ЗША распачынаюць распрацоўку новага варыянту сваёй галоўнай ядравай бомбы


Міністэрства абароны ЗША абвесціла аб пачатку распрацоўкі сучаснага варыянту ядравай гравітацыйнай бомбы В61, якая атрымае код В61-13. Праца над новай мадыфікацыяй галоўнай ядравай зброі Злучаных Штатаў распачнецца пасля дазволу Кангрэсу.

Бомба В61-12.
Фота: ВПС ЗША

Распрацоўваць В61-13 будзе Нацыянальнае ўпраўленне ядравай бяспекі Міністэрства энергетыкі ЗША (NNSA). Рашэнне аб мадэрнізацыі бомбы было прынятае ў адказ на хуткія змяненні ў галіне бяспекі.

«Сённяшняя абвестка адлюстроўвае зменлівую абстаноўку ў галіне бяспекі і растучыя пагрозы з боку патэнцыйных праціўнікаў, – заявіў памочнік міністра абароны па касмічнай палітыцы Джон Пламб. – Злучаныя штаты абавязаныя працягваць ацэньваць і размяшчаць патэнцыял, неабходны для надзейнага стрымлівання, і, пры неабходнасці, рэагавання на стратэгічныя атакі, і запэўніваць у гэтым нашых саюзнікаў».

В61-13 будзе дастаўляцца з дапамогай сучасных самалётаў, што ўзмацніць стрымліванне праціўнікаў і дасць упэўненасць саюзнікам і партнёрам, прадставіць прэзідэнту дадатковыя магчымасці супраць некаторых больш складаных і шырокіх вайсковых мэтаў. Новая бомба заменіць некаторыя бомбы В61-7 у цяперашніх ядравых арсеналах ЗША, і будзе мець магутнасць, аналагічную В61-7 і вышэйшую, чым В61-12.

«В61-13 уяўляе сабой разумны крок для вырашэння праблемаў высокадынамічных змяненняў у галіне бяспекі, – сказаў Пламб. – Хоць гэта дасць нам дадатковую гнуткасць, вытворчасць В61-13 не павялічыць агульную колькасць зброі ў нашым ядравым арсенале».

В61-13 будзе выкарыстоўваць перавагі вытворчых магчымасцяў, якія падтрымліваюць В61-12 і будзе ўключаць у сябе сучасныя функцыі бяспекі, абароны і дакладнасці В61-12.

Hавiны
Расея заявіла, што не выведзе ядравай зброі з Беларусі, пакуль ЗША не прыбяруць сваёй з Еўропы
2023.10.06 10:01

Ініцыятыва мадэрнізацыі тэрмаядравай бомбы разглядалася на працягу некалькіх месяцаў. Разгортванне В61-13 не з’яўляецца адказам на нейкую канкрэтную бягучую падзею, яно адлюстроўвае ацэнку зменлівай абстаноўкі ў галіне бяспекі, падкрэслівае Міністэрства абароны ЗША.

В61 – тэрмаядравая гравітацыйная бомба з пераменнай магутнасцю зараду, асноўная ядравая зброя Стратэгічных ядравых сілаў ЗША. В61 была распрацаваная ў 1963 годзе і першапачаткова называлася ТХ-61. В61-7 мае чатыры варыянты зараду, з максімумам у 340 кілатон.

У 2015 годзе ЗША правялі выпрабаванні папярэдняй мадыфікацыі бомбы – В61-12 без боезараду. У краіне з 1992 мараторый на ядравыя выпрабаванні.

Дзяржаўная дума Расеі 17 кастрычніка 2023 года прыняла ў першым чытанні законапраект аб адкліканні ратыфікацыі Дамовы аб усёабдымнай забароне ядравых выпрабаванняў.

Hавiны
У Расеі падчас вучэнняў адпрацавалі «масіраваны ядравы ўдар у адказ на ядравы ўдар суперніка»
2023.10.25 22:58

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў