Украіна пачне будаўніцтва 4 новых ядравых рэактараў у 2024 годзе


Украіна збіраецца пачаць будаўніцтва чатырох новых ядравых энергетычных рэактараў летам ці восенню гэтага года. Пра гэта агенцтву Reuters распавёў міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка.

Хмяльніцкая АЭС, дзе плануецца пачаць будаўніцтва.
Фота: uatom.org

Тлумачыцца гэта тым, што краіна спрабуе кампенсаваць страты энергетычных магутнасцяў праз расейскую агрэсію.

Два блокі, якія ўключаюць рэактары і спадарожнае абсталяванне, будуць заснаваныя на абсталяванні расейскай вытворчасці, якое Украіна хоча імпартаваць з Балгарыі. Два іншыя блокі будуць выкарыстоўваць заходнія тэхналогіі.

Усе чатыры рэактары будуць пабудаваныя на Хмяльніцкай атамнай электрастанцыі на Захадзе Украіны, паведаміў Герман Галушчанка.

«Я думаю [мы пачнем будаўніцтва] летам – восенню», – сказаў Галушчанка.

З 1991 года Украіна пабудавала тры новыя ядравых рэактары – па адным на Запарожскай, Хмяльніцкай і Ровенскай атамных станцыях.

Сёння тры атамныя электрастанцыі на тэрыторыі, якая кантралюецца Украінай, вырабляюць больш за 55% электраэнергіі ў краіне.

Запарожская АЭС, самая буйная ў Еўропе, знаходзіцца на акупаванай тэрыторыі. Расея атрымала кантроль над гэтым аб’ектам пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў пачатку 2022 года. Шэсць ядравых рэактараў Запарожскай АЭС цяпер прастойваюць. Ад пачатку акупацыі Запарожская АЭС стала асабліва небяспечнай кропкай і прадметам шантажу з боку расейскіх уладаў.

Hавiны
У выпадку выбуху на Запарожскай АЭС пацярпяць пяць краінаў Еўропы
2023.08.02 21:27

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў