Як дэмакратычныя сілы Беларусі дапамогуць Украіне ў вяртанні дэпартаваных дзяцей. Расказвае Латушка


У Беларусь працягваюць прывозіць дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны – дзяржаўныя медыі Беларусі гэтым хваляцца і кажуць, што гэта добраахвотна і на лячэнне. Латушка тлумачыць, што гэта, імаверна, ваеннае злачынства: дзяцей могуць вывозіць без згоды бацькоў ці законных прадстаўнікоў з украінскага боку. І беларусы могуць дапамагчы Украіне ў вяртанні незаконна дэпартаваных дзяцей.

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў эфіры «Студыі «Белсат» кажа, што ўлады Беларусі і Расеі збіраюцца прывозіць украінскіх дзяцей не толькі ў лагер «Дубрава», пра які распавядаюць прапагандысты, але і ў іншыя месцы ў Беларусі. Дакладнай інфармацыі аб тым, колькі ўкраінскіх дзяцей цяпер на тэрыторыі Беларусі, няма, як кажа Латушка, ды вядома, што ў мінулым годзе іх было 1050, чарговая група з 350 дзяцей прыехала 4 красавіка, і самі ўлады кажуць, што ёсць планы дэпартаваць з Украіны яшчэ тысячу дзяцей.

Арганізацыяй прыезду і побыту ў аздараўленчым лагеры «Дубрава» ў Салігорскім раёне займаецца фонд Аляксея Талая пры падтрыманні ААТ «Беларуськалій» і «Саюзнай дзяржавы». Латушка падкрэслівае, што Талай толькі ўдзельнічае ў гэтым, але на чале працэсу стаіць асабіста Аляксандр Лукашэнка, які прымаў і падпісваў адпаведныя рашэнні ў межах «Саюзнай дзяржавы» – ёсць дакументы і шмат іншых сведчанняў, якія гэта пацвярджаюць.

Латушка бачыць у гэтым выразныя прыкметы ваенных злачынстваў на акупаваных тэрыторыях Украіны пры поўным падтрыманні беларускай дзяржавы:

«Чамусьці хтосьці вырашае іхны лёс на будучыню: у якой краіне яны будуць жыць, якое грамадзянства яны будуць мець, якой мовай яны павінны размаўляць… – кажа Латушка пра вывезеных з Украіны дзяцей. – Гэтага не мае права рабіць ні Аляксей Талай, ні Аляксандр Лукашэнка. Гэта ўсё ёсць ваенным злачынствам».

Ён тлумачыць, што вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у іншыя краіны можа быць законным у пэўных выпадках:

  • дзеці, якія выязджаюць з бацькамі;
  • дзеці, якія выязджаюць без бацькоў паводле рашэння ўпаўнаважаных асобаў, і ў гэтым выпадку вызначаць упаўнаважаных асобаў мусіць дзяржава грамадзянства дзяцей – Украіна;
  • дзеці-сіроты, якія не могуць самастойна прымаць рашэнні, і за іх прымаць рашэнні мусіць дзяржава іхнага грамадзянства – Украіна.

На кадрах дзяржаўных медыяў не відаць, каб дзеці прыязджалі ў Беларусь з бацькамі. Украіна не давала згоды на вываз у Беларусь дзяцей-сіротаў і дзяцей, разлучаных з бацькамі.  Ёсць падставы лічыць, што дзяцей вывозілі з Украіны без згоды бацькоў ці законных прадстаўнікоў або проста падманам. Ёсць сведчанні аб выкраданні ад саміх дзяцей з вызваленых тэрыторыяў. Менавіта за выкраданне дзяцей з Украіны Міжнародны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна.

Аб’ектыў
Ці чакае Пуціна Гаага?
2023.03.18 22:40

Злачынствы з вывазам дзяцей з акупаваных тэрыторыяў былі вельмі масавымі ў часе Другой сусветнай вайны, нагадвае Латушка, у тым ліку нацысты вывозілі беларускіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Беларусі. Таму правы дзяцей у часе вайны падрабязна распісалі ў 1949 годзе ў Чацвёртай Жэнеўскай канвенцыі (якую ратыфікаваў СССР і ў якой працягваюць удзел Беларусь і Расея).

Дзяржава, на якую напалі, цалкам можа прымусова эвакуяваць сваіх дзяцей з небяспечных тэрыторыяў у суправаджэнні бацькоў ці асобаў, якія іх замяняюць. Бацькі могуць самі выбіраць, на якую бяспечную тэрыторыю эвакуявацца з дзецьмі. Але дзяцей, якія былі разлучаныя з бацькамі ці засталіся сіротамі, нельга дэпартаваць на тэрыторыю дзяржавы-нападніка, а вывозіць у трэцюю краіну можна толькі тады, калі гэтая краіна нейтральная і толькі са згоды дзяржавы іхнага грамадзянства – і пажадана, каб выхаванне такіх дзяцей праводзілі людзі «тых жа культурных традыцыяў». Мяняць грамадзянскі статус гэтых дзяцей, то бок усынаўляць і ўдачараць, строга забаронена.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Данбасу і Запарожжа прыехалі «на аздараўленне» ў Беларусь. 25 красавіка 2023 года.
Фота: Алексей Талай / vk.com

Беларусь зусім не нейтральная краіна ў вайне ва Украіне: Латушка нагадвае, што Расея пры падтрыманні рэжыму Лукашэнкі (і насуперак міжнароднаму праву) напала на Украіну і стварыла невыносныя ўмовы тым самым дзецям. Рэжым Лукашэнкі заяўляе, што будзе адукоўваць вывезеных дзяцей, хоць украінскіх школаў у Беларусі фактычна няма. Латушка ўпэўнены, што дзяцей будуць выхоўваць «у антыўкраінскай рыторыцы».

Латушка расказвае, што на тэму вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь размаўлялі і з еўрапейскімі, і з амерыканскімі дыпламатамі:

«Зацікаўленасць ёсць, і напэўна, усе чакаюць адпаведнай справаздачы, якую мы рыхтуем, – расказвае Латушка. – Нам ужо ўдалося высветліць як мінімум тры месцы, куды вывозяць дзяцей на тэрыторыі Беларусі. Украінскія праваабаронцы кажуць, што можна казаць пра чатыры-пяць месцаў, называюць ужо дакладныя лічбы, якія таксама і прапаганда выкарыстоўвае».

Ён дадае, што Украіне збіраюцца перадаць не толькі апісанне схемаў вывазу, але і базу фота- і відэаматэрыялаў, каб можна было высветліць асобы дзяцей: вельмі часта дзеці прыязджаюць з дакументамі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» або расейскімі пашпартамі, Лукашэнка можа нават пачаць выдаваць ім беларускія пашпарты. Інфармацыю пра вывезеных дзяцей беларусы пачалі актыўна перадаваць дэмакратычным сілам праз сацыяльныя сеткі і канфідэнцыйныя каналы.

Прымаць прававыя рашэнні адносна незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей могуць толькі Украіна і Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, кажа Латушка. І хоць Лукашэнка не падпісаў Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суда, Украіна распаўсюдзіла юрысдыкцыю гэтага суда на сваю тэрыторыю адносна ваенных злачынстваў. Гэта значыць, рэзюмуе Латушка, што Міжнародны крымінальны суд можа выдаць ордар на арышт удзельнікаў ваенных злачынстваў на тэрыторыі Украіны – у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі.

Каментар
Экс-упаўнаважаны па правах дзяцей ва Украіне: Лукашэнку можа быць выпісаны ордар на арышт за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей
2023.04.10 23:43

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў