У Расеі 20-гадовы прызыўнік ускрыў вены ў ваенкамаце


У Сыктыўкары 20-гадовы прызыўнік ускрыў сабе вены на вачах супрацоўнікаў ваенкамата, піша тэлеграм-канал «7*7». У Міністэрстве аховы здароўя ягоны ўчынак назвалі «шантажом».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Kirill Kukhmar / TASS / Forum

Хлопец прыйшоў па позве восеньскага прызыву разам з маці. Відавочцы паведамляюць, што ён страціў шмат крыві.

Міністэрства аховы здароўя рэспублікі Комі пацвердзіла тое, што адбылося, аднак на іх думку, хлопец спрабаваў ускрыць вены лязом дзеля «шантажу». У чым канкрэтна заключаўся шантаж – не растлумачылі. Цяпер прызыўнік знаходзіцца ў псіхіятрычным шпіталі ў здавальняючым стане.

Раней, 6 снежня, паведамлялася аб гібелі мабілізаванага ў цэнтры Мінабароны ў Свярдлоўскай вобласці. Гэта ўжо пяты выпадак смерці мабілізаванага ў рэгіёне. Таксама месяц таму мабілізаваны прастрэліў сабе нагу ў навучальным цэнтры Новасібірску, каб не ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў