Эксперты ААН занепакоіліся станам здароўя палітвязня Рыгора Кастусёва


Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў за кратамі з 12 красавіка 2021 года, яго асудзілі за «змову з мэтай захопу ўлады» на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У няволі ў яго абвастрыліся праблемы са здароўем, выявілі анкалогію. Эксперты ААН выказалі занепакоенасць і заклікалі вызваліць палітвязня.

Рыгор Кастусёў.
Фота: Партыя БНФ / Facebook

Эксперты Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, у тым ліку спецыяльная дакладчыца па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, падпісалі супольны зварот за вызваленне «палітычнага ветэрана» Рыгора Кастусёва. 66-гадовы зняволены пакутуе на рак.

«Непрадастаўленне адэкватнай медычнай дапамогі і догляду асобам, якія знаходзяцца ў цяжкім стане, парушае абавязальніцтвы Беларусі ў адпаведнасці з міжнародным правам у галіне правоў чалавека па гуманным абыходжанні з асобамі, пазбаўленымі волі, і з павагай да іхнай годнасці, — адзначаюць эксперты ААН. – Гэта можа называцца нават катаваннем».

Эксперты адзначылі няздольнасць турэмнай медычнай службы своечасова даць Кастусёву, ягоным адвакатам і блізкім вынікі медычных абследаванняў, і заявілі, што ўлады Беларусі пазбавілі Кастусёва магчымасці эфектыўна дамагацца вызвалення праз медычныя паказанні. Нягледзячы на хваробу, Кастусёва кідалі ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу, «сумна вядомыя бесчалавечнымі ўмовамі», як пішуць эксперты ААН. Пры тым эксперты не згадваюць, што Кастусёва нядаўна перавялі з калоніі на турэмны рэжым.

З улікам стану здароўя Кастусёва, эксперты ААН заклікалі ўлады Беларусі разглядзець магчымасць ягонага памілавання або змякчэння пакарання з заменай формы пазбаўлення волі згодна з міжнароднымі стандартамі – так званымі такійскімі правіламі. Эксперты ААН запэўнілі, што трымаюць кантакт з уладамі Беларусі адносна звестак пра стан здароўя Кастусёва.

У пачатку кастрычніка 2024 года, пасля выхаду з ШІЗА, Кастусёў меў магчымасць патэлефанаваць родным. Ён расказаў, што яму моцна баляць і ацякаюць ногі, турбуе варыкоз: «Ноччу даводзіцца ляжаць на голых дошках, а ўдзень нармальна немагчыма нават пасядзець». Пазней стала вядома, што палітвязня змяшчалі ў ПКТ на паўгода.

Hавiны
У хворага на анкалогію старшыні Партыі БНФ у вязніцы працягвае пагаршацца здароўе
2024.02.17 17:44

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў