Родныя атрымалі ліст ад старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Ён баіцца, што памрэ ў няволі


Сваякі атрымалі ліст ад палітвязня Рыгора Кастусёва, перадае радыё «Свабода». Ён напісаў, што пражыць за кратамі яшчэ шэсць гадоў «выглядае складанай задачай». Палітык адзначыў гэта, згадаўшы, што столькі часу трэба пратрымацца да 50-й гадавіны шлюбу з жонкай Ларысай.

Рыгор Кастусёў. Крыніца: Алесь Соболевский / Facebook

У лісце родным старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў павіншаваў жонку Ларысу з 44-годдзем іхнага шлюбу.

«Праз шэсць гадоў будзе 50 гадоў нашага супольнага жыцця. Я раней усё думаў шмат аб гэтай даце. Хацеў бы сабраць кучу гасцей і адзначыць з размахам. Але зараз, на жаль, погляды сталі больш песімістычнымі. Аптымізму паменшала, бо пражыць яшчэ шэсць гадоў выглядае складанай задачай», – напісаў палітык.

У верасні 2022 года суддзя Менскага раённага суда Уладзімір Арэшка прызначыў Кастусёву 10 гадоў калоніі нібыта за змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам.

За кратамі ў палітыка абвастрыліся праблемы са здароўем – у яго выявілі анкалагічнае захворванне. 66-гадовы палітвязень таксама скардзіўся на варыкоз і боль у нагах:

«Ноччу даводзіцца ляжаць на голых дошках, а ўдзень нармальна немагчыма нават пасядзець».

У калоніі палітыка кідалі ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу.

У сярэдзіне студзеня сталася вядома, што суддзя суда Івацэвіцкага раёну Сяргей Кухацкаволец пастанавіў перавесці Кастусёва на турэмны рэжым.

Стан здароўя палітвязня занепакоіў ААН. Эксперты арганізацыі заклікалі або змяніць яму форму пазбаўлення волі, або цалкам вызваліць.

Hавiны
У хворага на анкалогію старшыні Партыі БНФ у вязніцы працягвае пагаршацца здароўе
2024.02.17 17:44

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў