Ці актуальна для Беларусі пагроза ўступлення ў вайну супраць Украіны?


Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, якое разгортвалася ў тым ліку з беларускай тэрыторыі, уступленне Беларусі ў вайну доўгі час выглядала вельмі імаверным сцэнаром. Аднак потым напружанне на беларускім кірунку пачало зніжацца і тэма другога фронту амаль знікла з медыяпрасторы. Ці азначае гэта, што роля Беларусі ў расейска-украінскім канфлікце ўжо не зменіцца? Або рызыка ўступлення ў вайну ўсё-ткі захоўваецца?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы з 115 брыгады ТРА на вучэннях ля мяжы з Беларуссю ў Жытомірскай вобласці, Украіна. 25 красавіка 2023 года.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

26 лістапада камандуючы Аб’яднанымі сіламі ЗСУ Сяргей Наеў заявіў у інтэрвʼю «ABC News», што цяпер адбываецца «вайна рэсурсаў». Паводле генерала, калі дапамога Украіне ад заходніх саюзнікаў зменшыцца, а Расея працягне нарошчваць вытворчасць зброі і ўдасканальвацца тэхналагічна з дапамогай сваіх хаўруснікаў, то баявыя дзеянні могуць зноў пашырыцца за межы Усходу і Поўдня Украіны. «Мы да гэтага рыхтуемся, – сказаў ён – Мы будуем абарону, мініруем і трэнуем нашы сілы».

Наеў не патлумачыў, на якіх кірунках, на ягоную думку, могуць у такім выпадку аднавіцца баявыя дзеянні. Аднак вядома, што генерал кіруе вайсковай групоўкай, якая ў тым ліку адказная за абарону мяжы з Беларуссю. Таму ягоныя словы выглядаюць як намёк на тое, што Расея яшчэ можа паспрабаваць зладзіць новы паход на Кіеў, які ў лютым 2022 году разгортваўся ў першую чаргу з беларускай тэрыторыі.

Вайна рэсурсаў

Са словаў Наева вынікае, што пакуль пагроза эскалацыі неактуальна – гэта можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі баланс у «вайне рэсурсаў» істотна зменіцца на карысць Расеі. Аднак змена балансу – зусім не фантастычная перспектыва. Улічваючы цяперашнія тэндэнцыі, у 2024 годзе падобны сцэнар сапраўды не выключаны.

Восенню 2023 года стала відавочна, што Расея пераводзіць сваю прамысловасць на ваенныя рэйкі значна хутчэй, чым чакалася і чым гэта робяць краіны NATO. Напрыклад, паводле заходніх медыяў, нягледзячы на санкцыі, Расея ў параўнанні з лютым 2022 года здолела ўдвая павялічыць выпуск боепрыпасаў. У некалькі разоў пераўзышла прагнозы і ракетная вытворчасць РФ: украінская разведка лічыла, што расейцы здолеюць вырабляць максімум некалькі дзясяткаў высокадакладных ракет, а потым высветлілася, што толькі за кастрычнік яны вырабілі 115 адзінак.

Плюс Расея атрымлівае дапамогу ад сваіх саюзнікаў – Ірану і КНДР. Як стала вядома ў пачатку лістапада, Паўночная Карэя перадала Расеі больш за мільён артылерыйскіх снарадаў – гэта каласальная лічба. Пры тым што мэта краінаў ЕЗ вырабіць мільён боепрыпасаў для Украіны, нягледзячы на ўсе намаганні, застаецца пакуль недасяжнай.

Ключавой у гэтым сэнсе застаецца пазіцыя Злучаных Штатаў, якія лідаруюць у праўкраінскай кааліцыі ды надаюць Кіеву найбольшую, крытычна важную дапамогу. Праз унутрыпалітычныя спрэчкі ЗША дасюль не могуць ухваліць фінансаванне для Украіны на 2024 год і невядома, калі гэтую пытанне атрымаецца вырашыць. Белы дом прызнае, што затрымка дапамогі ўжо адбіваецца на здольнасці Украіны абараняцца ад расейскай агрэсіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы едуць на БМП каля прыфрантавога гораду Часаў Яр, Данецкая вобласць, Украіна. 25 лістапада 2023 года.
Фота: Madeleine Kelly / Zuma Press / Forum

Цяперашні статус-кво можа ў 2024 годзе змяніцца не толькі адносна матэрыяльных, але і чалавечых рэсурсаў. Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў заявіў 20 лістапада, што пасля сакавіцкіх выбараў прэзідэнта РФ пуцінскі рэжым канчаткова «зацэментуецца»: Крэмль атрымае магчымасць разгарнуць на поўную магутнасць свой вайсковы патэнцыял і правесці татальную мабілізацыю. Таму Украіна і свет маюць не больш за чатыры месяцы на падрыхтоўку.

Сцэнар, які апісвае Данілаў, выглядае цалкам рэалістычна. Падобна на тое, што праз страх унутрыпалітычных наступстваў Уладзімір Пуцін сапраўды схільны адкладаць непапулярныя рашэнні да апошняга – пра гэта, у прыватнасці, сведчыць досвед частковай мабілізацыі восенню 2022 года. Імаверна, перад выбарамі 2024 году Крэмль на новую мабілізацыю не пойдзе, а вось пасля электаральнай кампаніі, на хвалі пераабрання, для Пуціна сапраўды наступіць найбольш зручны момант.

Дзе можа ўзнікнуць новы фронт?

Уявім, што сапраўды вясной-летам 2024 году Расея здолее забяспечыць сябе істотную перавагу ў вайне рэсурсаў. Аднак чаму пасля гэтага вайна мусіць пашырыцца за межы Усходу і Поўдня Украіны?

Насамрэч гэта зусім не абавязкова. За кошт новых рэзерваў Расея можа паспрабаваць стварыць крытычны ціск на абарону ЗСУ там, дзе цяпер ужо ідуць баі – Аўдзееўка, Вуглядар, Ліман, Купянск і г.д. З аднаго боку, для Крамля было б лагічна ў першую чаргу засяродзіцца на заваяванні тэрыторыяў, якія на падставе «псеўдарэферэндумаў» яны абвесціла сваімі (Запарожская, Херсонская, Данецкая і Луганская вобласці). З іншага боку, нанясенне ўдару на новым кірунку можа падацца расейскаму камандаванню вельмі прывабнай ідэяй ва ўмовах пазіцыйнага тупіку на Поўдні і Усходзе.

Нагадаем, што ў лютым-сакавіку 2022 году расейскае ўварванне праходзіла на вялікіх тэрыторыях поўначы і паўночнага ўсходу Украіны. Тэатр ваенных дзеянняў распаўсюджваўся на Кіеўскую, Чарнігаўскую і Сумскую вобласці. Вясной 2022-га пасля адступлення расейскага войска баявыя дзеянні ў гэтых рэгіёнах спыніліся, бакі вярнуліся там да агульнапрызнаных дзяржаўных межаў. Аднак пакуль вайна не скончылася, усё гэта – патэнцыйная лінія фронту, пра што пастаянна нагадваюць украінскія вайскоўцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі праходзяць міма плакату да Дня абаронцаў Айчыны перад праваслаўным храмам у Маскве, Расея. 20 лютага 2023 года.
Фота: Alexander Nemenov / AFP / East News

Для Расеі са стратэгічнага пункту гледжання наступленне з тэрыторыі Беларусі на Кіеў або на Заходнюю Украіну – гэта хіба што адзіная магчымасць дасягнуць поўнай перамогі ў вайне. Акупацыя Данбасу, Запарожскай і Херсонская абласцей аўтаматычна не прывядуць да паразы Украіны, а вось страта сталіцы або перакрыццё паставак заходняй зброі сапраўды можа стаць смяротным ударам.

Безумоўна, расейскае кіраўніцтва і само разумее, што гэтая задача – надзвычай складаная. У лютым 2022 года на карысць Расеі гуляў эфект нечаканасці. Цяпер эфекту нечаканасці быць не можа. Агрэсару прыйдзецца наступаць на добра падрыхтаваныя і шчыльна замінаваныя пазіцыі ЗСУ, якія з улікам нязручнай для наступу мясцовасці могуць стаць проста непрыступнымі. Аднак калі Расея назапасіць дастаткова рэсурсаў, каб пашырыць тэатр ваенных дзеянняў і мець там перавагу над ЗСУ, то новага наступлення з боку Беларусі ўсё-ткі выключаць нельга. У Крамля можа з’явіцца занадта вялікая спакуса скончыць вайну адным ударам.

Што гэта будзе значыць для Беларусі?

Падзеі 2022-2023 году паказалі, што Аляксандр Лукашэнка не мае намеру па ўласнай ініцыятыве дасылаць сваю армія на вайну супраць Украіны. Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі не аддаў адпаведнага загаду тады, калі Украіна была значна больш уразлівай, а Расея значна больш магутнай, і яму тым больш няма сэнсу ўцягвацца ў канфлікт цяпер, калі сітуацыя на фронце для абодвух бакоў зайшла ў пазіцыйны тупік. Наперадзе ў Беларусі вялікі электаральны цыкл (адзіны дзень галасавання, фармаванне УНС, прэзідэнцкія выбары). Уступленне ў такі неспакойны для рэжыму перыяд – гэта яшчэ адзін стрымліваючы фактар ад любых ваенных авантур.

Паказальна, як эвалюцыянавала рыторыка афіцыйнага Менску: агрэсіўны мілітарызм пачатку 2022 году змяніўся больш мяккімі фармулёўкамі і перамалёўваннем «чырвоных лініяў». Яшчэ ў лютым 2023 году Лукашэнка пагражаў уступіць у вайну, калі хоць адзін варожы салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі. А ўжо ў чэрвені ён тлумачыў, што для яго casus belli – гэта толькі поўнамаштабная агрэсія, а не нейкія памежныя абстрэлы, сутычкі або дыверсійныя рэйды, кшталту тых, што ладзіліся ў Белгарадскай вобласці. Часам Лукашэнка ўвогуле прызнае, што «ніхто на нас нападаць не збіраецца». Фактычна сёлета ён выразна даў зразумець, што далучацца да расейскай «СВА» не плануе.

Аналітыка
Як і чаму афіцыйны Кіеў карэктуе сваю палітыку ў дачыненні Беларусі
2023.06.02 07:00

Разам з тым, калі Расея здолее сфармаваць магутную наступальную групоўку і захоча выкарыстаць Беларусь для новага паходу на Кіеў, то Лукашэнка наўрад ці гэтаму перашкодзіць. Мяркуючы па досведу 2022-2023 году, Крэмль мае фактычна поўны карт-бланш на выкарыстанне беларускай тэрыторыі ў вайсковых мэтах, прычым складаецца ўражанне, што самаабвешчанага кіраўніка Беларусі часам проста ставяць перад фактам. Лукашэнка і сам у лютым 2023 году заявіў журналістам, што гатовы зноў прадаставіць расейцам тэрыторыю Беларусі для ўварвання ва Украіну.

Калі Беларусь пераўтворыцца ў плацдарм, то краіна можа стаць арэнай баявых дзеянняў нават без жадання Лукашэнкі. На пачатку вайны ў кіраўніцтва Украіны не было ні сілаў, ні рашучасці для нанясення контрудараў па беларускай тэрыторыі. Цяпер, падобна, у іх ёсць і адно, і другое. Прадстаўнікі афіцыйнага Кіева не раз папярэджвалі, што гэтым разам яны не стануць цярпець і Беларусь атрымае такі адказ, на які і не разлічвала. Сумнявацца ў сур’ёзнасці намераў украінскага боку не выпадае: ЗСУ ў гэтай вайне не раз дэманстравалі здольнасць наносіць удары на сотні кіламетраў углыб расейскай тэрыторыі.

Паказальна, што рэжым Лукашэнкі з 2022 года няспынна распрацоўвае і ўхваляе законы ды ўказы, якія могуць спатрэбіцца на выпадак вайны. У значнай ступені гэтыя захады прымаюцца з улікам досведу расейскай агрэсіі супраць Украіны, некаторыя нормы з’яўляюцца відавочная калькай з заканадаўства РФ. Усе гэта сведчыць пра тое, што ўступленне ў вайну ў той ці іншай форме Лукашэнка разглядае як цалкам рэальны сцэнар, да якога варта быць гатовымі.

Такім чынам, нельга сказаць, што пагроза ўцягвання Беларусі ў вайна цалкам знікла. У выпадку значнага скарачэння заходняй дапамогі для Украіны, назапашвання Расеяй вайсковых рэсурсаў і правядзення татальнай мабілізацыі, могуць узнікнуць умовы для таго, каб Беларусь пераўтварылася ў тэатр ваенных дзеянняў. Аднак пакуль такі сцэнар застаецца гіпатэтычным і прадугледжвае занадта шмат «калі».

Аналітыка
Расея нападзе на NATO праз 6-10 гадоў? На чым грунтуецца гэты прагноз і што азначае
2023.11.22 17:08

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў