Экспарт упаў у два разы: што Польшча ўсё яшчэ купляе ў Беларусі


Інфармацыю аб знешнім гандлі за 2023 год апублікавала Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы. Па дадзеных польскага статведамства, імпарт тавараў з Беларусі па выніках 2023 года склаў 455,5 млн еўра. Для параўнання: у 2022 годзе ўвоз тавараў у Польшчу з нашай краіны быў на ўзроўні 1041,8 млн еўра, піша Myfin.by.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

У многім скарачэнне імпарту абумоўлена санкцыямі, уведзенымі Еўрапейскім звязам. Нагадаем, у 2022 годзе ЕЗ увёў забарону на пастаўкі з РБ у Еўразвяз драўніны і вырабаў з яе, чыгуну і сталі, гумавых вырабаў і іншых пазіцый.

У студзені – снежні 2023 года найбольшы аб’ём імпарту ў Польшчу з Беларусі (у вартасным выражэнні) быў адзначаны па наступных таварных раздзелах:

  • прадукцыя хімічнай і звязаных з ёй галін прамысловасці – 74,8 млн (у 2022 г. – 151,8 млн);
  • розныя прамысловыя тавары – 71,6 млн еўра (у 2022 г. – 99,7 млн еўра);
  • вырабы з каменю, гіпсу, цэменту, азбесту, лушчаку або аналагічных матэрыялаў; керамічныя вырабы; шкло і вырабы з яго – 59,4 млн (у 2022 г. – 58,6 млн еўра).

Імпарт па раздзеле «Гатовыя харчовыя прадукты; алкагольныя і безалкагольныя напоі і воцат; тытунь і яго заменнікі» склаў 41,2 млн еўра і павялічыўся ў адносінах да 2022 года на 20,6 млн еўра.

Увоз з Беларусі тэкстыльных матэрыялаў і вырабаў скараціўся з 22,6 млн еўра ў 2022 годзе да 20 млн еўра ў 2023 годзе, прадуктаў расліннага паходжання – з 23,7 млн еўра да 19,7 млн еўра, мінеральных прадуктаў – з 44,9 млн еўра да 16,8 млн еўра.

Прыкметна асеў імпарт некаштоўных металаў і вырабаў з іх. Па выніках 2023 года ён склаў 12,6 млн еўра, а ў 2022 годзе быў на ўзроўні 118,3 млн еўра.

Акрамя таго, сышоў у мінус і яшчэ адзін таварны раздзел – «Тлушчы і масла жывёльнага ці расліннага паходжання і прадукты іх расшчаплення; гатовыя харчовыя тлушчы». Імпарт у 2022 годзе складаў 127,1 млн еўра, у 2023 годзе – толькі 14,9 млн еўра.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў