Без «Масквы» і «Менску». Што засталося ад Чарнаморскага флоту РФ пасля 1,5 года вайны?


З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны расейскі флот зазнаў каласальныя і фактычна незаменныя страты, што пахіснула дамінаванне агрэсара на Чорным моры. Belsat.eu апавядае, як быў разбураны міф пра непераможнасць Чарнаморскага флоту РФ і якія сілы застаюцца ў Расеі на моры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цырымонія памяці пра патоплены ракетны крэйсер «Масква», зарганізаваная ветэранамі Чарнаморскага флоту Расеі ў Севастопалі, Крым, Украіна. 15 красавіка 2022 года.
Фота: Alexey Pavlishak / Reuters / Forum

Вайскова-марскі флот (ВМФ) Расеі складаецца з пяці вялікіх злучэнняў, якія маюць адпаведныя месцы базавання і аператыўнага дзеяння: Чарнаморскі, Балтыйскі, Ціхаакіянскі і Паўночны флоты, а таксама Каспійская флатылія. Напярэдадні поўнамаштабнай вайны, паводле розных экспертных рэйтынгаў, ВМФ Расеі  стабільна ўваходзіў у топ-3 або топ-5 найбольш магутных флотаў свету, а ⅔ жыхароў Расеі, як сведчаць сацыялагічныя апытанні, наагул былі ўпэўненыя, што расейскі флот наймагутнейшы.

Украінцы фактычна нічога не маглі супрацьпаставіць Расеі – большасць свайго флоту яны страцілі яшчэ падчас анексіі Крыму ў 2014 годзе. Камандуючы ВМС віцэ-адмірал Аляксей Нэіжпапа адзначаў, што перад 24 лютага 2022 года суадносіны сілаў і сродкаў на Чорным моры складалі 1:12 на карысць РФ.

Апошні буйны карабель на Чорным моры, флагманскі фрэгат «Гетман Сагайдачны» (які на момант расейскага ўварвання ваяваць не мог, бо быў на рамонце) быў затоплены экіпажам 3 сакавіка, каб яго не захапілі расейцы. У канцы сакавіка Міністэрства абароны РФ рапартавала, што ўкраінскі флот знішчаны цалкам.

Аднак якраз пасля гэтага Расея на Чорным моры пачала зазнаваць паразу за паразаю. Парадокс у тым, што сваіх перамог на моры Украіна дасягала не пры дапамозе флоту, а за кошт эфектыўнага выкарыстання ракетаў і дронаў.

Hавiны
На моры і ў паветры. Як выкарыстоўваюцца беспілотнікі ў вайне Расеі і Украіны
2023.08.04 20:38

Чарнаморскі флот: параза за паразаю

Перад пачаткам поўнамаштабнай вайны Чарнаморскі флот РФ складаўся з 58 баявых караблёў, а з улікам патрульных катараў – 74-х. Яшчэ да канца 2022 года, паводле выдання «Проект», прыкладна 15 % гэтых сілаў Расея страціла. Лічба сама па сабе вялікая, але нават яна не адлюстроўвае значнасці зазнаных стратаў.

Hавiны
«Працуе «Bayraktar». Збройныя сілы Украіны паведамілі пра знішчэнне двух расейскіх катараў каля Змяінага
2022.05.02 11:46

Ужо ў першыя тыдні вайны былі падбітыя шэраг расейскіх катараў. Першую сур’ёзную страту Чарнаморскі флот зазнаў 24 сакавіка, калі ў порце Бярдзянску ў выніку ўдару ракетаю «Точка-У» быў затоплены вялікі дэсантны карабель «Саратаў». Таксама атрымалі пашкоджанні дэсантныя караблі «Новачэркаск», «Орск» і «Цэзар Кунікаў». Агулам загінулі не менш за 12 маракоў.

«Міф пра непаражальнасць расейскага флоту разбураны дакладнымі ўдарамі ЗСУ», – пракаментаваў пазней тую аперацыю галоўнакамандуючы Збройных сілаў Украіны Валерый Залужны.

13 красавіка 2022 года быў патоплены флагманскі ракетны крэйсер «Масква», які называлі «забойцам авіяносцаў». Падчас той аперацыі дроны «Байрактар» адцягнулі ўвагу радараў карабля, у выніку чаго расейцы прапусцілі атаку з выкарыстаннем крылатых ракетаў берагавога базавання «Нэптун». «Масква» загарэлася і затанула. Паводле медыяў, загінулі прынамсі 37 маракоў, каля 100 атрымалі раненні.

Знішчэнне крэйсера «Масква» сталася адною з найбольш бліскучых перамог Украіны за час вайны. «Падзея была настолькі натхняльнай і адначасова неверагоднай, што шмат каму здавалася – гэта не можа быць праўдаю», – прызнаваўся тагачасны міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў.

Флагманскі крэйсер меў ключавое значэнне для Чарнаморскага флоту Расеі як камандны карабель і вузел паветранай абароны. Страта «Масквы» прымусіла Расею перагледзіць сваю тактыку ў Чорным моры, зрабіла амаль немагчымым высадку буйнога марскога дэсанту каля Адэсы і спрыяла дэакупацыі вострава Змяіны. Затапленне расейскага флагману зрабілася крыніцаю гонару і натхнення для ўкраінцаў, а таксама негатыўна адбілася на маральным духу агрэсара.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы ВМФ Расеі пашыхтаваліся на борце ракетнага крэйсера «Масква» падчас генеральнай рэпетыцыі вайскова-марскога параду ў гонар Дня ВМФ Расеі. Севастопаль, Крым, Украіна. 24 ліпеня 2020 года.
Фота: Sergei Malgavko / TASS / Forum

Нават на гістарычным фоне гэтая падзея выглядае беспрэцэдэнтнаю: апошні раз карабель такога класу пайшоў на дно 40 гадоў таму падчас Фолклэндскага канфлікту паміж Вялікаю Брытаніяй і Аргентынай. Расея ж не зазнавала такіх катастрофаў на моры ўвогуле з часу расейска-японскай вайны.

17 чэрвеня 2022 года ўдарам супрацькарабельнай ракеты быў затоплены буксір «Васілій Бех», на борце якога быў размешчаны зенітна-ракетны комплекс «Тор». 29 кастрычніка ўкраінцы зладзілі камбінаваную атаку марскімі і паветранымі дронамі на базу Чарнаморскага флоту ў Севастопалі: былі пашкоджаны новы расейскі флагман фрэгат «Адмірал Макараў», тральшчык «Іван Галубец» і, імаверна, яшчэ адзін карабель.

«ВМФ Расеі прыніжаныя дзяржавай, якая не мае ўласнага вайскова-марскога флоту», – пісала брытанскае аналітычнае выданне Navy Lookout у лістападзе 2022 года.

У 2023-м для Расеі ўсё стала толькі горш. 25 траўня беспілотнікі, імаверна, пашкодзілі ў акваторыі Чорнага мора выведны карабель «Іван Хурс». 4 жніўня ўкраінцы правялі паспяховую атаку на расейскую вайскова-марскую базу ў Новарасійску: вялікі дэсантны карабель «Аленегорскі гарняк» атрымаў сур’ёзнае пашкоджанне, моцна нахіліўся і быў адбуксіраваны.

12 верасня Украіна дасягнула яшчэ адной бліскучай перамогі: у выніку камбінаванай атакі ракетамі і дронамі базы ВМФ у Севастопалі катастрафічныя пашкоджанні атрымалі вялікі дэсантны карабель «Менск» і падводная лодка «Растоў-на-Доне». Гэта былі вельмі важныя для Расеі караблі. «Растоў-на-Доне» – гэта адна з чатырох падводных лодак Чарнаморскага флоту, што наносілі ўдары крылатымі ракетамі «Калібр» па ўкраінскіх гарадах, а «Менск» быў спецыяльна перакінуты з Балтыйскага мора ў Чорнае незадоўга да пачатку поўнамаштабнага ўварвання.

Неўзабаве пасля гэтай атакі на Севастопаль расейцы перадыслакавалі тры вялікія дэсантныя караблі з Чорнага мора ў Азоўскае.

14 верасня ў паўднёва-заходняй часткі Чорнага мора ад украінскай атакі, імаверна, пацярпелі два патрульныя караблі тыпу «Васілій Быкаў» (пакуль няясна, наколькі сур’ёзнымі маглі быць пашкоджанні). У той жа дзень, паводле ўкраінскіх медыяў, марскі дрон падбіў малы ракетны карабель «Самум», праз што той быў адбуксіраваны «з вялікім дыферэнтам на карму і нахілам на правы борт».

Якія караблі засталіся ў Чарнаморскім флоце?

Агулам, паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з пачатку вайны ў ВМФ Расеі страцілі 20 караблёў і адну субмарыну. Тут маюцца на ўвазе і затопленыя, і пашкоджаныя караблі. Асаблівасць сітуацыі заключаецца ў тым, што часам практычнай розніцы паміж гэтымі двума тэрмінамі амаль няма. Напрыклад, паводле ацэнак брытанскай выведкі, любая спроба вярнуць падводны човен «Растоў-на-Доне» у эксплуатацыю, імаверна, зойме шмат гадоў і будзе каштаваць Расеі сотні мільёнаў долараў. То бок гэтая субмарына наўрад ці возьме ўдзел у вайне супраць Украіны. Імаверна, не падлягае аднаўленню і дэсантны карабель «Менск».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Два вялікія дэсантныя караблі бяруць удзел у вучэннях для высаджвання дэсанту на неабсталяваны бераг. У расейскіх вучэннях бяруць удзел больш за 8 тысяч вайскоўцаў і каля 350 адзінак вайсковай тэхнікі і ўзбраення. Крым, Украіна. 18 кастрычніка 2021 года.
Фота: Sergei Malgavko / TASS / Forum

Так ці інакш, на Чорным моры ў Расеі павінна заставацца каля паўсотні баявых караблёў (без уліку катараў некаторых класаў на месцах базавання). Дзве траціны флоту месцяцца ў Севастопалі, траціна – у Новарасійску.

