Лукашэнка прыгразіў знішчыць мільён чалавек. Тлумачым, чаму, хутчэй за ўсё, гэта блеф


Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю прапагандыстцы Вользе Скабеевай заявіў, што ён атрымаў ад Расеі ядравыя бомбы, кожная з якіх здольная імгненна забіць каля мільёна чалавек. Паводле самаабвешчанага кіраўніка Беларусі, узгадніць з Крамлём выкарыстанне такой зброі не праблема і ён зробіць гэта без ваганняў. «Няхай ворагі дрыжаць», – заявіў ён. Аднак, хутчэй за ўсё, пагрозы Лукашэнкі з’яўляюцца блефам. Belsat.eu тлумачыць чаму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Grits / AP Photo / East News

Ці сапраўды ў Лукашэнкі ўжо ёсць атамная бомба?

Падобна на тое, што Лукашэнка ўжо і сам заблытаўся, ёсць у яго ядравая зброя або ён яе пакуль толькі чакае.

Яшчэ 31 сакавіка падчас звароту да Нацыянальнага сходу Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі размяшчаецца бомба, «якая ў 2-3 разы мацней за Хірасіму і Нагасакі». Ён казаў пра гэта менавіта ў цяперашнім часе, як пра факт, які ўжо адбыўся. Аднак праз паўтары месяцы, у сярэдзіне траўня прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў заявіў, што заява пра размяшчэнне тактычнай ядравай зброі (ТЯЗ) гэта проста заява, а ў практычным сэнсе нічога зроблена не было.

25 траўня падчас саміту ЕАЭС у Маскве Лукашэнкі паведаміў, што Пуцін толькі цяпер падпісаў указ аб размяшчэнні ТЯЗ у Беларусь. Паралельна ў Менску міністры абароны дзвюх краінаў падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак выкарыстання спецыяльных сховішчаў для ядравай зброі. То бок гэта можна лічыць ускосным пацвярджэннем таго, што заява Лукашэнкі ад 31 сакавіка не адпавядала рэчаіснасці – на тэрыторыі Беларусі тады не магло быць ядравай бомбы.

Нават 25 траўня Лукашэнка не быў упэўнены, што ядравыя боепрыпасы ўжо ў краіне, ён толькі распавёў журналістам, што пачалося іх перамяшчэнне. «Яна ўжо ў Беларусі?» – запыталіся ў яго. «Магчыма. Я прыеду – пагляджу», – адказаў Лукашэнка. Пры гэтым украінскае камандаванне і ў пачатку чэрвеня не бачыла прыкметаў таго, што ядравыя боепрыпасы прыбылі ў Беларусь – на той момант гаворка ішла толькі пра перакідванне носьбітаў.

13 чэрвеня Лукашэнка зноў заявіў, што атрымаў ад Расеі ядравыя ракеты і бомбы. Тут нават прапагандыстка Скабеева не вытрымала і ўдакладніла: дык усё-ткі атрымалі? На што Лукашэнка адказаў унікліва: «Ну не ўсё, памаленьку». І паабяцаў Скабеевай паказаць бомбы і ракеты, «калі толькі завязём».

То бок сітуацыя дасюль застаецца не да канца зразумелай.

Ці сапраўды магутнасць бомбы ў Беларусі будзе ў 2-3 больш за Хірасіму?

«Бомбы мы атрымалі ад Расеі — у тры разы больш магутныя, чым Хірасіма і Нагасакі. Там больш за 80 тысяч імгненна загінулі, 250 ад аднаго ўдару. А гэта адна бомба ў тры разы больш магутная — гэта, ну, я не ведаю, мільён чалавек загіне адразу», – адзначыў Лукашэнка ў інтэрв’ю Скабеевай.

Заява Лукашэнкі пра магутнасць ядравай зброі таксама выклікае шмат пытанняў.

Калі расейская бомба сапраўды ў 2-3 магутнейшая за тыя, што былі скінутыя на Хірасіму і Нагасакі, то значыць размова можа ісці пра 40-60 кілатонаў. То бок яна супастаўляльная па сваіх разбуральных здольнасцях з савецкай «Цар-бомбай», выпрабаванне якой у 1961 годзе лічыцца наймагутнейшым тэрмаядравым выбухам у гісторыі чалавецтва (дыяметр зоны суцэльнага знішчэння склаў тады 70 кіламетраў). Такая магутнасць – зусім не характэрна для ТЯЗ, асноўную масу якой складаюць боегалоўкі на некалькі кілатонаў ці нават менш за кілатону.

Нельга сказаць, што словы Лукашэнкі нават у тэорыі не могуць адпавядаць рэальнасці. Насамрэч строгага падзелу паміж магутнасцю тактычных і стратэгічных ядравых боегаловак няма – ТЯЗ на 40-60 кілатонаў таксама могуць быць у расейскім арсенале. Але навошта гэтыя боегалоўкі Лукашэнку і ці мае краіна для іх адпаведныя носьбіты?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ракетны комплекс «Іскандэр-М».
Фота: vitalykuzmin.net / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 4.0

Раней заяўлялася, што носьбітамі ТЯЗ у Беларусі будуць ракетныя комплексы «Іскандэр-М» і штурмавікі Су-25. «Іскандэры-М» могуць біць на адлегласць да 500 км. Тактыка-тэхнічныя характарыстыкі гэтых комплексаў з ядравым складнікам афіцыйна ніколі не абвяшчаліся. Аднак, напрыклад, рэдактар спецыялізаванага расейскага выдання «Арсенал Отечества» Аляксей Ляванкоў зусім нядаўна ацэньваў ядравы складнік на «Іскандэрах-М» у 10 кілатонаў – гэта прыкладна палова Хірасімы, а зусім не 2-3. Безумоўна, выкарыстанне такой ракеты таксама прывядзе да страшнай катастрофы, аднак розніца ўсё-ткі істотная. Прычым наўрад лі пракрамлёўскі эксперт стаў бы заніжаць магчымасці «Іскандэраў-М» – хутчэй наадварот.

З самалётамі ўсё яшчэ цікавей. Раней заяўлялася, што экіпажы Су-25 вучыліся кіраваць ядравымі боепрыпасамі. Што гэта канкрэтна за боепрыпасы не ўдакладняецца. Аднак сам штурмавік разлічаны на выкарыстанне непасрэдна для падтрымкі сухапутных войскаў на поле бою – менавіта таму ён узброены ракетамі малога радыуса далёкасці. Прычым досвед цяперашняй вайны РФ і Украіны паказвае, што ніводны з бакоў не можа сабе дазволіць спакойна залятаць на варожую тэрыторыю – надзвычай высокая рызыка быць знішчанымі сіламі СПА. Такім чынам, радыус выкарыстання ядравых боегаловак Су-25 будзе ў любым выпадку вельмі абмежаваным – хутчэй за ўсё, толькі прыфрантавыя раёны.

Тактычная ядравая зброя ў прынцыпе прызначаныя для задачаў непасрэдна на тэрыторыі ваенных дзеянняў і нават на полі бою.  Выкарыстоўваць жа на поле бою боегалоўкі ў 2-3 Хірасімы – гэта відавочнае самазабойства. У такім выпадку большую частку гэтага знішчанага мільёна чалавек могуць скласці самі беларусы.

Аналітыка
Як размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі паўплывае на вайну ва Украіне?
2023.03.29 07:00

Ці сапраўды нанесці ядравы ўдар – не праблема?

Лукашэнка запэўнівае, што ў выпадку вайны выкарыстае ядравую зброю без ваганняў. Аднак Расея не перадае яму кантроль за ТЯЗ, не перадае права прымаць рашэнне аб яе выкарыстанні. Крэмль ад самага пачатку пра гэта казаў і не дапускаў нават тэарэтычнай магчымасці, што можа быць інакш. МЗС Беларусі, у тым ліку на ўзроўні ААН, таксама пастаянна кажа, што кантроль за ядравай зброяй застанецца ў РФ.

Лукашэнка ў размове са Скабеевай быў вымушаны дэ-факта прызнаць, што ўсё ж прыйдзецца ўзгадняць выкарыстанне ядравай зброі з Пуціным. Аднак гэта нібыта не праблема.

«Слухайце, калі пачнецца вайна, я чаго, буду глядзець па баках? Ды не. Зняў слухаўку, дзе б ён ні быў. Ён патэлефанаваў – я зняў трубку ў любы момант. Нават вось зараз. Таму што тут за праблема – узгадніць нанясенне нейкага там удару. Гэта не пытанне. Тут спрачацца нават няма чаго», – заявіў ён.

Насамрэч тут спрачацца ёсць пра што, бо незразумела, чаму Пуцін мусіць развязаць ядравую вайну дзеля Лукашэнкі. Ніводны дакумент яго гэта не абавязвае рабіць. Паводле арт. 27 Ваеннай дактрыны РФ, ядравая зброя можа быць выкарыстана толькі ў двух выпадках: 1) калі праціўнік сам ударыць па Расеі або па яе хаўруснікам зброяй масавага знішчэння; 2) калі на Расею нападуць з выкарыстаннем звычайнай зброі, але пад пагрозу будзе пастаўлена існаванне расейскай дзяржавы. Тое ж самае гаворыцца ў яшчэ адным базавым дакуменце – «Асновы дзяржаўнай палітыкі Расейскай Федэрацыі ў галіне ядравага стрымлівання». Двухбаковыя пагадненні Менска і Масквы таксама не абавязваюць Расею абараняць свайго хаўрусніка з выкарыстаннем ядравай зброі.

Такім чынам, выкарыстанне ядравай зброі – гэта пытанне, якое застаецца суцэльна на вырашэнне Пуціна (прычым яму для гэтага спатрэбіцца парушыць уласную ваенную дактрыну). Таму аргумент Лукашэнкі, што «узгадніць не праблема» – выглядае вельмі не пераканаўча.

А што з «чырвонымі лініямі»?

Аднак самае галоўнае пытанне: а дзе тыя «чырвоныя лініі», пасля перасячэння якіх ядравая зброя можа быць выкарыстана? Як вынікае з заяваў Лукашэнкі, намацаць «чырвоныя лініі» будзе вельмі няпроста.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Скабеева спрабавала атрымаць ад Лукашэнкі канкрэтны адказ: калі ён паўнавартасна ўступіць у «спецыяльную ваенную аперацыю» і пры якіх умовах можа быць выкарыстана ядравая зброя? Лукашэнкі заявіў, што ўступіць «СВА» толькі ў выпадку нападу на Беларусь. Прычым ён патлумачыў, што дыверсію ў Мачулішчах ці нават баявыя рэйды і абстрэлы кшталту тых, што цяпер маюць месца ў Белгарадскай вобласці, лічыць агрэсіяй нельга – гэта проста «правакацыі».

На гэтую заяву варта звярнуць самую пільную ўвагу. Яшчэ ў лютым 2023 году Лукашэнка пагражаў уступіць у вайну, калі хоць адзін варожы салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі. А цяпер аказваецца, што калі ў Беларусі паўторацца падзеі аналагічныя Белгародскім – то бок на тэрыторыю краіны ўвойдзе ўзброены атрад на бронятэхнікі і распачне баявыя дзеянні ў памежных раёнах – гэта не будзе для афіцыйнага Менску casus belli.

Паводле Лукашэнкі, «чырвоныя лініі» цяпер наогул лепш не маляваць – хто ведае, як складзецца жыццё.

«Жыццё мяняецца і лініі рухаюцца то наперад, то назад. Яны заўсёды ёсць і ў нас, і ў іх. У расейцаў і ва ўкраінцаў. Але палітычна лепш не агучваць, якія яны: жыццё гэта мяняе. «Чырвоныя лініі» для мяне – гэта поўнамаштабная агрэсія. З любога боку зараз, акрамя Расеі, натуральна», – дадаў ён.

Такім чынам, агрэсіяй будзе лічыцца толькі класічнае ўварванне, калі дзейнічаць будзе вялікія вайсковыя злучэнні праціўніка, а не проста дыверсійныя атрады. То бок фактычна ён спасылаецца на casus belli, які ў цяперашняй абстаноўцы выглядае відавочнай фантастыкай, бо Украіна і NATO не плануюць захопліваць Беларусь. Што, дарэчы, не так даўно прызнаў і сам Лукашэнка, заявіўшы падчас наведвання Гомельшчыны, што «ніхто на нас нападаць не збіраецца». Акрамя таго, такі casus belli, у адрозненні ад дыверсіяў ці памежных абстрэлаў, немагчыма імітаваць самому.

Усё гэта ўказвае на тое, што ядравы шантаж Лукашэнкі – не больш, чым блеф. Ён пагражае выкарыстаць зброю, якой не валодае, выкарыстанне якой яму ў ваенным плане будзе нявыгадна і гатовы зрабіць гэта толькі ў абсалютна нерэальных умовах.

Глеб Нержын belsat.eu

 

Стужка навінаў