Расследаванне: Абыходзіць санкцыі алігарху Зайцаву дапамагае ксёндз Лашук


Адзін з «гаманцоў» Аляксандра Лукашэнкі, а з нядаўняга часу і ватыканскі рыцар Аляксандр Зайцаў карыстаецца дзеля абыходу еўрапейскіх санкцыяў дапамогай свайго знаёмага – каталіцкага святара Ігара Лашука. Пра гэта сведчыць расследаванне журналістаў «Беларускага расследавальніцкага цэнтра».

Аляксандр Зайцаў і Аляксандр Лукашэнка. Скрыншот з відэа YouTube/Информационное агентство БелТА

Бізнесоўца Аляксандра Зайцава ведаюць як стваральніка кампаніі «Sohra Overseas», суўладальніка «Брэміна груп» ды футбольных клубаў. «Брэміна груп» была створаная на ўказ Аляксандра Лукашэнкі для набліжаных да яго бізнесменаў. Праз яе і звязаныя з ёй кампаніі ідзе істотная частка афіцыйнага транзіту праз Беларусь. Таксама Зайцаў меў дачыненне і да абарончых праектаў, звязаных з кампаніямі ў Беларусі, Латвіі ды ва Украіне. Пад санкцыі Еўразвязу ён трапіў у чэрвені 2021 года.

Аналітыка
«Прадзюсар» у ВПК, латышскі партнёр і фірмы ва Украіне. Распавядаем пра бізнес алігарха Зайцава ў абароннай сферы
2021.05.03 08:30

Пра тое, што Зайцаў першым у гісторыі Беларусі атрымаў ватыканскі тытул рыцара Ордэна святога Рыгора Вялікага, у снежні 2022 года пісала «Хрысціянская візія». Гэта найвышэйшая адзнака для свецкіх асобаў якая прызнаецца Папам Рымскім. Асвяціў рэгаліі і прыняў прысягу ад новага рыцара арцыбіскуп Менска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі. У мерапрыемстве ўдзельнічалі ксяндзы Ігар Лашук са Стоўбцаў і Юрый Жэгарын з Наваградка. Пра падзею не паведамлялася на афіцыйных каталіцкіх парталах.

Ксёндз Лашук адзначыў, што ведае алігарха «шмат гадоў», «ён не толькі асабіста ўзрастаў у веры, але распаўсюджваў і пашыраў веру Касцёлу тут на беларускай зямлі». А арцыбіскуп Станеўскі падкрэсліў, што сам Зайцаў не шукаў гэтай узнагароды, а «ўзнагарода шукала рыцара Аляксандра, рыцарская годнасць шукала яго».

Як пісала «Хрысціянская візія», асоба падсанкцыйнага алігарха «не згадваецца ў каталіцкіх СМІ і невядомая ў шырокім коле вернікаў». Выданне меркавала, што Зайцаў падтрымліваў некаторыя каталіцкія праекты фінансамі, у тым ліку ў пытаннях будаўніцтва.

Аднак Беларускі расследавальніцкі цэнтр выявіў больш шчыльныя стасункі Зайцава і ксяндза Лашука. Паводле БРЦ, у верасні 2021 года святар заснаваў кампанію «АЛІС МА», на якую падсанкцыйныя ўладальнікі кампаніі «Брэміна груп» перапісалі частку сваёй маёмасці. Пры тым, што займацца бізнесам каталіцкім святарам забараняе нават кананічнае права.

«Такая заява – вельмі цікавая нават для нас. Таму мы таксама ў гэтым пастараемся разабрацца», – распавёў журналістам Юрый Санько, прэс-сакратар Каталіцкага касцёлу ў Беларусі.

Сам ксёндз Лашук не здолеў выразна патлумачыць, як ён раптам стаў уладальнікам кампаніі, звязанай з «Брэміна груп». Свае сувязі з Зайцавым ён каментаваць адмовіўся.

Hавiны
Як набліжаныя да Лукашэнкі бізнесоўцы хаваюцца ад санкцыяў
2021.08.28 08:32

Пры гэтым, паводле справаздач за 2022 год «АЛІС МА», скончыла са стратамі ў 2,6 мільёна рублёў. Журналісты не выключаюць, што гэта можа быць вынікам іх расследаванняў.

Ксёндз Ігар Лашук са Стоўбцаў, з’яўляецца адным з найбольш вядомых у краіне святароў, якія спецыялізуюцца ў будаўніцтве і аднаўленні касцёлаў. У 2022 годзе яго прызналі вінаватым у распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і пакаралі штрафам 960 рублёў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў