Узбекістан дапамог «Горадня Азоту» абысці санкцыі Еўразвязу – Беларускі расследавальніцкі цэнтр


Нягледзячы на санкцыі, прадукцыя «Горадня Азоту» трапляе на рынак Еўразвязу, заяўляе Беларускі расследавальніцкі цэнтр. У гэтым, паводле новага расследавання, дапамагае Узбекістан: узбекскі карбамід на еўрапейскім рынку насамрэч мае беларускае паходжанне.

«Гродна Азот»
Будынак заводу «Горадня Азот». Горадня, Беларусь.
Фота: Azot.by

Матэрыялы расследавання, апублікаванага 27 верасня, рыхтаваў Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ) у партнёрстве з Літоўскім расследавальніцкім цэнтрам «Siena» пры падтрыманні ініцыятывы «Рабочы рух», Цэнтру расследавальніцкай журналістыкі Сербіі CINS і «Кіберпартызанаў».

Карбамід або мачавіна – гэта дыямід вугальнай кіслаты, распаўсюджанае мінеральнае ўгнаенне. На яго долю да ўвядзення санкцыяў прыпадала 40 % экспарту мінеральных азотных угнаенняў з Беларусі ў Еўразвяз. Продаж працягваецца і цяпер: толькі за першую палову 2023 года, паводле Еўрастату, у Еўразвяз з Беларусі імпартавалі 7,8 тысячы тонаў карбаміду на суму € 3,7 млн.

Еўразвяз увёў санкцыі супраць «Горадня Азоту» ў снежні 2021 года за палітычныя рэпрэсіі – звальненні працаўнікоў за ўдзел у пратэстах – і за фінансаванне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Але санкцыі ўвялі не супраць усіх вытворцаў угнаенняў з Беларусі.

Ці ёсць у прададзеным у Еўразвяз карбамідзе прадукцыя «Горадня Азоту», дакладна невядома, але прадстаўнік Рабочага руху Юрый Рававы сцвярджае, што карбамід у Беларусі вырабляе толькі «Горадня Азот» і ніхто іншы, а незаўважна пабудаваць новую вытворчасць карбаміду даволі складана.

Каментар
Фірмы-пракладкі і адкрытая кантрабанда. Як Беларусь абыходзіць санкцыі
2023.03.12 10:52

Адметна, што адначасова са зніжэннем паставак у Еўразвяз карбаміду з Беларусі аднавілася пастаўкі яго з Узбекістану (іх да таго не было з 2017 года), аб’ёмы ўзбекскіх паставак хутка дасягнулі ранейшага аб’ёму беларускіх. БРЦ заяўляе, што ўзбекскі карбамід насамрэч беларускі.

Расследавальнікі атрымалі кантракт, паводле якога беларускае дзяржаўнае прадпрыемства «Грыком» (якое ўжо фігуравала ў ранейшым расследаванні аб продажы азотных угнаенняў у абыход санкцыяў) прадае айчынны карбамід узбекскай фірме «Wakler Exim», пазней перайменаванай у «Dunger».

Але, згодна дадатку да дамовы, пастаўляюць беларускую прадукцыю не для Узбекістану (які інвеставаў вялікія грошы ва ўласную вытворчасць азотных угнаенняў, у тым ліку карбаміду), а для сербскай фірмы «Walker». Загружалі карбамід, згодна акту прыёму-перадачы тавару, на чыгуначнай станцыі Аульс блізу «Горадня Азоту».

З абодвума «Ўолкерамі», узбекскім і сербскім, звязаны ўкраінскі бізнесовец Аляксандр Караніцын: ён валодае 45 % сербскай кампаніі «Walker» і 100 % узбекскай «Dunger» (былы «Walker Exim» праз эмірацкую «Walker FZE»). Акрамя таго, былы дырэктар «Dunger» Алімжон Саідаў цяпер узначальвае іншую фірму, «Dunger Navoiy», якая рэгістравала пастаўкі ад «Грыком» і якая часткова належыць адной з кампаніяў узбекскага дзяржаўнага холдынгу «Узкімёсанаат», а часткова – кампаніі СБПМ, ад якой сляды вядуць да згаданага Караніцына і ягонага партнёра, грамадзяніна Украіны Яўгенія Вараб’ёва.

Аналітыка
Расследавальнікі знайшлі новыя схемы, паводле якіх «Горадня Азот» абыходзіць санкцыі
2023.09.15 19:51

З «узбекска-беларускімі» ўгнаеннямі звязаныя таксама літоўскія кампаніі, працягвае БРЦ.

Так, нібыта ўзбекскі карбамід у Літву ў траўні 2023 года ўвозіла беларуская кампанія «Славянскі Альянс 2020», якая належыць былому супрацоўніку Камітэту дзяржаўнага кантролю Аляксею Нікіціну і займаецца аптовым гандлем яйкамі, малочнай прадукцыяй і іншымі харчовымі прадуктамі. А атрымала ад яе калій літоўская «UAB Gerta Baltic», якая займаецца нібыта продажам мяса.

Іншую партыю нібыта ўзбекскага карбаміду ў Літве купіла кампанія «Milca Baltija», якой валодае 23-гадовы беларус Раман Семяненя і якая цяпер збанкрутавала пасля скаргаў працаўнікоў на нявыплату заробкаў. У мытнай дэкларацыі сцвярджаецца, што «Milca Baltija» купіла карбамід у дзяржаўнага ўзбекскага Дэхканабацкага калійнага заводу, але той не вырабляе азотных угнаенняў, а адпраўлялі прадукцыю гэтага заводу чамусьці з беларускай Ліды. Да таго ж у сертыфікаце якасці на прадукт смешная памылка: замест масавай долі біўрэту (кіслаты з элементаў азоту) пазначаная «масавая доля бюрэткі» (лабараторнага посуду).

Таксама ў Літву прадавала беларускую карбаміда-аміячную сумесь зарэгістраваная ў 2022 годзе беларуская кампанія «ГлобалДэТры». Рававы з Рабочага руху адзначае, што ўсё звязанае з аміякам у Беларусі таксама вырабляецца толькі на «Горадня Азоце». БРЦ атрымаў дакументы, якая пацвярджаюць, што «ГлобалДэТры» сапраўды закупляў карбамідна-аміячную сумесь у «Горадня Азоту», але дырэктар «ГлобалДэТры» Дзмітрый Пятрунін у тэлефоннай размове запэўніваў, што ў Еўразвяз прадавалі тое, што вырабілі самастойна і без удзелу «Горадня Азоту». Іншыя згаданыя ў расследаванні не адказалі на пытанні БРЦ.

Hавiны
Літоўскі бізнесмен прызнаўся, што дапамагаў «Горадня Азоту» абыходзіць санкцыі ЕЗ
2023.03.07 20:46

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў