рэгіёне пад уздзеяннем розных абмежаванняў, уведзеных Кішынэвам.

Мяркуючы з тых звестак, якія былі агучаны на з’ездзе, Прыднястроўе стаіць перад рэальнай пагрозай эканамічнага калапсу. У 2023 годзе аб’ём прамысловай вытворчасці ў ПМР знізіўся на 12 %, а ў студзені 2024 года – на 18 % (без уліку энергетыкі). Магутны крызіс закрануў 9 з 11 галінаў прамысловасці. Замежнае гандлёвае абарачэнне скарацілася на 19 %: некаторыя прадпрыемствы ўвогуле спынілі экспартна-імпартныя аперацыі, а іншыя скарацілі гэтую дзейнасць на 85–90 %. Мытныя плацяжы знізіліся на 18 %, акцызныя зборы – на 31 %. Міністр эканамічнага развіцця непрызнанай рэспублікі Сяргей Абалонік заявіў на з’ездзе, што агульныя страты ПМР ад абмежавальных захадаў Кішынэва сёлета могуць скласці каля 10 % ВУП.

«Пад пагрозай аказваецца выкананне сацыяльных абавязкаў», – заявіў Абалонік.

Сітуацыя для Прыднястроўя стала пагаршацца пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі і Украіны, якая разбурыла статус-кво ў рэгіёне. Раней ПМР выжывала коштам таго, што вяла вонкавы гандаль ад імя Малдовы, і пры гэтым прыднястроўскія кампаніі мелі розныя эканамічныя прэферэнцыі ў параўнанні з кампаніямі на падкантрольных Кішынэву тэрыторыях. Гэтая парадаксальная сітуацыя, як мяркуюць эксперты, была звязаная з карупцыяй у палітычных элітах Малдовы. Большая частка экспартна-імпартных аперацыяў праходзіла праз мяжу ПМР з Украінай, якая дэ-факта пераўтварылася ў кантрабандную «шэрую зону».

Аднак вайна ўсё змяніла. Украіна закрыла мяжу з Прыднястроўем, а Малдова стала праводзіць больш рашучую палітыку адносна сепаратыстаў. Ключавым стала рашэнне Кішынэва прыняць новы Мытны кодэкс, які пачаў дзеяць 1 студзеня 2024 года. Дакумент прадугледжваў, што прыднястроўскія бізнесоўцы мусяць плаціць мытныя пошліны на агульных умовах, а права на экспартна-імпартныя аперацыі яны могуць атрымаць, толькі перайшоўшы ў заканадаўчае поле Малдовы. Для ўладаў ПМР гэта стала нечаканасцю. Яны абвінавацілі Кішынэў у «блакадзе» і «здушэнні», але насамрэч гаворка ідзе пра тое, што Малдова проста пастанавіла распаўсюдзіць на Прыднястроўе агульнанацыянальную юрысдыкцыю. Раней былі прынятыя таксама папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць адказнасць за сепаратызм.

Аўтамабільная чарга ў пункце пропуску «Бендэры» на ўезд у сепаратысцкі рэгіён Прыднястроўе. 27 красавіка 2022 года.
Фота: Vladislav Culiomza / Reuters / Forum

План Кішынэва абсалютна зразумелы: пры дапамозе эканамічных і юрыдычных рычагоў яны разлічваюць вярнуць кантроль над Прыднястроўем мірным шляхам. Каментуючы рэзалюцыю з’езду дэпутатаў ПМР, прэзідэнтка Мая Санду пацвердзіла, што Кішынэў поўны рашучасці развязаць замарожаны прыднястроўскі канфлікт мірным шляхам з далейшай эканамічнай рэінтэграцыяй рэгіёну. Віцэ-прэмʼер Малдовы ў рэінтэграцыі Алег Серабран раней заяўляў, што Кішынэў бачыць адзіным вырашэннем канфлікту «паступовае вяртанне Тыраспалю ў прававое поле».

Што можа ўчыніць Расея?

Пакуль рэакцыю Масквы на падзеі ў ПМР можна назваць вельмі і вельмі стрыманай. У сярэдзіне лютага міністра замежных справаў Сяргей Лаўроў заявіў, што не дазволіць, каб 200 тысяч расейскіх грамадзянаў у Прыднястроўі «сталі ахвярамі чарговай заходняй авантуры», але нічога канкрэтнага не паабяцаў. Пасля з’езду дэпутатаў у МЗС РФ заявілі, што ўсе звароты Тыраспалю разглядаюцца «з увагай», бо «абарона інтарэсаў жыхароў Прыднястроўя, нашых суайчыннікаў – адзін з прыярытэтаў». Уладзімір Пуцін у сваім звароце да Федэральнага сходу 29 лютага пра Прыднястроўе нават не ўспомніў.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) прыйшоў да высновы, што ёсць пяць магчымых сцэнароў далейшых дзеянняў РФ:

  • Масква захавае статус-кво і нічога канкрэтнага пакуль рабіць не стане;
  • Расея можа аказаць палітычны ціск на Малдову, каб тыя скасавалі папраўкі ў Мытны кодэкс, якія б’юць па эканоміцы сепаратысцкага рэгіёну;
  • Расея павялічыць сваю вайсковую групоўку ў Прыднястроўі;
  • Масква ўсё-такі пойдзе на анексію Прыднястроўя, што можа стаць фармальнай нагодай для агрэсіі супраць Малдовы;
  • Крэмль актывізуе гібрыдныя аперацыі супраць Малдовы, каб дэстабілізаваць сітуацыю, змяніць уладу (сёлета ў краіне пройдуць прэзідэнцкія выбары) і прымусіць Кішынэў адмовіцца ад курсу на еўраінтэграцыю.

Апошні варыянт у ISW лічаць найбольш імаверным. Раней на гэты конт выказваліся і ў Кішынэве. Год таму прэзідэнтка Мая Санду заявіла, што Расея плануе здзейсніць у Малдове дзяржаўны пераварот. Паводле ейных словаў, план «прадугледжвае дыверсіі з прыцягненнем людзей з вайсковай падрыхтаванасцю, замаскаваных пад цывільных асобаў, для правядзення гвалтоўных дзеянняў, нападаў на дзяржаўныя будынкі і для захопу закладнікаў».

Аналітыка
«Калі будзе магчымасць, яны нападуць». Эксперты распавялі пра пагрозы Малдове з боку Расеі
2023.02.16 15:40

Што да найбольш радыкальных сцэнароў, то Расеі будзе надзвычай цяжка іх зрэалізаваць. У Прыднястроўі цяпер застаецца так званы міратворчы кантынгент РФ – Аператыўная групоўка расейскіх войскаў (АГРВ). Аднак АГРВ не ўяўляе сур’ёзнай сілы: перад пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне колькасць групоўкі ацэньвалася прыкладна на 1,5–-1,7 тыс. вайскоўцаў, а летась улады ПМР заяўлялі, што «міратворцаў» засталося не больш за 450 чалавек. Пры гэтым Расея не мае ні сухапутнага, ні марскога калідора да Прыднястроўя, каб бесперашкодна нарошчваць АГРВ. То бок трэба або высаджваць марскі дэсант пад Адэсай і з баямі прабівацца да Прыднястроўя. Або перакідваць вайскоўцаў па паветры, перасякаючы пры гэтым паветраную прастору Украіны або Румыніі (краіны NATO). З улікам таго, што Расея не кантралюе цалкам ні Чорнае мора, ні паветраную прастору, абодва варыянты выглядаюць амаль што фантастычна.

Паводле розных ацэнак, узброеныя фармаванні самой ПМР складаюць ад 7,5 да 15 тысяч байцоў: узровень іх баявой падрыхтоўкі ацэньваецца як нізкі, і на ўзбраенні яны маюць пераважна састарэлую савецкую тэхніку.

То бок Расея можа абвесціць аб далучэнні Прыднястроўя, але рэальна абараніць анексаваныя тэрыторыі наўрад ці будзе здольная. ПМР адразу апынецца ў татальнай блакадзе, пераўтварыцца ў мішэнь для Збройных сілаў Украіны і амаль непазбежна будзе разгромленая. Імаверна, гэта цудоўна разумеюць і ў Маскве, і ў Тыраспалі. Таму, хутчэй за ўсё, пастараюцца ўстрымацца ад рэзкіх крокаў. Прынамсі пакуль.

Разам з тым, цалкам выключаць радыкальнага сцэнара ў далейшым нельга. Тым больш, што Крэмль не раз дэманстраваў сваю здольнасць прымаць рашэнні, якія звонку выглядаюць нелагічнымі і нявыгаднымі для самой Расеі.

Аналітыка
Што будзе, калі Прыднястроўе ўступіць у вайну?
2022.04.26 18:27

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў