У Аб’яднаным пераходным кабінеце з’явіўся кіраўнік апарату. Ім стаў палітык Валер Мацкевіч


На новую пасаду кіраўніка апарату ў Аб’яднаным пераходным кабінеце яго кіраўніца Святлана Ціханоўская прызначыла палітыка і грамадскага дзеяча Валера Мацкевіча.

Святлана Ціханоўская і Валер Мацкевіч.
Фота: Аб’яднаны пераходны кабінет/Telegram

Валер Мацкевіч у беларускім палітычным працэсе з – 1999 года. У свой час быў намеснікам старшыні арганізацыі «Малады фронт».

Мае досвед супрацы з міжнароднымі арганізацыямі і палітычнымі структурамі. Працаваў з амбасадамі Еўразвязу і ЗША ў Менску. Каардынаваў мабілізацыйныя кампаніі падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001, 2006, 2010 гадоў. У 2007-м балатаваўся ў мясцовыя саветы дэпутатаў.

Падчас перадвыбарчай кампаніі 2020 года кіраваў адною са стратэгічна-аналітычных групаў у аб’яднаным штабе Святланы Ціханоўскай. Адразу пасля выбараў прайшоў праз Жодзінскую турму і ізалятар на Акрэсціна.

Hавiны
«Падкажам, накіруем і выслухаем». Беларускія дэмакратычныя сілы ствараюць сваё «Адно акно» – што яно будзе рабіць?
2023.10.27 08:52

Сябра Каардынацыйнай рады з пачатку яе стварэння, з восені 2020 года. У складзе КР першага склікання займаў пасаду прадстаўніка ў пытаннях узаемадзеяння з праграмай ЕЗ «Усходняе партнёрства». Быў адказным за стратэгічнае планаванне і каардынацыю ў Народным антыкрызісным упраўленні.

Працаваў над рэформаю КР у складзе спецыяльнай камісіі, быў адным з яе спікераў.

Валер Мацкевіч пракаментаваў сваё прызначэнне:

«Перад Кабінетам як асноўным выканаўчым органам дэмакратычных сілаў Беларусі стаіць вельмі адказная задача ў рэалізацыі стратэгіі, якая мусіць забяспечыць набліжэнне транзіту ўлады ад злачыннага рэжыму да законнай і дэмакратычнай улады. Кабінет фактычна ўсё больш выконвае ролю альтэрнатыўнага ўраду. І тут я кажу не толькі пра прадстаўнічую функцыю – пабудову высокаўзроўневых стасункаў на міжнародным полі, што безумоўна вельмі важна, але ў гэтым выпадку найперш пра распрацоўванне такіх глабальных і сацыяльна значных праектаў, як нацыянальны пашпарт ці, напрыклад, інфармацыйна-кансультацыйная служба «Адно акно».

Як кіраўнік апарату Валер Мацкевіч бачыць сваёй асноўнаю місіяй «арганізацыю працы Кабінету як зладжанага механізму, які мае супольныя прыярытэты і адзіную мэту – незалежную дэмакратычную Беларусь без палітзняволеных і з легітымнай уладай».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў