Навошта ўладам Беларусі ладзіць пагромы ў сваякоў чальцоў КР і НАУ? Губарэвіч мае тлумачэнне


Ранкам 28 лістапада стала вядома пра хвалю пагромаў у дамах праціўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Прыйшлі да сем’яў чальцоў Каардынацыйнай рады і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч расказаў «Белсату», што вядома пра мэты пагромаў.

Юрый Губарэвіч
Юрый Губарэвіч на сустрэчы са студэнтамі Познанскага ўніверсітэту, Польшча. 30 кастрычніка 2020 года.
Фота: Юрый Губарэвіч / Facebook

На момант публікацыі невядомы поўны маштаб. Праваабаронцам вядома пра пагромы ў старшыні Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Паўла Латушкі і некалькіх чальцоў каманды НАУ, у старшыні руху «За свабоду» Юрыя Губарэвіча, у эканаміста і сябра КР Сяргея Чалага, у дэлегата КР Міхаіла Таўбэ, у колішняга лідара «Маладога фронту» Артура Фінькевіча і прэс-сакратара Святланы Ціханоўскай Ганны Красулінай.

Паводле звестак Паўла Латушкі, сілавікі заходзяць у дамы ўзброеныя, апісваюць і арыштоўваюць маёмасць.

Каментар
Латушка пра хвалю пагромаў: сілавікі ўзброеныя, арыштоўваюць маёмасць сваякоў актывістаў
2023.11.28 15:13

Юрый Губарэвіч расказвае «Белсату», што мае мала інфармацыі пра тое, што адбылося паводле адрасу ягонай прапіскі, бо ён не жыве там ужо больш за два гады і не мае там ніякай маёмасці. Але ведае, што цікавасць сілавікоў не толькі да яго, але і да чальцоў Каардынацыйнай рады, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і іншых дэмакратычных структураў.

«Хутчэй за ўсё, гэта канец года, нявыкананыя планы ў сілавікоў, – выказвае здагадку Губарэвіч. – Недастаткова людзей яны знаходзяць у Беларусі, каб затрымаць і пасадзіць. Планы не выконваюцца, людзі працягваюць супраціў. Не пахне тым, што сітуацыя пераменіцца, а грамадзяне Беларусі пачнуць падтрымліваць рэжым. Вось такая злосць ад бяссілля».

На думку Губарэвіча, «паходы па старых адрасах» нічога не дадуць сілавікам.

Паводле звестак «Вясны», ператрусы ладзяць паводле «справы выбараў у Каардынацыйную раду», у якой ёсць крымінальныя артыкулы за здраду дзяржаве, змову з мэтай захопу ўлады, заклікі да санкцыяў, стварэнне экстрэмісцкага фармавання і экстрэмісцкую дзейнасць.

Губарэвіч дапускае, што ў нейкай ступені хваля пагромаў можа быць звязаная з выбарамі ў КР, але звяртае ўвагу на тое, што ператрусы адбываюцца не толькі ў сябраў КР. За гэтымі дзеяннямі могуць быць розныя сігналы. Можа, Аляксандр Лукашэнка хацеў рэсэту стасункаў з Польшчаю пасля польскіх выбараў, а тая не імкнецца ў абдымкі, дык Лукашэнка ад нецярплівасці адрываецца на ўласных грамадзянах?

Інтэрв’ю
На выбарах-2024 апазіцыя наўрад ці «пахісне рэжым». Але будзе альтэрнатыўная кампанія
2023.11.23 07:16

Дамініка Кунцэвіч, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў