Як кіраўніка экстрэмісцкага фармавання будуць судзіць 20-гадовага адміністратара тэлеграм-каналу


Абвінавачаны ў кіраванні тэлеграм-каналам, які быў прызнаны міліцыяй экстрэмісцкім фармаваннем, – ураджэнец Горадні, яму 20 гадоў, паведамляецца на афіцыйным сайце Следчага камітэту Беларусі. Імя маладзёна не называецца, гэтак жа, як і тэлеграм-канал, які ён нібыта адміністраваў. Хлопцу пагражае да сямі гадоў турмы.

Як кіраўніка экстрэмісцкага фармавання ў Менску будуць судзіць 20-гадовага адміністратара тэлеграм-каналу.
Фота: Следчы камітэт Беларусі

Паводле Ўпраўлення Следчага камітэту па Менску, гарадзенец з жніўня 2020 году па сакавік 2021-га адміністраваў адзін з буйнейшых тэлеграм-каналаў, прызнаных на тэрыторыі Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем, і чат, які аб’ядноўваў студэнтаў «спецыялізаванага факультэту ВНУ краіны».

Абвінавачванне сцвярджае, што хлопец «кіраваў экстрэмісцкім фармаваннем, фармаваў ягоны склад, размяркоўваў ролі, вёў кантроль па інфармацыйным напаўненні рэсурсу і арганізоўваў удзел ягоных чальцоў у акцыях пратэсту». Гарадзенец нібыта «навучаў спосабам непадпарадкавання законным патрабаванням праваахоўнікаў, пераконваў у здзяйсненні канкрэтных супрацьпраўных дзеянняў і распаўсюджваў інфармацыю пра месца збору ўдзельнікаў чату», а таксама «прымаў меры па згуртаванні і павелічэнні колькасці супольнасцяў – падтрымліваў іх маральна ў гутарках прыватнага характару, арганізоўваў правядзенне сумеснага вольнага часу, у тым ліку шляхам сумеснага распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў і пратэстнай сімволікі, фармуючы ў асобаў гатоўнасць і жаданне ўдзельнічаць у супрацьзаконных дзеяннях <…>, а таксама ствараў у грамадзянаў пратэстны настрой».

Маладзёна абвінавачваюць таксама ў тым, што 25 кастрычніка мінулага году ў Менску ён ігнараваў патрабаванні міліцыянтаў, парушаў грамадскі парадак і выкрыкваў пратэстныя лозунгі, а таксама наўмысна блакаваў шляхі транспартных камунікацыяў. Меў пры сабе сцяг, які выкарыстоўваў як пратэстны сімвал.

Гарадзенца будуць судзіць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: ч.ч.1,2 арт.342 – «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», ч.1 арт.361-1 – «Кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем». Па другім артыкуле санкцыя – да сямі гадоў турмы.

Хлопец знаходзіцца пад вартай. Матэрыялы справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў