news
Агляд
Рэпрэсіі, самацэнзура і «закон». Якім быў 2023 год для беларускіх вернікаў і чаго чакаць у 2024-м
Налета беларускія цэрквы чакае масавая перарэгістрацыя.
24.12.202307:02

2023 год быў важным для рэлігійных арганізацыяў. З аднаго боку, узніклі разнастайныя рэлігійныя ўстановы і інстытуты, якіх не было раней, – як у Беларусі, гэтак і ў дыяспары. З другога боку, не спыняўся, а можа, нават і ўзмацніўся ціск з боку ўладаў на вернікаў і святароў. Больш за тое, рыхтуюцца змены ў закон аб рэлігіі на 2024 год, якія могуць істотна абцяжарыць жыццё вернікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Асвячэнне страваў на велікодны стол у касцёле Святога Францішка ў Новай Баравой. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Стварэнне новых структураў

Сёлета ў эміграцыі, у Вільні, паўстаў новы беларускі праваслаўны прыход, незалежны ад Маскоўскага патрыярхату. Яго заснавалі протаіерэй Георгій Рой і іерэй Аляксандр Кухта, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь з прычыны пераследу. Святары выехалі ў Літву, дзе разам з літоўскімі праваслаўнымі святарамі, якія таксама пакінулі РПЦ, далучыліся да Канстантынопальскага патрыярхату. Варта адзначыць, што гэта не першыя святары з Беларусі ў Сусветным патрыярхаце.

Новую структуру заснавалі і для беларускіх грэка-каталікоў. Папа Рымскі Францішак утварыў Апостальскую адміністратуру для каталікоў візантыйскага абраду ў Беларусі і адначасова прызначыў архімандрыта Сяргея Гаека яе ардынарыем. Афіцыйна яна пачала дзеяць 15 ліпеня. Сваім рашэннем Ватыкан падвысіў статус беларускіх грэка-каталікоў і даў магчымасць высвячэння для іх уласнага біскупа, якога няма з 1986 года. Праўда, гэтаму супрацьстаіць мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін, які ўзначальвае Беларускі экзархат РПЦ.

З’явіліся свае афіцыйныя душпастыры і ў беларускіх каталікоў у Польшчы. Першым з іх стаўся ксёндз Пётр Врубэль, які апякуецца беларусамі на тэрыторыі Гданьскай архідыяцэзіі. Таксама душпастыры для беларусаў былі прызначаныя ў Познані і Беластоку. Апроч таго, імшы па-беларуску праходзяць у Варшаве, Кракаве, Вроцлаве, Любліне і Лодзі.

У самой Беларусі тым часам узнікаюць раней невядомыя рэлігійныя арганізацыі, напрыклад, «Расейская праваслаўная царква – Царская Імперыя». Паводле медыяў, яе паслядоўнікі жывуць у Гарадоцкім раёне, а таксама недзе паміж Скідзелем і Мастамі. Сталых прыхаджанаў там каля дзесяці. Большасць з іх раней цікавілася эзатэрыкай, належала да каляправаслаўных культаў ды «грамадзянаў СССР» – руху, што не прызнае распаду Савецкага Саюзу і дзяржаваў, якія ўзніклі замест яго. Свайму лідару яны клянуцца «служыць да апошняй кроплі крыві», не прызнаюць дзейную ўладу прэзідэнта, называючы яго антыхрыстам.

Адабраныя і разбураныя святыні

У Менску ўжо больш як год стаіць зачыненым адзін з галоўных сімвалаў беларускай сталіцы – Чырвоны касцёл. Фармальная нагода закрыцця – вельмі падазроны пажар 26 верасня 2022 года, што амаль нічога не пашкодзіў. І хоць рамонтныя працы ў касцёле не ідуць, у святыню дагэтуль не пускаюць ані святароў, ані вернікаў. Працы ў касцёле ўлады плануюць пачаць толькі ў наступным, 2024 годзе. А калі скончаць і пусцяць туды вернікаў – невядома. Існуе версія, што ўлады такім чынам чакаюць 8 ліпеня, калі споўніцца 75 гадоў пробашчу Чырвонага касцёлу Уладзіславу Завальнюку і яго, паводле касцельнага права, змогуць адправіць на пенсію.

Інтэрв’ю
«Царква павінна паказаць, што белае, а што чорнае». Вялікае інтэрв’ю з пастарам царквы «Новае жыццё», у якой забралі будынак
2021.04.04 17:07

Таксама сёлета ў Менску была знішчаная пратэстанцкая царква «Новае жыццё». Яе будынак канфіскавалі яшчэ ў лютым 2021 года пасля таго, як вернікі апублікавалі відэазварот супраць гвалту ў дачыненні пратэстоўцаў. Доўгі час чальцы царквы маліліся на паркоўцы ля будынку, але ўлетку 2022-га ім гэта рабіць забаранілі. А 20 чэрвеня 2023 года будынак царквы быў знесены бульдозерамі. 17 кастрычніка Менскі гарадскі суд вынес рашэнне аб ліквідацыі царквы «Новае жыццё».

Затрыманні святароў і пастараў

Вернікі і святары беларускіх канфесіяў працягвалі сутыкацца з пераследам у 2023 годзе. Прычым рэпрэсавалі іх незалежна ад канфесійнай прыналежнасці. Гэтак, з затрыманнямі, збіццём, арыштамі або штрафамі за нязгоду з палітыкай уладаў або вайной ва Украіне сутыкаліся праваслаўныя (Дзіянісій Карасцялёў, Андрэй Ноздрын), пратэстанцкія (Ілля Будай, Іван Вялічка, Вячаслаў Ганчарэнка, Аляксандр Герасімовіч, Аляксандр Зарэцкі, Дзяніс Камягін, Барыс Лапшын, Андрэй і Вера Мамойкі, Аляксандр Плотнікаў, Вадзім Сафонаў, Васіль Трубчык, Сяргей Удальёў, Аляксандр Цырыкаў, Аляксандр Яшнікаў), рымска- і грэка-каталіцкія (Антоні Адамовіч, Вячаслаў Адамовіч, Валерый Доўгуль, Юрый Жэгарын, Андрэй Кулік, Мікалай Ліпскі, Вячаслаў Пялінак, Юрый Рашатко, Аляксандр Шаўцоў, Яўген Учкуроніс) духоўныя асобы.

Аналітыка
Пры ператрусе ксяндзоў білі, застаўся сіняк. Што вядома пра рэйд у менскую архікатэдру
2023.07.21 17:33

Шмат святароў з прычыны рэпрэсіяў былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Некаторыя з іх пасля заняліся духоўнай апекай беларускай дыяспары за мяжой.

Некаторыя святары пасля цкавання з боку прадстаўнікоў і памагатых рэжыму страчвалі свае пасады. З гэтым, напрыклад, сутыкнуліся былы сакратар Гарадзенскай праваслаўнай епархіі Анатоль Ненартовіч і былы пробашч архікатэдральнага касцёлу ў Менску Антоні Клімантовіч.

Агулам з 2020 года з пераследам у Беларусі сутыкнуліся 70 святароў. Ацаніць маштаб рэпрэсіяў у дачыненні простых вернікаў наўрад ці магчыма.

Крымінальная справа

16 лістапада ў Валожыне быў затрыманы пробашч рымска-каталіцкай парафіі Святога Юзафа ксёндз Генрых Акалатовіч, які сутыкаўся з рэпрэсіямі яшчэ за савецкіх часоў. У чым вінавацяць святара, невядома, але, паводле непацверджаных звестак, гаворка можа ісці пра крымінальнае абвінавачанне нібыта ў здрадзе дзяржаве.

У такім выпадку 63-гадоваму святару, які перанёс інфаркт і якому нядаўна зрабілі аперацыю на страўніку ў сувязі з анкалагічнай хваробай, пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Аналітыка
«Прашу запісаць у пратаколе: я – шпіён Божы». Як ксяндзоў вінавацяць у здрадзе дзяржаве
2023.12.04 07:20

Таксама з 1 снежня 2020 года за кратамі разам з жонкай і сынам застаецца праваслаўны святар Сяргей Рэзановіч. Сям’ю абвінавацілі ў рыхтаванні да акту тэрарызму. Святару прысудзілі 16 гадоў калоніі, ягонай жонцы – 15, а сыну – 19.

Скандальныя рыцары

Але часам беларускія святары, наадварот, дапамагалі рэжыму абыходзіць санкцыі. Сёлета працягнуўся скандал, што ўзнік перад самым новым годам. Як высветліла «Хрысціянская візія», у пачатку лістапада 2022 года ў менскім архікатэдральным касцёле быў пасвечаны ў рыцары папскага Ордэну Святога Рыгора Вялікага «гаманец Лукашэнкі» Аляксандр Зайцаў, які з 2021 года застаецца пад санкцыямі Еўразвязу.

Рабочы рух у сваім расследаванні сцвярджае, што наданне рыцарскага тытулу Зайцаву пралабіяваў ксёндз Ігар Лашук. Ён у верасні 2021 года таксама заснаваў кампанію ТАА «АЛІС МА», на якую перапісалі частку маёмасці кампаніі Зайцава «Брэміна груп», у тым ліку аэрадром «Ворша» ў паселішчы Балбасава. Гэта дапамагло вывесці аэрадром з-пад еўрапейскіх санкцыяў. Сам ксёндз не здолеў выразна патлумачыць, як зрабіўся ўладальнікам кампаніі, звязанай з «Брэміна груп».

Адзначым, што ў красавіку 2022 года святара прызналі вінаватым у распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і пакаралі штрафам памерам 960 рублёў.

Вернікі-«экстрэмісты»

2023 год прынёс беларускім вернікам, якія публічна выступаюць з крытыкай рэжыму, хвалю абвінавачанняў у экстрэмізме. Пачалося ўсё яшчэ летась, напярэдадні Новага году, калі экстрэмісцкім прызналі сайт грэка-каталіцкай газеты «Царква». У жніўні «экстрэмісцкімі» сталіся сайт і сацсеткі царквы «Новае жыццё». А ў кастрычніку статус экстрэмісцкага атрымаў і тэлеграм-канал Беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні.

За сустрэчай вернікаў пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» назірае міліцыя. Менск, Беларусь. 21 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Таксама сёлета экстрэмісцкімі прызналі рэсурсы праваабарончай ініцыятывы «Хрысціянская візія» і каталіцкі тэлеграм-канал «Rerum Novarum».

Новы законапраект пра рэлігію

Але найбольшыя рэпрэсіі беларускія рэлігійныя арганізацыі, відаць, чакаюць у наступным, 2024 годзе, калі маюць запрацаваць змены ў закон аб рэлігіі і рэлігійных арганізацыях. Новы закон уводзіць мноства абмежаванняў, якіх не было раней. Таксама ён істотна пашырае магчымасці для ліквідацыі рэлігійных арганізацыяў, а афіцыйныя фармулёўкі дазваляюць вельмі шырокае трактаванне падставаў для гэтага. У прыватнасці, рэлігійныя арганізацыі можна будзе закрыць за неадпаведнасць іх дзейнасці «асноўным кірункам унутранай і вонкавай палітыкі Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды», «дыскрэдытацыю дзяржаўнай улады» або прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці. Пры гэтым дзейнасць незарэгістраваных рэлігійных арганізацыяў забараняецца і караецца тэрмінам да двух гадоў зняволення.

Кіраваць рэлігійнай арганізацыяй зможа толькі грамадзянін Беларусі, які не мае дачынення «да тэрарыстычнай, экстрэмісцкай дзейнасці» і пастаянна жыве ў краіне. А значыць, гэтага права будуць пазбаўленыя тыя рэлігійныя лідары, каго рэпрэсавалі ці вымусілі эміграваць.

Ускладняюцца і ўмовы для стварэння новых рэлігійных супольнасцяў. Гэтак, ад спісу заснавальнікаў будуць патрабаваць таксама згадак іхнага месца працы або навучання і кантактных тэлефонаў, на што могуць пагадзіцца не ўсе.

Абавязковай умовай для стварэння рэспубліканскага рэлігійнага абʼяднання будзе наяўнасць у яго складзе не менш як 15 рэлігійных суполак ува ўсіх вобласцях і Менску. Раней было дастаткова 10 суполак у большасці вобласцяў.

Вернікі сабраліся на малітву каля будынку пратэстанцкай царквы «Новае жыццё», з якога іх выселілі. Менск, Беларусь. 21 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Больш за тое, прыняцце новай версіі закону патрабуе перарэгістрацыі ўсіх рэлігійных арганізацыяў цягам года. Нават галоўны чыноўнік у пытаннях рэлігіі кажа, што працэдуру пройдуць не ўсе.

Самацэнзура – самы зручны ціск

Каардынатарка «Хрысціянскай візіі» Наталля Васілевіч адзначыла ў каментары «Белсату», што ўся рэлігійная сфера Беларусі цяпер пад вялікім ціскам пастаянных рэпрэсіяў. Але рэжым спрабуе ціснуць на святароў і пастараў «цішком», каб інфармацыя не трапляла ў медыі. Паводле эксперткі, самы зручны для рэжыму від ціску заключаецца ў тым, каб рэлігійныя арганізацыі займаліся самацэнзурай, самыя адмаўляліся ад некаторых відаў дзейнасці праз бюракратычныя цяжкасці і пры гэтым «не стваралася нейкай брутальнай карцінкі і журналістам не было пра што пісаць».

Прыняцце новага закону, на думку Наталлі Васілевіч, скіраванае на тое, каб гэты ціск з хаатычнага зрабіць сістэматычным. Экспертка чакае, што ў 2024 годзе ўсе рэлігійныя арганізацыі будуць вымушана займацца перарэгістрацыяй і перадусім думаць не пра тое, якую дзейнасць ім ажыццяўляць або як развівацца, а як «проста выжыць».

«Для гэтага трэба шмат папрацаваць метадычна. І знайсці людзей, якія будуць гатовыя свае імёны падаваць у органы», – падкрэсліла Васілевіч.

Апроч гэтага, суразмоўца чакае ўзмацнення рэпрэсіяў, у тым ліку ў выніку дадатковага правярання падчас перарэгістрацыі. Але рэпрэсіі будуць «не вострымі, а хранічнымі». Васілевіч прадказвае, што чыноўнікі на месцах створаць адмысловыя камісіі, якія ўсіх заснавальнікаў і лідараў «будуць па спісах правяраць».

Тыя ж арганізацыі, якія не пройдуць перарэгістрацыі, будуць вымушаныя думаць, што рабіць далей, каб не застацца па-за законам. Магчыма, яны будуць задумвацца над узбуйненнем. Таксама экспертка не выключае, што можа пашырыцца рэлігійная актыўнасць, у тым ліку супольныя малітвы і набажэнствы, у інтэрнэце ў закрытых чатах, «пакуль гэты чат не знойдуць». Бо «запеленгаваць людзей, калі яны фізічна збіраюцца», усё-такі прасцей, кажа Васілевіч.

Агулам, на ейную думку, шмат будзе залежаць ад палітычнай сітуацыі ў Беларусі і ў цэлым у рэгіёне.

Аналітыка
Царква імя Лукашэнкі. Якім рэлігійным арганізацыям Беларусі падрыхтавацца да ліквідацыі
2023.10.16 18:52

Макар Мыш belsat.eu