Як раней тлумачыла «Українська правда» са спасылкаю на спікера ўкраінскіх ВМФ Дмытра Плэтэнчука, найбольш небяспечныя тыя караблі, што могуць несці крылатыя ракеты «Калібр», якімі абстрэльваецца тэрыторыя Украіны. Да іх украінскі бок адносіць два фрэгаты, тры ракетныя карветы тыпу «Буян-М» і чатыры (пасля страты «Растова-на-Доне», напэўна, тры) субмарыны.

Імаверна, два расейскія фрэгаты, пра якія казаў прадстаўнік ВМФ Украіны, гэта «Адмірал Макараў» (хутчэй за ўсё, пашкоджанні, якія карабель атрымаў летась, былі не фатальныя) і «Адмірал Эсен». Наконт малых ракетных караблёў «Буян-М» у медыях можна знайсці іншыя звесткі: іх у Чорным моры мае быць чатыры («Вышні Валачок», «Арэхава-Зуева», «Грайварона», «Інгушэція»). Плюс малы ракетны карабель тыпу «Каракурт» (больш прасунутая мадэль у параўнанні з «Буян-М») «Цыклон», які толькі ў ліпені 2023 года ўвайшоў у склад Чарнаморскага флоту, ды, імаверна, «Аскольд». Усе яны тэарэтычна могуць несці па 8 ракетаў «Калібр».

Некаторыя крыніцы таксама даюць іншую колькасць падводных чаўноў, якія могуць запускаць «Калібры»: сем, а не чатыры. Хаця брытанская выведка і ўкраінскі ВМФ, імаверна, маюць больш дакладныя звесткі наконт субмарынаў, што цяпер у Чарнаморскім флоце.

Як піша «Українська правда», тэарэтычна небяспеку могуць уяўляць і дэсантныя караблі (афіцыйна іх у Чарнаморскім флоце шэсць + чатыры былі перакінутыя з Балтыкі ў лютым 2022-га). Хоць іх цяпер і не выкарыстоўваюць паводле беспасярэдняга прызначэння, але яны маюць артылерыю і могуць размяшчаць на сабе РСЗА «Град». Менавіта як караблі агнявога падтрымання яны выкарыстоўваліся падчас штурму Марыупалю.

Расея можа павялічыць сваю прысутнасць у Чорным моры за кошт перакідвання караблёў з Балтыкі, Паўночнага мора або Ціхага акіяну. Аднак гэтая опцыя мае свае абмежаванні. Турэччына яшчэ ў пачатку поўнамаштабнай вайны закрыла пратокі Басфор і Дарданэлы для праходу любых вайсковых караблёў, у тым ліку расейскіх. Замест гэтага для перакідвання караблёў з Балтыкі тэарэтычна можна выкарыстаць Волга-Балтыйскі водны шлях і Волга-Данскі канал. Карветы і малыя ракетныя караблі сваймі габарытамі маюць пасаваць для такога маршруту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Караблі Чарнаморскага флоту ВМС Расеі набліжаюцца да берагу падчас вучэнняў розных відаў узброеных сілаў Расеі на палігоне ў Крыме, Украіна. 22 красавіка 2021 года.
Фота: Sergei Malgavko / TASS / Forum

Іншае пытанне, ці трэба гэта Расеі: перакідванне 2-3 караблёў прынцыпова нічога не зменіць для сітуацыі ў Чорным моры.

Стратэгічны поспех Украіны

Хаця баявы патэнцыял ВМФ Расеі за паўтара года вайны заўважна знізіўся, нельга сказаць, што РФ цалкам страціла кантроль над Чорным морам. Чарнаморскі флот застаецца значнаю сілай і сур’ёзнаю пагрозай, а ВМФ Украіны па-ранейшаму не канкуруе з праціўнікам. Аднак серыя паспяховых аперацыяў Украіны на моры прынцыпова змянілі правілы гульні.

Майстэрскае выкарыстанне ракетаў і дронаў прымушае расейскі флот трымацца далей ад украінскіх берагоў і рассяроджваць свае сілы. Паводле ўкраінскага віцэ-адмірала Аляксея Нэіжпапы,  цяпер каля 25 тысячаў квадратных кіламетраў – шэрая зона, куды асцерагаюцца заходзіць караблі РФ.

Усё гэта не толькі робіць больш бяспечнаю тэрыторыю Украіны, але таксама ёсць абавязковай умоваю для паспяховай дэакупацыі Крыму ў будучыні.

«Украіна ўжо дасягнула значнага стратэгічнага поспеху, падштурхнуўшы расейскі флот, які першапачаткова дамінаваў на поўначы Чорнага мора, да абарончай пазіцыі.

Пагроза супрацькарабельных ракетаў, як тыя, што патапілі крэйсер «Масква», адкінула расейскі флот за гарызонт. А наватарскія надводныя караблі без экіпажа дапамагаюць утрымліваць іх у сваіх партах», – канстатаваў спецыялізаваны марскі рэсурс Naval News яшчэ ўвесну 2023 года.

Падзеі апошняга часу дэманструюць, што і на сваіх базах караблі Чарнаморскага флоту ўсё часцей робяцца мішэнню для ўкраінскіх ракетаў і дронаў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў