Сімвалізм дзевяці пярсцёнкаў Пуціна праз прызму сусвету Толкіна


Мала хто мог прадказаць, што маскоўскія ўлады так блізка да сэрца прымуць тое, як іх армію ва Украіне называюць оркамі – жорсткімі жаўнерамі арміі Цемры ў звышпапулярным фантастычным свеце толкінаўскага Міжзем’я. Відаць, гэтага крамлёўскім уладарам паказалася мала, і на апошняй сустрэчы лідараў краінаў СНД у Расеі Уладзімір Пуцін прэзентаваў прысутным 8 залатых пярсцёнкаў (і не забыўся ўзяць дзявяты сабе).

Крыніца: pul_1 / Telegram

Інтэрнэт не мог не выбухнуць жартамі: ад фотажабаў да іранічных каментароў палітычных каментатараў, афіцыйных арганізацыяў, медыяў і сапраўдных навукоўцаў. Чаму? Праз назгулаў.

Хто такія назгулы?

Дзевяць пярсцёнкаў кіраўнікам СНД адразу нагадалі ўсім пра 9 пярсцёнкаў улады, якія даў уладар Цемры Саўрон 9 людзям-каралям. Каралі атрымалі магічныя здольнасці, магутнасць, амаль поўную несмяротнасць. Аднак з цягам часу страцілі чалавечае аблічча і сталіся зданепадобнымі нявольнікамі – слугамі Саўрона, смяротна небяспечнымі назгуламі.

Праз сотні гадоў, каб вызваліць свой сусвет ад поўнага захопу сіламі Цемры, героі вандруюць і змагаюцца, каб знішчыць галоўны пярсцёнак улады.

Крыніца: pikabu.ru / dsnews.ua

Гэтую гісторыю, якую апісаў англійскі прафесар Джон Толкін у эпічнай трылогіі «Уладар пярсцёнкаў», ведаюць усе, хто хоць трохі абазнаны ў сусветнай літаратуры ХХ стагоддзя. У шмат якіх краінах кніга саступала ў продажах толькі Бібліі.

У ХХІ стагоддзі трылогію экранізаваў рэжысёр Пітэр Джэксан. Праца паставіла сусветны рэкорд свайго часу паводле збораў: тры фільмы сабралі $ 2,99 мільярда. Гэтак, з гісторыяй Толкіна пра пярсцёнкі ўлады знаёмыя мільярды людзей па ўсім свеце – і чытачы, і гледачы.

Улада і яе вобраз у толкінаўскім сусвеце

Аднак пярсцёнкі улады ў Толкіна – гэта не толькі сімвал падступнага падарунку людзям ад сілаў Цемры. Дый сам Саўрон – гэта не проста нейкае абстрактнае абсалютнае зло. Толкін пісаў у сваіх лістах вельмі канкрэтна, што меў на ўвазе:

«У маёй гісторыі я не пішу пра абсалютнае зло… Сатана паў. У маім міфе ён паў яшчэ да стварэння фізічнага сусвету. У маёй гісторыі Саўрон рэпрэзентуе максімальна блізкае набліжэнне да абсалютнага зла. Ён прайшоў шляхам усіх тыранаў: пачаў з таго, што хацеў зарганізаваць усё жыццё жыхароў Зямлі так, як лічыў найлепшым для іх ён сам. Аднак ён пайшоў далей за зямных тыранаў у ганарлівасці і празе да татальнай улады, бо быў ад пачатку несмяротным (анёльскім) стварэннем». 

Пярсцёнак Усеўладдзя, які насіў Саўрон. Крыніца: bloknot.ru

Толкін, шчыры каталік, прагу аднаасобнай улады і навязванне сваёй волі іншым людзям лічыў справаю Сатаны ды ягоных слугаў. Ён і ягоныя добрыя героі, якія існуюць на фантастычнай дахрысціянскай Зямлі, лічаць цалкам непрымальным для сябе рабіць куміра і Бога з любога зямнога правадыра, кіраўніка ці караля. Сапраўдны ж Бог ва «Уладары пярсцёнкаў» існуе нібыта схаваны: біблейская і евангельскія гісторыі там яшчэ не пачаліся.

«Гэтая кніга пра Бога і Ягонае выключнае права на ўшанаванне як Бога… Саўрон жадаў быць Богам-Валадаром, і менавіта так яго шанавалі ягоныя слугі. Калі б Саўрон перамог, ён бы патрабаваў ад усіх разумных істотаў прызнаць яго Богам і абсалютнай улады над усім светам», – піша Толкін.

З пэўнай іроніяй прафесар-філолаг называў сябе анархічным манархістам, то бок падтрымліваў захаванне традыцыйных еўрапейскіх манархіяў, але пры мінімальным умешванні дзяржавы ў прыватнае жыццё людзей і ў дзейнасць самаарганізаваных чалавечых (тэрытарыяльных ці прафесійных) групаў.

Толкінаўскія добрыя каралі першымі ідуць у бой і справядліва судзяць, але ніколі не прэтэндуюць на правы, якія належаць толькі самому чалавеку і Богу. Калі ж яны парушаюць гэтыя правілы, гэта дрэнна заканчваецца і для іх, і для іхных каралеўстваў.

Улада для Толкіна – магутны механізм разбэшчвання чалавека, і толькі самыя моцныя ды найлепшыя могуць стрымаць сябе ад злых учынкаў, атрымаўшы ўладу.  Пярсцёнкі – гэта яшчэ і яскравы сімвал мэтанакіравана карумпаванай улады і моцы, атрыманай з рук слугаў Цемры.

Сімвалічны правал. Ці прарыў праўды?

Вырабляць і публічна раздаваць 9 пярсцёнкаў улады ў гэтым ужо агульначалавечым культурніцкім кантэксце, мякка кажучы, не самае разумнае рашэнне.

Фрода нясе галоўны пярсцёнак улады, каб яго знішчыць. Крыніца: dsnews.ua

«Упэўненая, што ўсе паралелі ўбачылі і прачыталі. Ніхто не планаваў такога павароту загадзя. Але тут важна іншае: логіка літаратурнага міфу працуе насуперак нашаму жаданню. Гэта павінны былі ведаць адмыслоўцы PR», – напісала ў Facebook кандыдат філалагічных навук, прафесар маскоўскай Вышэйшай школы эканомікі і спецыялістка ў фантастыцы Марыя Штэйнман. 

Здаецца, амаль усе лідары СНД таксама ўсё зразумелі і не сталі пярсцёнкаў надзяваць. Толькі Аляксандр Лукашэнка потым трапіў на камеры з такім пярсцёнкам на руцэ, і хіба што толькі пралукашэнкаўскі тэлеграм-канал «Пул Первого» пахваліўся падаруначкам з Мордару, ой, прабачце, з Масковіі. Калісьці пазней мы дазнаемся, было гэта праяваю нечуванага невуцтва ці свядомаю дэманстрацыяй гатовасці аддана служыць Крамлю.

Аляксандр Лукашэнка надзеў пярсцёнак, падараваны Пуціным
Фота: pul_1 / Telegram

Скажам так: беларусы даўно ведалі, што гэты чалавек імкнецца да пераўтварэння ў назгула, але не ведалі, што гэта адбудзецца гэтак яўна.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў