Музыкаў «Nizkiz» перавялі ў следчы ізалятар у Менску


На траіх музыкаў з гурта «Nizkiz», відаць, заведзеная крымінальная справа – іх перавялі ў следчы ізалятар у Менску, паведамляе «MAYDAY TEAM».

Nizkiz
Затрыманыя ўдзельнікі гурта «Nizkiz». Калаж: zerkalo_io / Telegram

Якія канкрэтна злачынствы ставяць у віну музыкам Аляксандру Ілліну, Сяргею Кульшу і Дзмітрыю Халяўкіну, на гэты момант невядома, падкрэсліваюць аўтары тэлеграм-каналу.

Нагадаем, што музыкаў «Nizkiz» затрымалі раніцай 5 студзеня. У сюжэце, які паказалі на дзяржаўным тэлебачанні, прапагандысты сцвярджалі, што «пасля падзеяў 2020 года музыкі пакінулі Беларусь і вось пастанавілі вярнуцца», аднак гэтую інфармацыю зняпраўдзілі праваабаронцы: удзельнікі гурта не з’язджалі з Беларусі пасля 2020 года, яны працягвалі жыць у Беларусі, часам выязджаючы ў іншыя краіны на канцэрты, але пры гэтым вяртаючыся на радзіму.

8 студзеня суд Ленінскага раёну Магілёва разгледзеў адміністратыўныя справы Сяргея Кульшы і Дзмітрыя Халяўкіна паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Суд над Аляксандрам Ілліным адбыўся 10 студзеня.

17 студзеня ў тэлеграм-канале ГУБАЗіК было апублікаванае чарговае відэа з удзельнікамі гурта «Nizkiz», у якім музыкі гавораць пра свой удзел у пратэстах і тое, што «найбліжэйшыя пяць гадоў будуць спяваць у месцах пазбаўлення волі». «Мы, гурт «Nizkiz», выйшлі на вуліцу для ўдзелу ў беспарадках, спявалі песні для пратэстоўцаў, у тым ліку для «Белсату». Цяпер мы будзем спяваць у найбліжэйшыя пяць гадоў у месцах пазбаўлення волі. Такія вось правілы», – казаў на камеру фронтмэн гурта Аляксандр Іллін.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў